WP: ЗША неаднойчы дасылалі Расеі папярэджанні аб выкарыстанні ядравай зброі


Злучаныя Штаты на працягу некалькіх месяцаў дасылалі асабістыя паведамленні ў Маскву, папярэджваючы кіраўніцтва Расеі аб сурʼёзных наступствах, якія могуць узнікнуць пасля выкарыстання ядравай зброі. Пра гэта піша «The Washington Post» са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША.

Стратэгічная ядравая ракета паветрана-касмічных сілаў Расеі.
Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны РФ/ Interfax

Паводле амерыканскіх чыноўнікаў, адміністрацыя Байдэна даслала папярэджанні аб наступствах ядравага ўдару наўмысна няпэўнымі, таму Крэмль хвалюецца адносна таго, як Вашынгтон можа адрэагаваць. У свеце ядравага стрымлівання гэта называецца «стратэгічным двоедумствам». Змест паведамленняў, а таксама тое, хто іх перадаваў, не выдаецца, але накіраваныя яны былі праз Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

WP невядома, ці даслалі Злучаныя Штаты новыя паведамленні пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін зноў агучыў ядравую пагрозу падчас прамовы 21 верасня, але высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік сказаў, што паведамленні дасылаліся апошнія месяцы рэгулярна.

Прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна падкрэслілі, што гэта не першы раз, калі расейскае кіраўніцтва пагражае прымяніць ядравую зброю з пачатку вайны 24 лютага, і заявілі, што няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея перамяшчае свой ядравы арсенал, рыхтуючыся да непазбежнага ўдару.

Суразмоўцы WP адзначаюць, што нядаўнія заявы расейскага кіраўніцтва больш канкрэтныя, чым папярэднія каментары, і зробленыя яны ў той час, калі Расея прайграе на полі бою з-за ўкраінскага контрнаступлення.

«У той час, як папярэднія заявы Крамля, здавалася, былі накіраваныя на тое, каб перасцерагчы Злучаныя Штаты і іх саюзнікаў ад занадта моцнай дапамогі Украіне, апошнія каментары Пуціна сведчаць, што Расея разглядае магчымасць выкарыстання ядравай зброі на полі бою ва Украіне, каб замарозіць свае дасягненні і прымусіць Кіеў і яго прыхільнікаў да падпарадкавання», – сказаў Дэрыл Кімбал, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі кантролю над узбраеннямі групы абароны нераспаўсюджвання ў Вашынгтоне.

«Кожны мусіць прызнаць, што гэта адзін з сурʼёзных эпізодаў за дзесяцігоддзі, калі не самы вялікі, у якім можа быць выкарыстаная ядравая зброя. Наступствы нават так званай «абмежаванай ядравай вайны» былі б цалкам катастрафічныя», – сказаў Кімбал.

ЗША больш турбуюцца пра тактычную ядравую зброю, чым стратэгічную

Шмат гадоў амерыканскія эксперты турбаваліся, што Расея можа выкарыстоўваць невялікую тактычную ядравую зброю, якую часам называюць «ядравай зброяй на полі бою», каб завяршыць звычайную вайну на яе ўмовах – стратэгію, якую часам называюць «эскалацыяй да дээскалацыі».

WP адзначае, што адміністрацыя Байдэна сутыкнецца з крызісам, калі Расея выкарыстоўвае невялікую ядравую зброю ва Украіне, якая не ёсць саюзнікам ЗША паводле дамовы. Кожны прамы ваенны адказ ЗША супраць Расеі створыць рызыку больш шырокай вайны паміж звышдзяржавамі, якія валодаюць ядравай зброяй, – пазбяганне якой адміністрацыя Байдэна зрабіла сваім прыярытэтам № 1 у палітыцы ў дачыненні Украіны.

Нагадаем, што абвяшчаючы 21 верасня “частковую мабілізацыю”, Пуцін агучыў і ядравую пагрозу. Ён казаў, што гэта краіны NATO разважаюць аб магчымасці і дапушчальнасці ўжыць супраць Расеі ядравую зброю і зброю масавага паражэння. «Тым, хто робіць такія заявы», Пуцін «нагадаў», што Расея таксама мае ядравую зброю, і «пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці, для абароны Расеі і нашага народу мы безумоўна выкарыстаем усе наяўныя сродкі», а «ружа вятроў можа павярнуцца і ў ваш бок». Ён дадаў: «Гэта не блеф».

Абноўлена
Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю
2022.09.21 10:16

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў