«Як за савецкім часам». Працу агентаў у Балгарыі пад прыкрыццём РПЦ назвалі звыклай практыкай


Балгарыя абвесціла пра высылку двух беларусаў і аднаго расейца – святароў РПЦ. Іх абвінавацілі ў дзейнасці супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў рэспублікі. Прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар у каментары «Белсату» назваў іх супрацоўнікамі спецслужбаў.

Набажэнства ў падвор’і патрыярха Маскоўскага ў Софіі, Балгарыя.
Фота: podvorie-sofia.bg

Расейцу і двум грамадзянам Беларусі, якіх Балгарыя пастанавіла выслаць, забаранілі прыязджаць туды цягам 5 гадоў. Акрамя таго, іх пазбавілі права жыць у рэспубліцы. Гэтыя асобы, паводле Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бяспекі Балгарыі, «рэалізоўвалі розныя элементы гібрыднай стратэгіі Расеі дзеля мэтанакіраванага ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы ў Балгарыі на карысць расейскіх геапалітычных інтарэсаў.

Як высветлілі журналісты, санкцыі ўжытыя супраць грамадзяніна Расеі Мікалая Змеева, настаяцеля падвор’я Расейскай праваслаўнай царквы ў Софіі, а таксама супраць беларусаў Яўгена Павяльчука, сакратара падвор’я, і супрацоўніка храму Уладзіміра Банько.

Hавiны
Балгарыя выслала двух грамадзянаў Беларусі і аднаго расейца
2023.09.22 10:34

Прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар заявіў «Белсату», што ў даным выпадку пад расаю хаваліся супрацоўнікі спецслужбаў, як гэта было яшчэ за савецкім часам:

«З прадстаўнікамі РПЦ заўсёды адбываліся, так бы мовіць, цікавыя рэчы. Усім вядома, што РПЦ выкарыстоўвалася ў шпіёнскай дзейнасці супраць замежных дзяржаваў яшчэ ў часы СССР, з развалам якога сітуацыя істотна не змянілася. Пад відам святароў РПЦ у замежных прыходах працягваюць дзейнічаць супрацоўнікі спецслужбаў», – упэўнены Жыгар.

Ён адзначыў, што шмат якія святары РПЦ у Беларусі – не беларусы паводле паходжання, і пагаджаюцца на шпіёнскую працу толькі з меркантыльных меркаванняў:

«Шмат якія святары Беларускага патрыярхату РПЦ не з’яўляюцца беларусамі паводле паходжання. Яны атрымалі беларускае грамадзянства паводле фармальных падставаў, таму могуць выкарыстоўвацца на карысць імперскіх інтарэсаў Расеі. Іхнае асноўнае жаданне – падзарабіць грошай».

Тое, што паболела выпадкаў выкрыцця на Захадзе расейскіх агентаў, Жыгар растлумачыў больш пільнай працаю спецслужбаў.

«Больш намаганняў сталі прыкладаць органы бяспекі еўрапейскіх дзяржаваў. А з іншага боку – істотна актывізавалася сама расейская агентура з мэтаю збору звестак аб дапамозе Украіны і прапаганды ў інтарэсах Крамля», – сказаў прадстаўнік «BELPOL».

Hавiны
Польшча заявіла аб павышэнні разведвальнай дзейнасці Беларусі і Расеі
2023.07.02 23:55

Колішні супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак у каментары «Белсату» таксама адзначыў, што заходнія спецслужбы пачалі дзейнічаць больш рашуча: калі раней асобаў, якіх западозрылі ў шпіянажы, не чаплялі з розных прычынаў, напрыклад, праз недахоп доказаў, то цяпер не цырымоняцца:

«З’явілася палітычная воля. Гатовыя выдвараць за самыя нязначныя падазрэнні ў датычнасці да расейскіх ці беларускіх спецслужбаў. Калі раней на гэта заплюшчвалі вочы, то цяпер сітуацыя іншая: маюцца падазрэнні – чамадан, вакзал, Масква або Менск. Ці адразу арышт».

На Захадзе «зразумелі, што калі не будзе рашучых крокаў, то хвароба будзе прагрэсаваць». «Вось яны і пастанавілі выпальваць», – заўважыў Ступак.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што Расея выкарыстоўвае рэлігію дзеля прасоўвання сваіх інтарэсаў.

«Акрамя збору інфармацыі, хто чым займаецца, якія думкі, якія настроі, рэлігія выкарыстоўваецца дзеля прасоўвання інтарэсаў, дзеля пераканання, дзеля застрашвання. Рэлігія – буйны прапагандысцкі механізм для Расеі», – падсумаваў былы супрацоўнік СБУ.

Агляд
The Washington Post: расейцы вербавалі шпіёнаў, выкрытых у Польшчы, праз Telegram
2023.08.19 19:42

belsat.eu

Стужка навінаў