Ціханоўская пра сітуацыю з Карач: у мяне няма падставаў не давяраць літоўскім службам


Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы са спікеркай літоўскага Сейму Вікторыяй Чміліце-Нільсэн пракаментавала сітуацыю з адмовай Літвы даць Вользе Карач прытулак, піша LRT. Беларуская лідарка заявіла, што ў яе няма падставаў не давяраць літоўскім службам.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы са спікеркай Сейму Літвы Вікторыяй Чміліце-Нільсэн.
Фота: LRT

Абраная прэзідэнтка Беларусі зазначыла, што яна не працавала і ніколі не камунікавала з Вольгай Карач і таму не ведае ўсіх дэталяў сітуацыі.

«Я ведаю, што яна даволі негатыўна да мяне ставіцца, але няма прычынаў, каб усе мяне любілі», – кажа Ціханоўская.

Беларуская лідарка зазначыла, што калі літоўская выведка выкрывае, што хтосьці з Беларусі ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, яны павінны несці адказнасць ці быць дэпартаванымі ў адпаведнасці з міжнародным правам.

«Вольга прызнаная тэрарысткай, экстрэмісткай у Беларусі, таму яе б там пасадзілі, але з ёй трэба абыходзіцца так, як гэта прадугледжанае літоўскім і міжнародным правам… – кажа Ціханоўская. – Я мала што ведаю пра ейную дзейнасць, ведаю, што яна дапамагае ўцекачам з Беларусі».

Абноўлена
Карач дала прэс-канферэнцыю: параўнала сябе з Бяляцкім, назвала Азарава пагрозаю Літве
2023.08.22 14:08

Літва адмовіла Вользе Карач у прытулку. Кіраўніца грамадскай арганізацыі «Наш дом» заявіла, што гэта звязанае з ейным інтэрв’ю з Уладзімірам Жырыноўскім і наведваннем канферэнцыяў у Расеі. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, аднак, заявіў, што прычыны адмовы іншыя. Літоўскія СМІ пісалі, што Карач могуць падазраваць у сувязях з расейскай выведкай, аднак сама актывістка адмаўляе гэта.

Праваабаронца і кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» Вольга Карач была ўнесеная ў Беларусі ў «спіс тэрарыстаў» у верасні 2021 года, сама арганізацыя была абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем, а YouTube- і Telegram-каналы «Нашага дому» былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У снежні 2022 года лукашэнкаўскі рэжым ануляваў Вользе Карач беларускі пашпарт, пра што яна даведалася падчас спробы паляцець у Рым.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў