Альянс расследавальнікаў Беларусі: Супрацоўнікі КДБ, МУС і Генпракуратуры карысталіся паслугамі банды педафілаў, якую стварылі самыя сілавікі


У Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя адзначаецца рост злачынстваў на сексуальнай глебе. У Крымінальным кодэксе яны пералічаны ў раздзеле 20 («Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды») і адносяцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сумесная прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў СК, МУС і Генпракуратуры.
Фота: Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі

Асаблівую заклапочанасць выклікае павелічэнне такіх злачынстваў, як педафілія, ахвярамі якой становяцца малалетнія дзеці.

Сітуацыя настолькі складаная, што гэта ўжо не схаваць маніпуляцыяй лічбаў афіцыйнай статыстыкі Белстату, а службовыя асобы Следчага камітэту, на жаль, гавораць пра праблему як пра нешта штодзённае. Напрыклад, згодна намесніку старшыні Следчага камітэту Сяргею Аземшы, толькі цягам апошніх сямі гадоў колькасць такіх выпадкаў узрасла больш чым утрая. Задумайцеся: утрая! І гэта з улікам, што злачынствы дадзенай катэгорыі маюць высокую ступень латэнтнасці, гэта значыць у статыстыку трапляюць далёка не ўсе. Цягам 2022 году зарэгістравана больш за тысячу эпізодаў сексуальнага гвалту над дзецьмі. На практыцы сустракаюцца выпадкі, калі пацярпелымі станавіліся дзеці ва ўзросце да году. У 2022 годзе пацярпелымі ад такіх злачынстваў прызнаны 840 дзяцей, з якіх амаль палова (384) – падлеткі ва ўзросце да 14 гадоў, а пераважная большасць тых, хто сутыкнуўся з гвалтаўнікамі, – дзяўчынкі (695 або 80%). У параўнанні з 2021 годам, у 2022-м колькасць непаўналетніх пацярпелых павялічылася больш чым на 20%.

Гэта значыць, што нават паводле афіцыйнай статыстыкі ў 2022 годзе ў Беларусі ад дзеянняў педафілаў пацярпелі 1089 дзяцей (для параўнання – у 2012-м было вядома пра 38 ахвяр).

Аналітыка
Педафілы ў Беларусі не перавядуцца? Чаму расце колькасць няпоўнагадовых пацярпелых
2023.03.18 10:00

У 2022 годзе затрымана 420 педафілаў.

Альянс расследавальнікаў Беларусі правёў уласнае расследаванне, па выніках якога зроблена выснова, што праблема паўстала даўно. А адной з яе прычын як раз зʼяўляюцца высокія службовыя асобы праваахоўных органаў, якія, здавалася б, па абавязках службы абавязаны змагацца з гэтым ліхам, а на самай справе прымаюць непасрэдны ўдзел у арганізацыі «клубнічкі», разбэшчвання, а часам і проста гвалту ў адносінах малалетніх дзяцей.

Мы распавядзем, як на працягу некалькіх гадоў сярод вярхоў так званых праваахоўных органаў існавала арганізаваная кіраўніком аддзелу пракуратуры злачынная група, якая пастаўляла маленькіх дзяўчынак для сексуальнага задавальнення высокапастаўленым супрацоўнікам КДБ і МУС.

У нашым распараджэнні ёсць копія прысуду суда, але, на жаль, да адказнасці прыцягнутыя дробныя «пешкі». Гэта сведчыць пра тое, што ўжо ў сярэдзіне 2000-х гадоў лукашэнкаўскім сілавікам было «не да законаў». Суд адбыўся ў закрытым рэжыме. Мы выкладаем вытрымкі з прысуду, бо ў адпаведнасці з пунктам 8 артыкула 287 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу рашэнне суда павінна абвяшчацца публічна.

Альянс расследавальнікаў Беларусі займаецца расследаваннем і фіксацыяй злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Тут частка нашых расследаванняў аб катаваннях і здзеках, якія на сабе зведваюць вязні ў беларускіх турмах і калоніях.

Год таму журналісты АРБ распавялі пра смерць Вітольда Ашурка і супрацоўнікаў шклоўскай калоніі №17, якія маюць дачыненне да яго забойства.

З таго часу мы пільна сочым за ўсім, што адбываецца ў гэтай калоніі. Нашу ўвагу прыцягнула інфармацыя пра смерць асуджанага Ільіна Аляксандра Валерʼевіча, былога пракурора, які скончыў жыццё самагубствам у шклоўскай папраўчай калоніі №17.

Перапіска ў чаце сваякоў асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі №17 г. Шклова. Здымак прадстаўлены ў рэдакцыю

У гэтай гісторыі было шмат дзіўнага, у тым ліку і тое, што Ільін адбываў тэрмін у Шклове, а не бабруйскай калоніі, у якой, як правіла, утрымліваюцца былыя чыноўнікі, бізнесмены і супрацоўнікі сілавых ведамстваў.

Сумесна з «Кіберпатрызанамі» мы правялі расследаванне і ўстанавілі, што ў пачатку і сярэдзіне 2000-х Ільін, які працаваў кіраўніком аддзелу Віцебскай абласной пракуратуры, стварыў і ўзначаліў устойлівую злачынную групу, можна сказаць банду, якая выкрадала і катавала непаўналетніх дзяцей, узбагачалася злачынным промыслам за кошт іх сексуальнай эксплуатацыі, рэгулярна гвалтавала іх, задавальняла свае вычварэнскія сексуальныя фантазіі.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

З пэўнага моманту Ільін, верагодна, перастаў дзяліцца са сваімі заступнікамі, таму яго хутка паставілі на месца, а менавіта – пасадзілі за краты. Да таго часу колькасць учыненых злачынстваў і ахвяр вызначалася дзясяткамі. У месцы не так аддаленыя адправілі толькі Ільіна і двух «стрэлачнікаў», датычныя высокапастаўленыя супрацоўнікі КДБ, МУС і пракуратуры да гэтага часу на волі. Крымінальныя справы ў дачыненні да іх не распачыналіся, а пасля смерці Ільіна ўжо наўрад ці будуць распачатыя.

Яшчэ ў пачатку 2000-х Аляксандр Ільін быў пракурорам, служыў на пасадзе кіраўніка аддзелу Віцебскай абласной пракуратуры, што дазваляла «казыраць» і прыкрывацца адпаведным пасведчаннем ды мець сувязі ў розных ведамствах. Але, як высветлілася, яму гэтага было недастаткова.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Вось як яго злачынствы і бандыцкі промысел апісаны ў прысудзе Беларускага ваеннага суду (тут і далей чытачу варта ўлічваць, што судом пры вынясенні прысуду выкарыстоўваліся максімальна карэктныя фармулёўкі): летам 2002 года ён, дзейнічаючы на тэрыторыі Віцебскай вобласці, для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці уцягнуў загадзя непаўналетнюю А.Б. і Гулідава А.А. у кіраваную ўстойлівую арганізаваную групу для здзяйснення злачынстваў, у тым ліку і далучэння іншых непаўналетніх дзяўчат у занятак прастытуцыяй ды выкарыстання гэтага занятку і даходаў ад яго для задавальнення ўласных патрэб, здабывання з гэтага грашовага ўзнагароджання для сябе як арганізатара і кіраўніка групы, і яе ўдзельнікаў, а таксама атрымання іншых матэрыяльных і нематэрыяльных дабротаў (нематэрыяльных дабротаў – такім чынам суд суха і пратакольна назваў сексуальнае рабства, у якое Ільін і яго саўдзельнікі ўцягнулі сваіх малалетніх ахвяр).

Ільін як кіраўнік групы размеркаваў ролі паміж яе ўдзельнікамі, усталяваў іх падпарадкаванасць сабе, пакаранні за невыкананне сваіх патрабаванняў, падтрымліваў унутрыгуртавую дысцыпліну, вырашаў арганізацыйныя ды іншыя ўзнікаючыя пытанні, размяркоўваў прыбыткі ад злачыннай дзейнасці.

Яго саўдзельніца А.Б. у межах адведзенай ёй ролі збірала інфармацыю аб патэнцыйных малалетніх ахвярах, пасля чаго сумесна з Ільіным рознымі спосабамі (шантажом, подкупам, пагрозамі, спайваннем алкаголем, запалохваннямі і гвалтам) схіляла іх да здзяйснення палавых зносін ды іншых дзеянняў сексуальнага характару, ажыццяўляла арганізацыйныя і кантралюючыя функцыі, вяла перамовы з кліентамі ў пацверджанне раней праведзеных дамоўленасцяў аб месцы, часе і аплаце сексуальных паслуг, суправаджала ахвяр да кліентаў, забірала грашовую ўзнагароду, якую перадавала Ільіну.

На Гулідава былі ўскладзены абавязкі па забеспячэнні дастаўкі па розных адрасах як у Беларусі, так і ў Маскве непаўналетніх дзяўчынак для сексуальнай эксплуатацыі.

Такім чынам, усе ўдзельнікі дадзенай злачыннай групы, пэўна, ведалі пра яе мэты і задачы, удзельнічалі як у падрыхтоўцы, так і ў здзяйсненні злачынстваў, а іх дзеянні ў межах загадзя вызначаных для іх роляў былі ўзгодненымі і ўзаемазлучанымі.

Следства вызначыла, што ў перыяд злачыннай дзейнасці Ільін, дзейнічаючы ў складзе ўзначаленай ім арганізаванай групы, сумесна з А. Б. і Гулідавым здзейснілі ў дачыненні да малалетніх і непаўналетніх асоб шэраг злачынстваў, прадугледжаных наступнымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 182 («Выкраданне чалавека, здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняй асобы, арганізаванае групай, што суправаджалася пакутамі і катаваннем»);
  • арт. 166 («Згвалтаванне заведама непаўналетніх»);
  • арт. 154 («Катаванне заведама непаўналетніх»);
  • 167 («Здзяйсненне дзеянняў сексуальнага характару насуперак волі пацярпелай асобы, пасля здзяйснення згвалтавання, групай асоб, з ужываннем гвалту, паўторна, у дачыненні да заведама малалетняй асобы»);
  • арт. 168 («Палавыя зносіны і дзеянні сексуальнага характару з асобамі, якія заведама не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту»);
  • арт. 171 («Выкарыстанне занятку прастытуцыяй заведама непаўналетняга, спалучанае з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй, здзейсненае арганізаванай групай»);
  • арт. 172 («Уцягванне заведама непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства шляхам абяцанняў, падману, дамоўленасцяў, з ужываннем гвалту і з пагрозай яго ўжывання, звязанае з уцягваннем непаўналетняга ў арганізаваную групу, ва ўчыненне цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў»);
  • арт. 173 («Уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны»).

Гэта толькі тыя злачынствы, пра якія стала вядома. Як правіла, многія ахвяры такіх злачынстваў па пэўных прычынах не жадаюць агалоскі або баяцца, таму не звяртаюцца ў праваахоўныя органы або ў наступным адмаўляюцца ад сваіх паказанняў, напрыклад, з-за страху, ціску ці пагроз іншых удзельнікаў банды ды іх заступнікаў, якія застаюцца на волі. Напрыклад, у 2016 судовая калегія Менскага гарадскога суда прызнала былога супрацоўніка МУС, а пазней чыноўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вячаслава Давыдовіча вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 168 («Іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту») і ч.2 арт. 233 («Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць»). Першапачаткова гаворка ішла пра сотні дзяцей, якія пацярпелі ад яго дзеянняў. Аднак да суду дайшлі толькі 10 эпізодаў. На лаву падсудных павінны былі сесці дзясяткі чалавек, аднак Давыдовіч апынуўся там у самоце. Шматлікія ахвяры Давыдовіча, як паведамлялі журналісты, тады адмаўляліся даваць паказанні праз боязь. У 2018 годзе ён выйшаў на волю. Вядома, што Давыдовіч вучыўся ў Акадэміі МУС разам з былым міністрам генерал-лейтэнантам міліцыі Шуневічам. Падрабязней пра гэта распавядала «Зеркало».

Злачынствы банды Ільіна неаднаразова здзяйсняліся ў розных месцах і кватэрах Віцебску і Віцебскай вобласці, у саўне ЗАТ «Гатэль Эрыдан» па вул. Савецкая, 21, аздараўленчым комплексе заводу дрэнажных труб ААТ «Кераміка» па вул. Гагарына, 173, адміністрацыйным будынку ААТ «Элсан» па Маскоўскім праспекце, 120, у саўне базы адпачынку «Лётцы» РУП «Віцебскэнерга» у в. Малыя Лётцы Віцебскага раёну, лазні загараднай базы РУП «Віцебскэнерга» у в. Дабрамыслі Лёзненскага раёну, базе адпачынку ЧУПТП«Мона-аўта» на беразе возера Суя ў в. Плусы Полацкага раёна, лазні ЧУППП «Відэа-арт» па вул. Еўфрасінні Полацкай, 29 у Полацку, у лазневым комплексе і саўне УП абласной камунальнай уласнасці «База адпачынку «Крупеніна» ў в. Крупенін Бешчацкавіцкага раёну, а таксама ў Маскве ды Сочы.

Першапачаткова ў дачыненні да сваіх ахвяр Ільін дзейнічаў ўгаворамі і подкупам, а калі гэта не дапамагала, у справу ішлі пагрозы і гвалт.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Напрыклад, у перыяд са студзеня 2002 па чэрвень 2003 ён, нярэдка знаходзячыся нападпітку, шляхам дамоўленасці і подкупу схіліў непаўналетнюю В.Г., дакладна ведаючы пра яе малалетні ўзрост, да здзяйснення палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару з ім, а таксама з трэцімі асобамі.

Ён жа, перыядычна будучы нападпітку, у перыяд з вясны 2002 па восень 2003, пэўна ведаючы пра непаўналетнім узросце Д.Е., схіліў яе да здзяйснення палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару з ім, а таксама з групай іншых асоб – шляхам дамоўленасцяў, абяцаючы нябеднае жыццё, падарункі, добры адпачынак, а пасля яе адмовы з ужываннем гвалту, дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю і здзекамі, якія выявіліся ў нанясенні Д.Е. мноства ўдараў рукамі, нагамі па розных частках цела і прычыненні ёй, у тым ліку і з ужываннем розных прадметаў, збіцця, пагрозамі ўжывання такога гвалту, шляхам шантажу, пагражаючы распаўсюдзіць фотаздымкі аголенай Д.Е.

Усяго за перыяд злачыннай дзейнасці банда Ільіна ўцягнула ў занятак прастытуцыяй, палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з ім, а таксама з трэцімі асобамі, больш за 10 заведама непаўналетніх дзяўчынак, сярод якіх былі 12-гадовыя, шэраг з іх перад гэтым падвяргаліся шантажу, запалохванням, збіццю.

Дзяўчынак нярэдка выкрадалі, вывозілі ў лес у прыгарад Віцебску, распраналі дагала і, звязаўшы, збівалі, утрымлівалі аголенымі на снезе і марозе, прымушалі капаць сабе магілу, у арандаваных кватэрах кайданкамі прышпільвалі да батарэй і падвяргалі здзекам. Здаецца, што ў Беларусі такое немагчыма?

З ліпеня 2002 па снежань 2005 гады пракурор Ільін, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай злачыннай групы, у мэтах здабывання матэрыяльных выгодаў ад сексуальнай эксплуатацыі сваіх непаўналетніх ахвяр, арганізаваў працэс, спалучаны з вывазам дзяўчынак у Маскву і Сочы, дамаўляўся з будучымі кліентамі аб аказанні ахвярамі сексуальных паслуг і, кантралюючы гэты працэс, адбіраў у іх атрыманае ад кліентаў узнагароджанне за сексуальную эксплуатацыю.

Выкарыстоўваючы залежных дзяўчынак, Ільін з карыслівых меркаванняў і іншай асабістай зацікаўленасці неаднаразова ладзіў для сваіх знаёмых мерапрыемствы, на якіх прымушаў сваіх ахвяр забаўляць запрошаных і аказваць ім сексуальныя паслугі. Падчас следства ўстаноўлена, што гэтымі знаёмымі, якія бралі ўдзел у «спец-сэкс-мерапрыемствах», былі палкоўнік КДБ Ігар Навіцкі – кіраўнік Полацкага аддзелу УКДБ Віцебскай вобласці і палкоўнік міліцыі Барыс Сакалоў – кіраўнік УБЭП УУС Віцебскага аблвыканкаму, пазней атрымаў павышэнне па службе і пасаду намесніка кіраўніка ГУБЭЗ МУС (яго кіраўніком тады быў сумна вядомы цяпер палкоўнік міліцыі Андрэй Паршын), а таксама бізнесовец з Полацку Уладзімір Захараў, чыё імя супадае з імем уладальніка кампаніі «Гандлёвы дом «Стралец» і нехта Яцук, чыё прозвішча супадае з прозвішчам былога калегі Ільіна, які працаваў у той час у Віцебскай абласной пракуратуры.

У 2019 годзе «Хартыяʼ97» распавядала пра карупцыйны скандал з элітнай нерухомасцю, у якім фігураваў Навіцкі.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі
Ігар Навіцкі і Барыс Сакалоў. Фота прадастаўлена рэдакцыі

Адна з непаўналетніх ахвяр, якой Ільін пазычыў $100, па яго ўказанні не менш 10 разоў (!) ездзіла ў розныя саўны і лазні, дзе ў кошт вяртання доўгу аказвала Ільіну і яго знаёмым сексуальныя паслугі.

Следствам устаноўлена, што ў адзін з дзён верасня 2003 году ў спецыяльнай здымнай кватэры гэтая ж дзяўчынка па загаду Ільіна аказвала сексуальныя паслугі палкоўніку МУС Сакалову з нагоды яго дня нараджэння.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Увесь перыяд сваёй злачыннай дзейнасці Ільін рэгулярна запалохваў, гвалтаваў і катаваў малалетніх дзяўчынак, здымаў усё гэта на фота і відэа.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Судовы прысуд змяшчае больш за 50 старонак тэксту з падрабязнымі апісаннямі сексуальнага рабства і фізічнага гвалту над малалетнімі ахвярамі.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Па крымінальнай справе ўстаноўлены ўсе ўдзельнікі і саўдзельнікі арганізаванай злачыннай групы, але прысуд вынесены толькі Ільіну і яшчэ двум «стрэлачнікам», якія не займалі высокіх пасад. Навіцкі, Сакалоў і Яцук, а таксама іншыя супрацоўнікі пракуратуры да крымінальнай адказнасці не прыцягнутыя. Следчых не цікавіла, хто ў праваахоўных органах аказваў заступніцтва бандзе Ільіна, хто карыстаўся яго паслугамі, чаму на першапачатковым этапе ігнараваліся заявы малалетніх пацярпелых, хто дапамог Ільіну здзейсніць уцёкі і чаму да 2009 года ён, знаходзячыся ў вышуку, свабодна пражываў у Расеі. Ад ананімнай крыніцы, знаёмай з ходам следства, нам вядома: адна з пацярпелых падчас допыту паведаміла, што адным з «кліентаў» Ільіна быў высокапастаўлены супрацоўнік пракуратуры з Менску з характэрнымі вонкавымі прыкметамі. Аднак падазраваным гэты чалавек так і не стаў.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Па сукупнасці ўчыненых злачынстваў па артыкулах:

  • арт. 182 («Выкраданне чалавека, здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, арганізаванае групай, якая суправаджалася пакутамі і катаваннем»);
  • арт. 166 (частка 2: «Згвалтаванне заведама непаўналетніх»);
  • арт. 154 (частка 2: «Катаванне заведама непаўналетніх»);
  • арт. 167 (часткі 2 і 3: «Здзяйсненне дзеянняў сексуальнага характару насуперак волі пацярпелай асобы, пасля здзяйснення згвалтавання, групай асоб, з ужываннем гвалту, паўторна, у дачыненні да заведама малалетняй»);
  • арт. 168 («Палавыя зносіны і дзеянні сексуальнага характару з асобамі, якія заведама не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту»);
  • арт. 171 («Выкарыстанне занятку прастытуцыяй заведама непаўналетняй асобы, спалучанае з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй, здзейсненае арганізаванай групай»);
  • арт. 172 (частка 3: «Уцягванне заведама непаўналетняй асобы ў здзяйсненне злачынства шляхам абяцанняў, падману, дамоўленасцяў, з ужываннем гвалту і з пагрозай яго ўжывання, звязанае з уцягваннем непаўналетняй у арганізаваную групу, ва ўчыненне цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў»);
  • арт. 173 («Уцягванне непаўналетняй у антыграмадскія паводзіны»).

Ільін быў асуджаны да 17 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю (заўважце, тэарэтычна пасля вызвалення ён мог працягнуць службу ў пракуратуры).

Пазней з абвінавачвання ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці выключылі артыкулы 154, 168, 173, агульны тэрмін паменшылі на адзін год.

У гэтай гісторыі ўжо вельмі шмат «белых плямаў». Перш за ўсё, у вочы кідаецца тое, што ў Ільіна былі відавочныя псіхічныя адхіленні на сексуальнай глебе, але ў такім выпадку як ён змог паступіць на службу ў пракуратуру, працаваць там шмат гадоў і займаць пасаду кіраўніка аддзелу, кіраваць падначаленымі? Чаму і як адказнасці пазбеглі іншыя саўдзельнікі, якія дагэтуль займаюць высокія дзяржаўныя пасады? Чаму судом не ўзбуджаная крымінальная справа і не вынесены прысуд ці як найменш прыватнае вызначэнне ў дачыненні да Навіцкага, Сакалова ды іншых? Магчыма, адказ хаваецца ў тым, што першы з’яўляўся кіраўніком Полацкага аддзелу УКДБ па Віцебскай вобласці, меў званне палкоўніка, а другі – палкоўнік міліцыі – на момант апісаных падзей займаў пасаду кіраўніка УБЭП УУС Віцебскага аблвыканкаму, а пазней атрымаў падвышэнне па службе і стаў намеснікам кіраўніка ГУБЭЗ МУС. Хто ўсе тыя нібыта невядомыя супрацоўнікі Віцебскай і Генеральнай пракуратуры (Яцук – на момант следства імя супадае з імем кіраўніка аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Віцебскай абласной пракуратуры) і буйнога бізнесу (Уладзімір Захараў з Полацку, Лягчылін з Віцебску) ды многія іншыя, якія рэгулярна карысталіся паслугамі Ільіна і яго малалетніх секс-рабынь? Чаму не праводзіліся допыты на паліграфе і вочныя стаўкі, бо пацярпелыя дзяўчынкі ўпэўнена апазналі іх падчас следства? Чаму ініцыятыва па ўзмацненні жорсткасці адказнасці за педафілію заўсёды «гасілася» Генеральнай пракуратурай? Гэта рытарычныя пытанні.

Загадкавая смерць Ільіна зручная многім: тым, хто судзіў, і тым, каго па невядомай (або вядомай) прычыне не асудзілі. Ільін пайшоў з жыцця ў калоніі пры вельмі дзіўных абставінах, адбыўшы 13 гадоў тэрміну, да вызвалення яму заставалася менш за тры гады.

Выказваем падзяку «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы расследавання.

Альянс расследавальнікаў Беларусі / Авер

Стужка навінаў