«Адправіцца на канцэрт Кабзона». Што чакае прапагандыстаў на гібрыднай вайне

Злараднічаць у выпадку смерці хоць якога чалавека, з аднаго боку, кепска. З другога – калі мы гаворым пра вайну, то спакойна ўжываем такі выраз, як «адправіўся на канцэрт Кабзона». Адразу ўсім робіцца зразумела, што гаворка – пра забітага расейскага акупанта, які сімвалічна з’яднаўся з нябожчыкам-спеваком. А вайна бывае розная.

Кім у гібрыднай вайне можна лічыць прапагандыстаў, якія гадзінамі па ўсіх каналах «страляюць» фэйкамі і дэзынфармацыяй у галовы людзей? Ці не робяцца яны самымі сапраўднымі салдатамі, шарагоўцамі і афіцэрамі гэтай вайны? Асаблівасць гібрыднай вайны палягае ў тым, што страляюць прапагандысты пераважна па сваім жа народзе. Прычым робяць гэта так, каб чалавек і не западозрыў, што яму ў галаву пацэлілі атручанымі кулямі.

Прапагандысты цудоўна ведаюць, чым займаюцца, і таму не рызыкуюць выходзіць без целаахоўнікаў. Прапагандыстка са стажам Маргарыта Сіманьян за некалькі месяцаў да забойства Дар’і Дугінай наняла ахову і толькі так перамяшчаецца па горадзе ў сваёй жа краіне.

Аналітыка
Украінскія дыверсанты, ФСБ або французскі філосаф? Хто стаіць за забойствам дачкі Дугіна
2022.08.22 16:53

Цяпер, калі ўсе абмяркоўваюць забойства Дар’і Дугінай, я ўзгадала яшчэ адну расейскую прапагандыстку – Іраду Зейналаву. Узгадала, як яна з’явілася недалёка ад прахадной Менскага трактарнага заводу ў тыя трывожныя дні 2020-га. На трактарным тады арыштавалі некалькіх актывістаў, а адміністрацыя звольніла дзясяткі чалавек, каб збіць пратэставую хвалю. Я прыйшла туды раней, калі рабочыя пайшлі са змены. Каля метро іх спевамі сустракаў звольнены хор філармоніі ў атачэнні людзей у чорным». Падыходы да прахадной былі застаўленыя металічнымі агароджамі. Некаторыя рабочыя спыняліся, каб паслухаць «Пагоню», нягледзячы на калону аўтазакаў, а некаторыя паказвалі «вікторыю» і хуценька спускаліся ў метро. Амапаўцы не рызыкавалі хапаць выканаўцаў пры такой колькасці рабочых, бо ўжо ведалі, чым гэта можа для іх абярнуцца.

Працаўнікі Менскага трактарнага заводу пасля адмовы прэмʼера Рамана Галоўчанкі гаварыць з імі ў прысутнасці прэсы выйшлі на праезную частку і накіраваліся да Дому ўраду. 14 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Калі плынь рабочых скарацілася, артысты хуценька спусціліся ў метро і раз’ехаліся. І тут праз рацыю нейкі загад. Амапаўцы пайшлі ў бок агароджы, і тут я заўважыла маленькую жанчыну. Яе ахоўвалі людзі ў цывільным і «ў чорным». Яна з аператарам запісвала стэндап для чарговай праграмы «Итоги недели» на НТВ. Прапагандыстка праходзіла раз, другі, трэці, чацвёрты… нешта не атрымлівалася. Амапаўцы стаялі і назіралі за гэтай сцэнай, а Ірада Зейналава ўсё паўтарала і паўтарала як мантру свае словы пра тое, што з заводу ішлі рабочыя, а да іх прыставалі найміты з прапановамі страйкаваць за грошы, а тыя казалі: «Не! Мы за Лукашэнку галасавалі і мы яму давяраем! Пакіньце нас у спакоі! Мы хочам проста працаваць!» Нешта ў такім стылі.

Жаўнер-найміт можа пайсці на вайну, каб зарабіць грошай, а можа так здарыцца, што ён, паранены прапагандысцкай шрапнеллю, папросту хоча быць на полі бою, бо не бачыць сябе ў мірным свеце.

Мне падаецца, што з Дар’яй Дугінай так і здарылася. Дзяўчына пайшла па слядах бацькі. Бацькі, які носіцца з ідэяй еўразійскай звышдзяржавы. Ён лічыць, што Расея павінна будзе інтэграваць былыя савецкія рэспублікі ў новы Еўразійскі саюз.

Дар’я Дугіна (справа) побач са сваім бацькам Аляксандрам Дугіным.
Фота: Аким Акопов/Telegram

Дар’я даволі часта выступала на круглых сталах, рабіць заявы. Яна прапаноўвала ачысціць Маскву ад мігрантаў і правесці спецаперацыю ўнутры расейскага грамадства, а таксама ўхваляла палітыку талібаў. Такое адчуванне, што маладая жанчына адчула сябе патэнцыйным палітычным лідарам і ўжо займалася палітыкай, калі можна ўвогуле казаць пра якую-небудзь палітыку ў цяперашняй Расеі.

Калі вярнуцца да факту забойства Дар’і Дугінай, то ва ўсіх паведамленнях адразу кідаецца ў вочы тое, што разам з ёй у машыне нібыта мусіў ехаць і ейны бацька. Пісалі, што гэта нават ягоная машына, і ён папросту крыху затрымаўся, а Дар’я паехала раней. Але журналісты высветлілі, што «Toyota Land Cruiser 150 Prado» належала менавіта ёй і не была зарэгістраваная на Аляксандра Дугіна.

Расейскі журналіст Аляксандр Сотнік са спасылкай на ўласную ананімную крыніцу сцвярджае, што нагодай для забойства магла стаць помста. Сотнік апублікаваў «зліў» ад свайго інфарматара ў Twitter: «Дугіна мела дачыненне да крадзяжу грошай, якія Крэмль выдзеліў на фінансаванне выбарчай кампаніі ў Францыі – Ле Пэн. Грошы да Марын так і не дайшлі. Тое ж здарылася і з еўрапейскімі антыглабалістамі. Але прыбраць хацелі дачку і бацьку».

Дар’я Дугіна на заводзе «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. Чэрвень 2022 года.
Фота: PLATONOVA | Z / Telegram

Хто быў цэллю: бацька ці дачка? Ці сапраўды Дугіна можна лічыць галоўным ідэолагам Пуціна? Расейскія палітолагі скептычна ставяцца да гэтага меркавання. Магчыма, Дугін набыў вядомасць сваймі выказваннямі, якія час ад часу з’яўляюцца ў сеціве з каментарамі сатырычнага характару. Паплечнік Аляксея Навальнага Леанід Волкаў кажа: «Дугін, насуперак таму, што прынята лічыць на Захадзе, не ёсць колькі-небудзь значнай фігурай. Ён не частка сістэмы прыняцця рашэнняў ці, тым больш, не «шэры кардынал» Крамля. Сіла Крамля наогул не ў ідэалогіі, а ў яе адсутнасці».

Палітолагі схіляюцца да думкі, што забойства Дар’і Дугінай можа стаць глебай для легітымізацыі новай хвалі тэрору і спрацуе на ўзмацненне незадаволенасці ўладай у кансерватыўных колах.

Колькі яшчэ салдатаў і афіцэраў загіне, пакуль ніхто сказаць не можа. Але падобна на тое, што мы станем сведкамі не адной такой падзеі. Пакуль жа карціна адпавядае выразу: на вайне як на вайне. Нават калі гэтая вайна называецца гібрыднай.

Аналітыка
Фашызм, «руский мир» і «мазгі Пуціна». Што трэба ведаць пра забітую Дар’ю Дугіну і ейнага бацьку
2022.08.22 17:12

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў