Як актывістка Аляксандра Каско падтрымлівала кантакты з МУС


19 снежня 2023 года «суддзя» Гарадзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык у закрытым пасяджэнні асудзіў актывістку Аляксандру Каско да 10 гадоў пазбаўлення волі.

паліт
Аляксандра Каско. Крыніца фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праз дзень у Telegram-канале сілавікоў з’явілася паведамленне, што інфармацыю да крымінальнай справы цэлы год збіраў неназваны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС, які ўцёрся ў давер да жанчыны і меў зносіны з ёй. Па словах сілавікоў, у пачатку 2022 года супрацоўнік Гарадзенскага ГУБАЗ «з дапамогай метадаў сацыяльнай інжынерыі» уцёрся ў давер да жанчыны, якая на іх думку была адміністратарам «сеткі забароненых рэсурсаў» і адначасова каардынатарам праваабарончага цэнтру «Вясна». У працэсе зносін яна раскрыла сябе.

Сілавікі спрабуюць пераканаць, што Аляксандра доўгі час знаходзілася пад іх кантролем, таму яе адмыслова не затрымлівалі ўлетку 2022 года, калі яна прыязджала ў Беларусь. На думку аўтараў Telegram-каналу сілавікоў, тэрмін Каско мог бы быць большы, калі б яна «актыўна не супрацоўнічала з аператыўнікамі».

Ніякіх доказаў гэтаму не прыводзіцца, таму бачыцца, што гэта чарговы выкрут сілавікоў каб зламаць або падарваць дух актывістаў.

Альянс расследавальнікаў Беларусі атрымаў унутрыведамасныя дакументы МУС, у якіх знайшоў згадкі пра Аляксандру задоўга да арышту, дзякуючы чаму сталі вядомыя дэталі яе актывісцкай дзейнасці, а таксама тое, што яна сапраўды падтрымлівала адносіны з супрацоўнікам міліцыі, але яны прынеслі карысць партэснаму руху.

У лютым 2021 году яна з іншымі ваўкавыскімі актывісткамі выходзіла на пратэсныя прагулкі па горадзе з чырвона-белымі парасонамі. Жанчынаў затрымалі, у дачыненні да іх склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а ў дачыненні да Аляксандры яшчэ дадаткова і паводле артыкулаў 23.4 (Несанкцыянаваны доступ да кампʼютарнай інфармацыі) і 23.5 (Парушэнне заканадаўства аб СМІ).

Дакумент перададзены рэдакцыі

Невядома якім чынам і калі сталася так, што Аляксандра змагла ўсталяваць кантакт з супрацоўнікам МУС, які патаемна аказваў дапамогу пратэстоўцам. Гэтым супрацоўнікам аказаўся малады лейтэнант міліцыі Уладзіслаў Яноўскі, 1997 года нараджэння, які з мая 2020 года паступіў на службу ў Ваўкавыскі РАУС на пасаду ўчастковага інспектара. Пазней Яноўскага выкрылі. 23 красавіка 2022 года ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), арыштавалі за тое, што папярэдзіў Аляксандру аб маючых адбыцца аглядах жылля ў ваўкавыскіх актывістаў.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Лейтэнант Уладзіслаў Янкоўскі зрабіў свой выбар. Ён адмовіўся быць шрубкай рэпрэсіўнай машыны, якая знішчае свой народ і краіну.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Расследаванні АРБ можна глядзець тут. Падтрымаць каманду АРБ: Paypal: arb2021@protonmail.com

Стужка навінаў