«У давер уцёрся супрацоўнік ГУБАЗу». Сілавікі распавялі пра справу Аляксандры Каско


Беларуску Аляксандру Каско засудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Патрэбную для справы інфармацыю цэлы год збіраў супрацоўнік ГУБАЗу, які ўцёрся ў давер да дзяўчыны і камунікаваў з ёю, піша Telegram-канал сілавікоў.

Аляксандра Каско
Аляксандра Каско. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Аляксандру Каско затрымалі ў лютым 2023 года пасля таго, як яна вярнулася ў Беларусь з-за мяжы. 19 снежня ў Гарадзенскім абласным судзе дзяўчыне быў агучаны прысуд – 10 гадоў калоніі.

Падрабязнасці Аляксандрынай справы з’явіліся ў тэлеграм-канале сілавікоў – на іх раскрыццё нібыта далі дазвол аператыўнікі Гарадзенскага ГУБАЗу. Аўтары допісу сцвярджаюць, што дзяўчына была адміністратаркай «сеткі забароненых рэсурсаў» і адначасова каардынатаркай праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле сілавікоў, на пачатку 2022 года супрацоўнік Гарадзенскага ГУБАЗу «з дапамогай метадаў сацыяльнай інжынерыі» уцёрся ў давер да карыстальніка з нікам «Homo Liber» – адміністратара рэсурсаў, якія сілавікі называюць экстрэмісцкімі, а праз месяц высветлілася, што гэта Аляксандра Каско – яна нібыта сама раскрыла сваю асобу аператыўніку.

«Затрымалі яе толькі ў лютым 2023 года, пры тым, што ўлетку 2022-га яна без перашкодаў, але пад кантролем сілавікоў, прыязджала ў Беларусь. Ну вы зразумелі, так? Цэлы год з ёй камунікаваў, кантраляваў, вывучаў кола кантактаў і атрымліваў іншую інфармацыю супрацоўнік ГУБАЗу», – гаворыцца ў допісе.

Паводле аўтараў каналу, тэрмін Каско мог бы быць большым, калі б яна «актыўна не супрацоўнічала з аператыўнікамі».

Абноўлена
«Вы пад кантролем». Супрацоўнік КДБ падлучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту
2023.12.19 20:57

Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года, калі яна вярнулася з Польшчы. Спачатку яе асудзілі на 10 содняў арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, але потым супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. 19 снежня суд пакараў Аляксандру 10 гадамі пазбаўлення волі. Беларускія праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзняволенай.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў