«Цяпер ужо не плачу». Беларуска Дар'я – пра сваю працу ў праекце «Politzek.me»


Пісаць лісты палітвязням і ахвяраваць грошы на іх падтрыманне. Праваабаронца праекту «Politzek.me» Дар’я ўпэўненая, што гэта трэба рабіць, нягледзячы ні на што. У размове з «Белсатам» Дарʼя расказвае адкуль ініцыятыва бярэ грошы для падтрымання сваякоў палітзняволеных і чаму вельмі важна наладзіць з імі кантакт і рэгулярна размаўляць, нават калі яны – у Беларусі.

Дар’я, праваабаронца праекту «Politzek.me». Варшава, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Было і так, што паразмаўляла са сваяком палітвязня – і пайшла плакаць. Але гэтак было толькі спачатку. Ужо не плачу. Напэўна, стала больш таўстаскурая (смяецца). Але гэта паўплывала на мой псіхічны стан. Я зрабілася менш эмацыйнай, але больш дэпрэсіўнай, бо трэба перажываць кожную сітуацыю», – апавядае 27-гадовая беларуска Дарʼя.

Дзяліцца болем

Дарʼя зʼехала з Беларусі ў 17-гадовым узросце. Атрымала ў Польшчы адукацыю. Займалася рознымі праектамі і шмат дзе працавала. 10 гадоў жыве ў Польшчы, і яе беларуская мова мае адметны варшаўскі акцэнт. У 2020 годзе ў яе зʼявілася моцнае жаданне нешта рабіць для беларускай справы. У 2021 яна стала менеджаркай у працы з супольнасцю праекту «Палітзэк.мі» (ініцыятыва паўстала яшчэ пры штабе Віктара Бабарыкі).

Яе праца – камунікацыя са сваякамі палітвязняў. Дарʼя кажа, што часцей гэта не размовы, а перапіска. Штодзень яна піша, як мінімум, да 10 чалавек, якія знаходзяцца ў Беларусі (і не толькі), чые блізкія спазналі рэпрэсіі і знаходзяцца ў турмах ці калоніях.

«Запытваюся, як яны трымаюцца, ці патрабуюць якой псіхалагічнай або фінансавай дапамогі. Калі не, пытаюся, ці ведаюць яны тых, каму такая дапамога на гэты момант неабходная. Даведваюся таксама пра ўмовы ўтрымання ў калоніі ці турме іх блізкага. Як да яго ставіцца адміністрацыя, ці не змяніліся варункі ўтрымання, ці даходзяць лісты, ці няма праблемаў са здароўем, ці мае патрэбу ў дапамозе напісання скаргаў і г.д.», – распавядае праваабаронца.

Дарʼя кажа, што такая камунікацыя вельмі важная для сваякоў палітвязняў сама па сабе: яны не адчуваюць сябе пакінутымі і самотнымі, атрымліваюць магчымасць дзяліцца сваім болем.

Журналістаў баяцца больш, чым праваабаронцаў

Дзяўчына падкрэслівае, што інфармацыя збіраецца не для распаўсюду, а для фіксавання і збірання фактаў парушэння правоў чалавека ў турмах ды планавання далейшай працы. Інфармацыяй з журналістамі дзеліцца адно ў крайніх выпадках, і толькі са згоды крыніцаў.

Дар’я, праваабаронца праекту «Politzek.me». Варшава, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Праваабаронцы і журналісты – гэта дзве розныя справы. Людзі больш баяцца кантактаваць з журналістамі. Баяцца нават не за сябе, а за тое, што публікацыя ў СМІ можа пагоршыць для іх сваяка сітуацыю ў калонію і выйсці яму бокам», – кажа Дарʼя.

Калі «Палітзэк.мі» дакладна ведае, што не ўчыніць шкоды палітвязню, сам публікуе іх гісторыі ва ўласным праекце «Politzek Times» (згадаем, напрыклад, тэкст «Жыццё без цябе працягваецца» пра «хімію» Лявона Халатрана).

Тым не менш, зазначае Дарʼя, здараюцца выпадкі, калі людзі не ідуць на кантакт і камунікацыю ці перарываюць яе. Праз страх.

«І здараюцца, канечне, сітуацыі, калі мы дакладна ведаем, што людзям патрэбная дапамога, але на іх немагчыма выйсці – яны адмаўляюцца размаўляць. Баяцца прымаць дапамогу, хоць у нас ужо ёсць пэўная сума грошай і мы гатовыя падтрымаць матэрыяльна», – расказвае Дарʼя.

Адкуль у «Палітзэка» грошы

Па словах Дарʼі, грошы, якія «Палітзэк.мі» накіроўвае на падтрыманне палітзняволеных, – гэта выключна ахвяраванні беларусаў (данаты).

Паводле інфармацыі на сайце праекту, за ўвесь час існавання «Politzek.me» беларусы ахвяравалі больш за 33,5 тыс. еўраў, якія пайшлі на падтрыманне 118 семʼяў палітвязняў. Ініцыятыва, як кажа Дарʼя, брала ўдзел у марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно», але не ўдзельнічала ў размеркаванні сродкаў. Сайт прызналі «экстрэмісцкім» напрыканцы лістападу 2023 года.

На сайце праекту можна рабіць аднаразовыя ахвяраванні ці аформіць месячную падпіску на дапамаганне.

Як сцвярджае нашая суразмоўца, усе сродкі сабраныя на «Politzek.me», перадаюцца сваякам палітычных зняволеных, то бок ідуць на аплату адвакатаў, збіранне пасылак і перадачаў у месцы зняволення («Politzek.me» падлічыў, што сярэдні кошт перадачы складае 250 еўраў).

Гісторыі
Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай
2024.01.18 07:00

Дарэчы, дапамагчы палітвязням можна яшчэ і так: набыць мерч «Горад Палітвязняў», створаны мастачкай Каралінай Паляковай (аўтарка «Несмяротнай») у межах праваабарончага праекту.

Дарʼя прыйшла на сустрэчу з журналістамі «Белсату» менавіта ў такой цішотцы. На яе рукаве напісана: «Наша сіла ў салідарнасці».

Пісаць як звычайным людзям

Дарʼя прызнаецца, што з некаторымі сваякамі палітвязняў наладзіла такі цёплы і душэўны кантакт, што не перастае пісаць ім нават тады, калі сыходзіць у адпачынак. Гэта ўжо больш чым праца.

Дар’я, праваабаронца праекту «Politzek.me». Варшава, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Так, цяжка было дэлегаваць сваю працу камусьці іншаму, калі сыходзіла ў двухтыднёвы адпачынак. Не ведаю… Гэта ж мае дзяўчыны! Мне цяжка было пакінуць іх. Мне здаецца, што я ўспрымаю іх як сваіх дачок ці сясцёр. Хочацца ўсіх падтрымаць, даць ім яшчэ больш увагі, якую яны заслужылі і якая ім вельмі патрэбная зараз», – гаворыць Дарʼя.

Яна ўпэўненая, што ў сённяшняй сітуацыі найпрасцейшай формай падтрымання палітзняволеных ёсць напісанне лістоў за краты. Хай сабе іх дарога будзе вельмі доўгая, а на яе канцы ліст прачытае не адрасат, а цэнзар – усё адно трэба пісаць, лічыць Дарʼя. Нягледзячы ні на што.

«Сітуацыя такая, што шмат лістоў не прабіваюцца праз цэнзараў, шмат не прапускаюць, калі лісты дасылаюцца з-за мяжы – лісты даходзяць, збольшага, толькі ад сваякоў. Таму трэба шукаць шляхі. Але нават калі іх няма – дасылаць лісты наўпрост у калонію ці СІЗА, нават з той жа Варшавы. Хай цэнзары і адміністрацыя калоніяў ведаюць, што падтрыманне і салідарнасць не спыняецца», – кажа Дарʼя.

На сайце «Politzek.me» зараз працуе канструктар лістоў. З яго дапамогай скласці ліст, як сцвярджаецца, можна за 15 хвілін. Потым – захаваць яго ці раздрукаваць. Выбраць адрасата-палітвязня можна там жа.

Як кажа Дарʼя, за 2023 год на пляцоўцы праекту беларусы «сабралі» больш за 600 лістоў палітвязням. А калі лічыць з моманту стварэння ініцыятывы – каля 10 тысяч лістоў, у тым ліку напісаных карыстальнікамі ў межах сяброўства (функцыя «пасябраваць» прадугледжвае выкананне шэрагу заданняў, сярод якіх напісанне лістоў).

Меркаванні
Фізічны рэсурс палітвязняў мае абмежаванні. А ці мае бар’ер псіхалагічны рэсурс іх блізкіх?
2024.01.21 10:48

«Многія хочуць напісаць ліст, але сутыкаюцца з псіхалагічнай блакадай, такой сцяной. Не ведаюць, што напісаць. Ці думаюць, што калі пачнеш пісаць пра нешта пазітыўнае, то чалавек у няволі будзе зайздросціць ці злавацца. Я не магу казаць пра ўсіх, але гэта не так. Большасць дакладна будзе цешыцца добрым і пазітыўным навінам з волі. Пра надворʼе, пра выхад новага трэку, пра прачытаную кніжку», – перакананая Дарʼя.

«Я думаю, галоўная праблема – ва ўспрыманні сітуацыі і людзей за кратамі такім чынам, быццам яны ўжо не існуюць на гэтым свеце, быццам памерлі ўжо, змяніліся там да непазнавальнасці і нас таксама ўжо не пазнаюць. Але ж не! Не! Гэта тыя самыя людзі, якіх мы ведалі раней – чыесьці сыны, дочкі, мужы, мамы і таты… І пісаць ім трэба як звычайным людзям!» – дадае праваабаронца.

Яна дадае, што перадае сваякам палітвязняў (калі мае іх кантакт) і тыя пасланні, якія людзі пакідаюць на старонцы сайта, а таксама лісты да іх родных у турмах, напісаныя на імпрэзах. Каб захавалі ці перадалі нейкім чынам у калонію.

Калі вернемся да нармальнага жыцця

Дарʼя прызнаецца, што цяпер, калі яна мае за плячыма двухгадовы досвед камунікацыі з людзьмі ўразлівай групы – са сваякамі палітычных зняволеных, можа сказаць, што ў яе гэта добра атрымліваецца. Дала рады са слязьмі. У «самых балючых сітуацыях» (якія, зразумела, здараюцца) дапамагаюць псіхолагі, да якіх, кажа, не трэба баяцца звяртацца.

Дар’я, праваабаронца праекту «Politzek.me». Варшава, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І ў мяне ёсць такая важная для гэтай працы рыса: я даволі хутка забываю, што са мной здараецца. Відаць, гэта мая ўласная псіхіка спрабуе абараніць мяне такім чынам. І вось, я дастаткова хутка вяртаюся да жыцця», – пасміхаецца Дарʼя.

Да нармальнага жыцця вернуцца ўсе, перакананая праваабаронца «Politzek.me». Наколькі хутка – гэта залежыць ад кожнага беларуса. Дарʼя заклікае не спыняцца і працягваць пісаць лісты ды данаціць грошы для дапамогі палітвязням і іх сваякам.

Выказваем вялізную падзяку «Музею вольнай Беларусі» ў Варшаве, які гасцінна прытуліў журналістаў «Белсату» і іх суразмоўцу ў адным са сваіх памяшканняў для стварэння гэтага матэрыялу.

Гісторыі
«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў
2024.01.02 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў