The Washington Post: расейцы вербавалі шпіёнаў, выкрытых у Польшчы, праз Telegram


Выданне The Washington Post апублікавала артыкул пра выкрытую ў Польшчы расейскую шпіёнскую сетку. Паводле гэтых звестак, агентаў вербавалі праз Telegram-каналы. Бальшыня затрыманых – грамадзяне Украіны.

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW).
Фота: gov.pl

Усяго ў гэтай справе 16 затрыманых: 12 украінцаў, 3 беларусы і адзін расеец. Іх завербавала Галоўнае разведвальнае ўпраўленне расейскага Генштабу.

Як гаворыцца ў публікацыі The Washington Post, бальшыня ўкраінцаў – з усходняй часткі краіны, аднак, найхутчэй, іхная матывацыя была грашовая і не звязаная з сімпатыямі да расейскай ідэалогіі.

Вербаванне адбывалася праз Telegram-каналы з прапановамі працаўладкавання і парадамі пошуку жылля. Там расейскія спецслужбы публікавалі абвесткі аб пошуку ахвочых расклейваць улёткі або афішы. Грошай абяцалі няшмат, але плацілі адразу – хуткі заробак для ўкраінскіх уцекачоў быў прывабным.

На справе апынулася, што патрабуецца распаўсюджваць расейскую прапаганду: улёткі «Польшча – гэта не Украіна», «NATO, выбірайся дадому» і «Не будзь Байдэнам».

Hавiны
У Польшчы затрымалі 16-га падазраванага ў справе аб шпіянажы. Ім аказаўся беларус
2023.08.04 14:25

У такой «працы», якую аплачвалі крыптавалютаю і банкаўскімі пераводамі, было дзве мэты: распальванне антыўкраінскіх настрояў у Польшчы і правяранне гатовасці навабранцаў выконваць больш сур’ёзныя задачы.

З цягам часу завербаваным даручалі ладзіць выведку ў польскіх марскіх партах, ставіць камеры ўздоўж чыгункі, падкідваць прылады сачэння ў вайсковыя грузы. У сёлетнім сакавіку агенты атрымалі заданне пусціць пад адхон цягнікі, што перавозілі зброю ва Украіну. Паводле неафіцыйных звестак, за гэта абяцалі ўзнагароду ў некалькі сотняў долараў.

Як паведаміла крыніца ў Агенцыі ўнутранай бяспекі, затрыманыя тлумачылі сваю дзейнасць тым, што яна была «адносна бясшкоднаю», таксама казалі, што былі патрэбныя грошы.

Hавiны
У Польшчы затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расеі
2023.07.21 12:41

Раскрыць шпіёнскую сетку атрымалася, калі мінак заўважыў камеру ў дрэвах каля чыгункі ў вёсцы недалёка ад мяжы з Украінаю. Прылада фіксавала грузаперавозкі, дадзеныя захоўваліся на серверы, да якога быў аддалены доступ. Пазней былі знойдзеныя яшчэ некалькі відэакамер таксама ўздоўж чыгункі. Польскія спецслужбы здолелі знайсці асобу, датычную да ўстаноўкі прыладаў. Падазраваны раскрыў інфармацыю аб іншых удзельніках групоўкі і сваім куратары.

Крымінальная справа засакрэчаная, імёны фігурантаў не называюцца. У медыя прасачыліся прозвішчы толькі беларусаў: 41-гадовы Мікалай Маскаленка, 28-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха і ягоная дзяўчына 18-гадовая Марыя Мядзведзева.

Іх абвінавачваюць у «назіранні з мэтаю збору інфармацыі, што тычыцца абʼектаў крытычнай інфраструктуры», у тым ліку ў аэрапорце і на чыгуначным вакзале ў Жэшаве і марскіх партах Гданьск і Гдыня.

Пасміцюху і Мядзведзеву затрымалі падчас паездкі, што, як мяркуе следства, была замаскаваная пад рамантычнае падарожжа да мора: маладзёны планавалі назіраць за гаванню ў Гдыні, куды прыбыла буйная партыя зброі.

Hавiны
У Польшчы затрыманы пятнаццаты падазраваны ў шпіянажы на карысць Расеі
2023.07.10 10:45

Сваякі дзяўчыны кажуць, што яна знаходзіцца ў ізалятары ў Любліне, да яе пускаюць адваката і родных. Паводле пазіцыі абароны, Мядзведзева выпадкова апынулася не ў той час і не ў тым месцы, аднак польскія службы ўпэўненыя, што яна ведала, што робіць, і атрымлівала за гэта грошы з Расеі.

Бацька дзяўчыны распавядаў, што пытаўся ў дачкі, адкуль у яе грошы на вандроўкі.

«Ягоная дачка растлумачыла, што ў Пасміцюхі маюцца крыптавалютныя рахункі, на якіх захоўваюцца грошы, атрыманыя ад Расеі за нейкія дзеянні. Яна казала, што ён нешта робіць на высокім узроўні і не кажа ёй пра гэта», – піша The Washington Post.

Пасміцюха і Мядзведзева пазнаёміліся тры гады таму ў Менску, бацька дзяўчыны выступаў супраць іхных стасункаў. Марыя пераехала ў Варшаву летась, а Уладзіслаў «увесь час падарожнічаў», часта ездзіў у Беларусь і Расею. Хлопец папрасіў сяброўку адкрыць на сваё імя крыптагаманец і банкаўскі рахунак, усе паролі яна яму перадала, і фактычна ён распараджаўся гэтымі актывамі, сцвярджае бацька Марыі.

У Польшчы гэтую гісторыю называюць самай сур’ёзнай расейскай пагрозаю на тэрыторыі NATO ад пачатку вайны ва Украіне. Сцвярджаецца, што шпіёны намагаліся спыніць плынь зброі і боепрыпасаў ва Украіну, а праз Польшчу ідзе 80% гэтага транзіту.

Hавiны
Польшча заявіла аб павышэнні разведвальнай дзейнасці Беларусі і Расеі
2023.07.02 23:55

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў