Дзмітрый Балкунец пра камісію для вяртання беларусаў з-за мяжы: Гэта пастка!


Палітолаг Дзмітрый Балкунец выказаўся наконт стварэння ў Беларусі міжведамаснай камісіі, якая будзе разглядаць магчымасць вяртання на радзіму беларусаў, што жывуць зараз за мяжой. Стварэнне такой камісіі анансаваў 24 студзеня генпракурор Беларусі Андрэй Швед. Палітолаг называе гэта пасткай.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Фота: «РИА Новости»

«Я думаю, што гэта ні ў якім разе не выкліча масавага вяртання. Бо гэта пастка!

Гэта будзе, як мінімум, размеркаванне па бараках, у якіх усіх будуць забяспечваць неабходнай баландой, прыцягваць да грамадскай працы і перавыхоўваць. Гэта адна з задач, якія яны перад сабой ставяць», – мяркуе Дзмітрый Балкунец.

На яго погляд, Лукашэнку так няймецца апошнім часам з вяртаннем беларусаў, бо яму вельмі хочацца «перавярнуць старонку», як ён гэта бачыць, а паралельна – спыніць адток кадраў з Беларусі і аслабіць санкцыі. Бо гэтыя фактары пачынаюць, відаць, моцна ўплываць на пэўныя сферы эканомікі.

«І гэта галоўная прычына, чаму яны гэта робяць», – заўважае аналітык.

Дзмітрый Балкунец упэўнены, што людзі са здаровым розумам у «камісію па вяртанні» звяртацца не будуць, бо не маюць ужо ніякага даверу ні да сістэмы, ні да людзей, якія яе прэзентуюць.

«Гэтыя людзі заплямілі сябе крывёю. Андрэй Швед, у прыватнасці. Таму відавочна, што ніхто ў здаровым розуме звяртацца ў такую камісію не будзе. Магчыма, будуць нейкія адзінкавыя выпадкі – у кожнага свая гісторыя. На кагосьці будуць выходзіць самі «сілавікі», будуць прапаноўваць раскаяцца. Але масавага вяртання не будзе», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Каяцца павінен Лукашэнка

На думку аналітыка, Аляксандр Лукашэнка мусіць зараз пераймацца не лёсам палітычных эмігрантаў, а лёсам сваёй сям’і, да якой у выпадку ягонага сыходу ці смерці будзе шмат пытанняў – «і ніякі тата з магілы абараніць іх ужо не зможа».

«Я думаю, Лукашэнка гэта добра адчувае. І лепшым для яго было б пераступіць праз нейкія свае эгацэнтрычныя амбіцыі і ўступіць у нармальны перамоўны працэс наконт свайго сыходу і гарантыяў такога сыходу», – гаворыць Балкунец.

Палітолаг перакананы, што, калі сам Лукашэнка не пакаецца перад народам, «доля ягонай сямʼі будзе вельмі сумная». Бо, рана ці позна, беларусы вернуцца на радзіму, не запытваючы дазволаў камісіяў.

Пра стварэнне міжведамаснай камісіі, у якую, як мяркуе рэжым, будуць звяртацца беларусы, каб вярнуцца на радзіму з-за мяжы, заявіў 24 студзеня генеральны пракурор Андрэй Швед. Ён сам узначаліць такую камісію. Лукашэнка ўжо загадаў падрыхтаваць праект адпаведнага ўказу аб утварэнні такога органу. Паводле Лукашэнкі, такая камісія павінна «даць людзям шанец». Абяцаюць, што «камісія па вяртанні» запрацуе «бліжэйшым часам».

Пра стварэнне падобнай «грамадскай камісіі» Лукашэнка казаў яшчэ на пачатку 2022 года ў «пасланні беларускаму народу і парламенту». Прапаноўваў тады зрабіць сустаршынём камісіі прапагандзіста Рыгора Азаронка. На пачатку 2023 года ў каляднай прамове Лукашэнка вярнуўся да тэмы і заявіў, што «прыйшоў час зрабіць крок насустрач збеглым», але «кожны павінен адказаць за сваё».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў