Што агульнага паміж «хатняй хіміяй» і працай у міліцыі? Журналісты-расследавальнікі публікуюць унутраныя дакументы МУС


Альянс расследавальнікаў Беларусі атрымаў і прааналізаваў значны аб’ём унутраных дакументаў МУС. Журналісты-расследавальнікі робяць выснову, што меркаванне пра іх усёмагутнасць, якое навязваецца прапагандай, – усяго толькі міф.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Менская міліцыя адзначае Дзень Канстытуцыі. Менск, Беларусь. 15 сакавіка 2023 года.
Фота: Милиция Минска / Telegram

Праблемы ў сілавым блоку існуюць гэтак жа, як і ў сельскай гаспадарцы, і ў медыцыне. Іх удаецца хаваць пры дапамозе прыярытэтнага, фактычна неабмежаванага, фінансавання з дзяржаўнага бюджэту. Аднак сітуацыя разгортваецца паводле негатыўнага сцэнара, прафесійны ўзровень міліцыі не адпавядае самым мінімальным патрабаванням. Працаўнікі могуць дзейнічаць толькі паводле загадаў або шаблону, а сутыкнуўшыся з новым выклікам ці трапіўшы ў незнаёмыя абставіны, губляюцца і дэмаралізуюцца. Стан, асабліва пасля 2020 года, можна ахарактарызаваць словам «катастрофа».

АРБ нядаўна публікаваў дакументы пра тое, як просты вясковы хлопец, закуты ў кайданкі, збег з аўтазаку, дзверы якога замыкаюцца звонку на засаўку і замок. І гэта не адзінкавы выпадак. Уцёкі і іншыя надзвычайныя здарэнні адбываюцца рэгулярна.

У Менску міліцыя не спыніла серыйнага маньяка-гвалтаўніка: падчас вечаровага шпацыру ён збег з ДУ «РНПЦ псіхічнага здароўя», куды яго канваявалі для судова-псіхіятрычнай экспертызы.

У Дзень міліцыі, 4 сакавіка 2021 года, проста сярод белага дня ўцёк асуджаны, які адбывае пакаранне ў калоніі-пасяленні № 16.

У Бабруйску з-пад канвою збег падазраваны ў цяжкім злачынстве 35-гадовы жыхар вёскі Ламбава.

У Гомлі і Добрушскім раёне прыйшлося ўводзіць у дзеянне спецыяльны міліцэйскі план «Сірэна» для вышуку і затрымання асуджанага, які ўцёк з калоніі-пасялення № 21.

Документ передан редакции
Документ передан редакции
Документ передан редакции

Працаўнікі таксама бесклапотна ставяцца да дзяржаўнай маёмасці, што цягне яе псаванне або страту. Пад Новы год цяжка траўмаваны ў ДТЗ кіроўца скраў службовы аўтамабіль Браслаўскага РАУС. Дзеля гэтага яму не прыйшлося падбіраць ключы або ўзломваць замок запальвання – іх інспектар ДАІ С. Капусцін пакінуў у салоне.

Дакумент перададзены рэдакцыі

У распараджэнні АРБ ёсць мноства іншых дакументаў, што  сведчаць пра пашкоджанне альбо страту казённай маёмасці праз нядбайнасць працаўнікоў міліцыі. Участковы інспектар Пінскага ГАУС В. Мемех згубіў радыёстанцыю Motorola, аналагічныя страты зафіксаваныя ў Чыгуначным (Віцебску), Ленінскіх (Берасця і Магілёва) аддзелах Дэпартаменту аховы МУС. Звяртае на сябе ўвагу практыка калектыўнай адказнасці, якая ўжываецца ў МУС: шукаць радыёстанцыі прымусілі ўсіх работнікаў, выклікаўшы праз сігнал «Апавяшчэнне».

У Менску службовае расследаванне прызначалася з прычыны страты патрульным міліцыянтам Сельчуковым нагруднага відэарэгістратара «Дазор».

Документ передан редакции
Документ передан редакции
Документ передан редакции

Старшы оперупаўнаважаны Расонскага АБЭЗ маёр Віталь Федарэнка падчас службы згубіў запасны магазін з васьмю баявымі патронамі да табельнага пісталета. Для пошукаў праз сігнал «Збор» паднялі ўвесь асабовы склад. Згубленыя боепрыпасы знайшла мясцовая жыхарка, якая, заўважыўшы небяспечную знаходку каля свайго дому, перадала яе міліцыі.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Папярэднія і наступныя прыклады выклікаюць заканамернае пытанне: ці бяспечна для навакольных, калі ў руках у такіх праваахоўнікаў табельная зброя?

АРБ выявіў чатыры выпадкі адвольнай страляніны міліцыянтамі: у Менску на спускавы курок выпадкова націскалі амапавец Грахоўскі і падпалкоўнік крымінальнага вышуку Пракаповіч, у Барысаве – паставы міліцыянт Косаў, у Баранавічах – інспектар ДАІ Прымшыц. Толькі праз шчаслівы збег абставінаў ад іхнай страляніны ніхто не пацярпеў.

Документ передан редакции
Документ передан редакции
Документ передан редакции

Пагроза ад такіх вартавых парадку зыходзіць літаральна паўсюль і ва ўсім, яны небяспечныя як для навакольных, так і для саміх сябе. У апошні дзень зімы 2021 года кіраўніка МРЭА ДАІ Слуцкага РАУС Валерыя Усовіча запрасілі папарыцца ў лазні, адкуль яго давезлі з тэрмічнымі апёкамі ў рэанімацыйнае аддзяленне. Як паведаміў высокапастаўлены даішнік, Усовіч пераблытаў кадкі, абліўшы сябе гарачай вадою пасля апарні.

На запраўцы «Беларуснафты» давялося чыніць палівазаправачную калонку пасля візіту старэйшага лейтэнанта міліцыі Івана Аніскевіча. Гэты працаўнік залічаны ў штат МУС, але прыкамандзіраваны да Міністэрства спорту. Такая схема звычайна выкарыстоўваецца з беларускімі спартоўцамі дзеля налічэння заробку і надання званняў, а ў будучыні – прызначэння і выплаты пенсіі.

Документ передан редакции
Документ передан редакции

З-за пагарды да правілаў дарожнага руху і недатрымання дыстанцыі падпалкоўнік Віцебскага ГУБАЗіКу Я. Місько на службовай машыне пратараніў «Сітраен». Ягоны калега з Берасцейскага ГУБАЗіКу старэйшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах падпалкоўнік Віталь Шпудзейка на службовым «Фольксвагене» выехаў на сустрэчную паласу, вынік – сутыкненне з «Hyundai Elantra».

Документ передан редакции
Документ передан редакции

У Баранавічах напярэдадні выбараў 2020 года ў дом 74-гадовай пенсіянеркі ўварваліся чатыры маёры ў масках. Пасля іхнага візіту ў жанчыны з’явілася гематома.

У 2020 годзе тады яшчэ намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў выклікаў АМАП, калі заўважыў, што мінак на вуліцы здымае яго на камеру мабільнага тэлефона. Працаўнік ГУБАЗіКу А. Конан выклікаў следча-аператыўную групу, бо незнаёмец спытаў ягоную жонку пра суседку.

Документ передан редакции
Документ передан редакции
Документ передан редакции

Апісаныя вышэй выпадкі паказваюць, што сістэма дэградуе, а працаўнікі органаў унутраных справаў, закліканыя абараняць грамадства ад супрацьпраўных дзеянняў, не здольныя выконваць ускладзеных на іх функцыяў, яны ствараюць пагрозу для сябе і навакольных. Гэта ўсведамляе міліцэйскае начальства, таму камандзіры і кіраўніцтва ўласнай бяспекі вымушаныя пастаянна кантраляваць падначаленых як падчас службы, так і па-за ёй, дайшло да таго, што іх правяраюць нават у хаце. У МУС кіраўнікі абавязаныя наведваць падначаленых на месцы жыхарства падчас выходных і адпачынкаў, гэтак жа, як міліцыя кантралюе асуджаных да «хатняй хіміі» або паднаглядных крымінальнікаў, якія вызваліліся ўмоўна-датэрмінова.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут ці прачытаць тут. У найбліжэйшы час АРБ рыхтуе матэрыял пра прычыны ўстанаўлення татальнага кантролю за працаўнікамі міліцыі на месцы жыхарства.

Падтрымаць АРБ можна праз PayPal: arb2021@protonmail.com

PS: У Telegram з’явіўся фэйкавы чат-бот, які прэзентуецца як канал зваротнай сувязі з намі. АРБ афіцыйна заяўляе, што не мае ніякіх ботаў. Для сувязі і перадачы звестак АРБ выкарыстоўвае выключна электронную пошту: arb2021@protonmail.com

Авер / belsat.eu

Стужка навінаў