Прадстаўнікі «Прэс-клубу» будуць пад вартай яшчэ прынамсі два месяцы. Пра гэта ў Facebook паведаміла дачка заснавальніцы ўстановы Аляксандра Слуцкая.
Аляксандра адзначыла, што з Юліяй Слуцкай, праграмнаю дырэктаркаю «Прэс-клубу» Алаю Шарко, фінансавым дырэктарам Сяргеем Альшэўскім і аператарам Пятром Слуцкім нават не вядуць следчых дзеянняў.
«Тэрмін утрымання пад вартаю працягнулі яшчэ на 2 месяцы, да 23 чэрвеня. Вынікаў падатковага правярання няма. Нібыта шкоду, якую налічылі яшчэ ў самым пачатку, даўно пагасілі мы, сваякі. Следчых дзеянняў з мамаю, Пецем, Алай і Сяргеем не вядзецца. Яны проста сядзяць. Халодная, чорная і страшная ноч пакуль працягваецца», – распавяла Аляксандра Слуцкая.
Фігурантаў «справы «Прэс-клубу» затрымалі 22 снежня. Абвінавачанні заснавальніцы ўстановы Юліі Слуцкай, а таксама яе фінансаваму дырэктару Сяргею Альшэўскаму, праграмнай дырэктарцы Але Шарко, аператарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму былі выстаўленыя 31 снежня. Праваабаронцы патрабуюць вызвалення затрыманых.
МГ belsat.eu