На што ідуць беларусы, каб не служыць у войску. Дакументы «Кіберпартызанаў»


23 лютага прапаганда называе святам сапраўдных мужчынаў – «Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў Беларусі». З высокіх трыбунаў кажуць пра іхны высокі гонар і сумленнасць, пра велізарнае жаданне ўсіх мужчынаў прайсці вайсковую службу. Паводле расследавання Альянсу расследавальнікаў Беларусі насамрэч сітуацыя ў войску выглядае крыху інакш.

Войска, вайскоўцы.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Пасля падзеяў 2020 году і да таго невысокі прэстыж вайсковай службы абрынуўся, з тых часоў рэжыму стала значна складаней камплектаваць сілавыя ведамствы.

13 лютага на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савету рэктараў установаў вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка вымушаны быў прызнаць, што маладыя людзі не хочуць ісці служыць у войска, а тыя, каго ўдаецца прызваць – фізічна не гатовыя.

АРБ знайшоў у злітых дакументах доказы, што беларускія юнакі сапраўды не хочуць служыць, а тыя, каго ўдалося завабіць на службу абяцаннямі высокіх заробкаў, службовымі кватэрамі ці льготнымі крэдытамі, па сваіх якасцях не здольныя (і больш за тое – не маюць намеру) абараняць краіны і беларускага народу.

Пра нежаданне служыць у беларускім войску красамоўна сведчыць наступны выпадак. У Магілёўскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі са шматлікімі пашкоджаннямі левага перадплечча прывезлі шараговага тэрміновай службы вайсковай часткі 5527. Юнак не хаваў, што хацеў парэзаць сабе жылы праз нежаданне служыць.

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

На жаль, наступны выпадак скончыўся трагічна. У в/ч 300151 давялі да самагубства маладога чалавека, прызванага на вайсковую службу. Ён застрэліўся. Падрабязнае апісанне ў службовых справаздачах апошніх хвілінаў яго жыцця прымушае задумацца. У беларускім войску вайскоўцы тэрміновай службы з яшчэ не сфармаванымі псіхікай і светапоглядам, прадстаўленыя самім сабе, яны з лёгкасцю могуць атрымаць некантраляваны доступ да зброі. Абсурднасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што даведзенага да самагубства навабранца абвінавацілі ў крадзяжы кулі, якую ён пусціў сабе ў галаву. Так рэжым рабіў пробныя крокі да судоў над памерлымі.

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

Журналісты-расследавальнікі выявілі некалькі дзясяткаў іншых дакументаў пра суіцыды і членашкодніцтва сярод вайскоўцаў. Рахункі з жыццём зводзяць як вайскоўцы, прызваныя на тэрміновую службу, так і «кантрактнікі».

На вайсковым палігоне Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання павесіўся шараговец 5-й вучэбнай мотастралковай роты в/ч 39864. У Баранавічах у чужой кватэры – начальнік разліку аддзялення зенітных ракетаў в/ч 97104.

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі
Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

 

Невядома, што падштурхнула маладых людзей сысці з жыцця: Устойлівае нежаданне працягваць службу ці невыносныя пазастатутныя адносіны – прасцей кажучы, «дзедаўшчына».

Наступны прыклад пацвярджае, што ў войска прызываюць фактычна каго толькі магчыма. Улетку ў дом беларускі зайшоў акрываўлены салдацік. Жанчына выклікала міліцыю. Аказалася, што ён у складзе варты ахоўваў чыгуначны састаў, які перавозіў ваенныя грузы. Заснуў на варце і выпаў з вагону. Далей падзеі развіваліся, як у песні: «никто не заметил потери бойца», эшалон працягнуў шлях. Малодшаму сяржанту нічога не заставалася, як пешшу па рэйках крочыць да бліжэйшага населенага пункту. Расследуючы гэтую справу, міліцыя падазравала, што воіна з вагону маглі выкінуць «дзяды», але гэтай версіі не далі хады.

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі
Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

Апісанне наступных падзеяў, калі апусціць даты здарэнняў, больш падобнае да крымінальных зводак з «хвацкіх 90-х». У сваім уяўленні «абаронцы» ўсё яшчэ жывуць у тым часе, інакш немагчыма патлумачыць рабаванняў-разбояў і іншыя злачынстваў, якія яны здзяйсняюць.

У Віцебску яфрэйтар в/ч 52500 Сайкевіч абрабаваў вулічнага музыку, ягоны заробак у 12 рублёў стаў платай «за дах» або «данінай», якой рэкеціры калісьці абкладалі прадпрымальнікаў.

У Клічаве яшчэ адзін яфрэйтар з в/ч 5448 Дзмітрый Завадскі ранняй раніцай не адышоў «пасля ўчорашняга» або паспеў зноў прыняць на грудзі: у стане алкагольнага ап’янення 1,75 праміле ён вырашыў пакамандваць «грамадзянскімі».

У Бешанковічах камандзір аддзялення кіравання 2-й МСР в/ч 14398 старэйшы сяржант Яршоў у стане алкагольнага ап’янення 2,51 праміле кіраваў аўтамабілем Opel.

Падпалкоўнік Дзмітрый Шэшка і капітан Дзмітрый Паўленка з мар’інагорскай в/ч 89417, мабыць, захацелі зрабіць сюрпрыз ўсёй вайсковай частцы, упрыгожыўшы навагоднія сталы рыбнымі стравамі. Па-іншаму не патлумачыш, навошта ім спатрэбілася ноччу перавозіць амаль паўтоны браканьерскай рыбы. Вынік такой паездкі – крымінальная справа № 20126220159. Рыбкі не з’елі, але на машыне пакаталіся ды яшчэ і пасядзець давядзецца.

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі
Дакумент прадастаўлены рэдакцыі
Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

У Мар’інай Горцы – неафіцыйнай «сталіцы» сілаў спецыяльных аперацыяў – так званай эліце беларускіх узброеных сілаў, прыйшлося ствараць узмоцненыя ваенна-міліцэйскія патрулі, каб 150 вайскоўцаў урачыста адсвяткавалі «Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў Беларусі».

Дакумент прадастаўлены рэдакцыі

Праблемы, падсветленыя гэтым матэрыялам, характэрныя не толькі для узброеных сілаў – такая сітуацыя ва ўсім сілавым блоку краіны. Раней Альянс расследавальнікаў Беларусі распавядаў пра сітуацыю ў МУС, КДБ, ДФР, пракуратуры і іншых ведамствах.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтаванні матэрыялу.

Расследаванні АРБ можна глядзець на YouTube-канале.

Праца АРБ трымаецца на энтузіязме. Калі маеце магчымасць, падтрымайце нас: PayPal: arb2021@protonmail.com

belsat.eu / ЮК

Стужка навінаў