У Беларусі зноў зменяць правілы цэнаўтварэння. Цяпер кошты будуць «справядлівымі»


З 1 студзеня ў Беларусі пачне дзеяць новая сістэма цэнаўтварэння. Улады абяцаюць, што яна будзе тычыцца толькі спажывецкіх тавараў на ўнутраным рынку. На адмысловай нарадзе Лукашэнка даручыў, каб цэны былі справядлівымі, і заявіў, што гэта ні ў якім разе не папулізм перад выбарамі, перадаюць дзяржаўныя крыніцы.

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Попыт на справядлівасць заўсёды быў у славянаў, і ў нас у тым ліку», – заявіў напачатку нарады Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, улады ніколі не намагаліся замарожваць цэны ў Беларусі, а толькі рэгуляваць. Кошты будуць расці, але не проста так, а справядліва.

«Выраслі цэны, напрыклад, на малако. Пытанне ў тым, каму прырост гэтых коштаў у кішэню пайшоў. Калі гэта даярка атрымала заробак не 700 рублёў, а 720 – гэта яшчэ сяк-так. Але мы ж паводле даклада Камітэту дзяржкантролю бачылі, што гэтыя цэны раскладвалі па кішэнях тыя, хто сёння менш за ўсё заслугоўваюць. І нават не гандлёвыя работнікі, а нейкія гаспадары, атрымліваючы мінімальна па $35 тысяч у месяц. Гэта нармальна?» – сказаў Лукашэнка.

Ён даручыў запусціць з 1 студзеня «дакладную і зразумелую сістэму», каб ніхто не бегаў у міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і не выпрошваў дазволу павысіць цэны. Такую опцыю прадугледжвае пастанова ўрада аб рэгуляванні коштаў, ухваленая ў леташнім кастрычніку.

«Мэта адна: ніякія вытворцы, бізнесмены і іншы люд, і гандаль, і іншыя, хто займаецца паслугамі, не павінны бегаць у МАРГ або ўрад, яны не павінны туды бегаць і ўзгадняць кошты. З 1 студзеня павінна быць дакладная зразумелая сістэма. Вось у вас 3% у год прырост у нейкіх групах тавараў або агулам – і ўсё. У першым квартале адсотак, у другім, у трэцім… А ў чацвёртым – дэфляцыя 0,1%. І людзі будуць разумець, як ім выбудоўваць цэнаўтварэнне», – заявіў палітык.

Агляд
«Назапашванне інфляцыйнага навеса». Эканамісты папярэдзілі пра пагрозу рэзкага росту цэнаў у Беларусі
2023.09.27 16:51

Удзельнік нарады, першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, пасля пасяджэння раскрыў некаторыя падрабязнасці анансаванай сістэмы. Плануецца, што ручнога ўзгаднення коштаў амаль не будзе, а рэгуляванне закране толькі спажывецкія тавары на ўнутраным рынку – тое, што беларусы бачаць па паліцах у крамах.

«Будзе выбудаваная сістэма, мінімальна звязаная з узгадненнем цэнаў з кім-кольвек. Будзе вызначаны адсоткавы парог, у рамках якога любое прадпрыемства можа вызначаць цэны на ўнутраны спажывецкі рынак. І гэта дакладна не датычыцца экспарту. На экспарт можаце адпраўляць з якой заўгодна цаною і там кампенсаваць недаатрыманы прыбытак на ўнутраным рынку», – адзначыў чыноўнік.

Ён паабяцаў, што дэфіцыту ў Беларусі не будзе, бо «унутраны рынак – гэта святое»:

«На ўнутраны рынак трэба пастаўляць па тых справядлівых цэнах, што фармуюцца ў нас у адпаведнасці з 713-й пастановаю, якая дзее, і з той новай скарэктаванай сістэмаю, якая будзе дзеяць у 2024 годзе. Гэта проста святы абавязак – забяспечыць насычэнне ўнутранага рынку».

Інфаграфіка
Салат сёлета ў Беларусі будзе самым дарагім. Як «Індэкс аліўе» ў разы абагнаў інфляцыю
2023.12.20 07:03

Снапкоў падкрэсліў, што налета ў гандлі застанецца абмежаванне на нацэнкі, бо «іншых варыянтаў бракуе»:

«Вопыт і практыка 2023 года паказваюць, што мы знайшлі гэты баланс паміж справядлівым фармаваннем цаны ў сетках і бясстратнасцю сетак».

Ці сапраўды гандлёвыя сеткі пачуваюцца добра, невядома: Белстат хавае гэтую статыстку. На нарадзе Снапкоў адсправаздачыўся, што прыбытак гандлю зменшыўся, але гэта не сталася сюрпрызам.

«Як і чакалася, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў гандлі ўпаў, гэта і не магло быць інакш, таму што мы кантралявалі надбаўкі. З 714 арганізацыяў, што ўлічвае Белстат, за 10 месяцаў 137 аказаліся стратнымі, прычым 105 з іх сфармавалі свае страты за кошт бягучай дзейнасці. У гэтай сітуацыі асноўная маса прадпрыемстваў гандлі дэманструюць фінансавую ўстойлівасць», – сказаў першы намеснік кіраўніка ўрада.

Аналітыка
Эканоміка Беларусі больш не можа хутка расці, а цэны могуць – прагноз на 2024 год
2023.12.21 15:48

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў