Польшча заявіла аб павышэнні разведвальнай дзейнасці Беларусі і Расеі


У Польшчы заявілі аб выяўленні павышанай разведвальнай актыўнасці Беларусі і Расеі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік міністра-каардынатара спецыяльных службаў Станіслаў Жарын у Twitter.

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: abw.gov.pl

«Мы выяўляем не толькі падвышаную разведвальную актыўнасць Расеі і Беларусі, але і іншыя дзеянні супраць Польшчы. Гібрыдная аперацыя, у выніку якой аказваецца ціск на нашу мяжу з Беларуссю, працягваецца», – напісаў Станіслаў Жарын.

Паводле ягоных словаў, таксама працягваюцца атакі ў кіберпрасторы і прапагандысцкія атакі. «Расейцы выкарыстоўваюць мноства розных метадаў гібрыднай вайны, каб аслабіць Польшчу і наш патэнцыял. Гэта частка вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны», – дадаў Жарын.

«Дзеянні супраць Польшчы з’яўляюцца элементам расейскай агрэсіі, якая ўжо ўплывае на бяспеку ўсяго NATO. Калі дзеянні Расеі не будуць спынены, Крэмль кіне прамы выклік саюзнікам. Гэта толькі пытанне часу. Расея спадзяецца, што, дэстабілізаваўшы Польшчу, разбурыўшы яе імідж сярод краінаў-чальцоў NATO і фізічна дэстабілізаваўшы транспартныя шляхі з Польшчы ва Украіну, яна падрыхтуе глебу для хуткай перамогі над Украінай», – заявіў прадстаўнік міністра.

Нагадаем, 30 чэрвеня стала вядома аб затрыманні яшчэ аднаго падазраванага па справе аб расейскай шпіёнскай сетцы. Ён стаў 14-м затрыманым, якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з расейскімі спецслужбамі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў