У Варшаве ўручылі медалі Ордэну Пагоні. Падчас цырымоніі людзі плакалі


Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Маці Мікіты Крыўцова, Анджэліка Кухто, атрымлівае ад Яўгена Вапы медаль Ордэну Пагоні, прызнаны Радай БНР яе сыну Мікіту. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 году.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

21 траўня ў Варшаве ўручылі медалі Ордэну Пагоні былой палітычнай зняволенай Дар’і Чульцовай, сваякам палітычных вязняў, а таксама родным беларусаў, якія аддалі жыцці за свабоду Беларусі і былі ўзнагароджаныя Радаю БНР пасмяротна.

Падчас цырымоніі, якая прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве, кіраўнік Саюзу беларусаў Польшчы Яўген Вапа перадаў медалі Ордэну «Пагоні» сваякам і сябрам палітычных зняволеных Васіля Грудовіка, Уладзіміра Гундара, Дзяніса Івашына і Паліны Шарэнды-Панасюк.

Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Андрэй Панасюк, муж Паліны Шарэнды-Панасюк, атрымлівае медаль Ордэну Пагоні, прызнаны ягонай жонцы Радай БНР, ад Яўгена Вапы. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 году.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пасля ўручэння ордэнаў, прызнаных пасмяротна, Мікіты Крыўцова ягонай маці Анджэліцы Кухто, Рамана Бандарэнкі – ягонай стрыечнай сястры Вользе Кучарэнке, а Эдуарда Лобава – ягонаму брату Уладзіславу, многія прысутныя заплакалі.

«Ёсць слёзы, а ёсць вера, надзея і праўда. І веданне таго, што мы разам», – адрэагаваў на эмоцыі Яўген Вапа.

Адзінай ўзнагароджанай асабіста стала журналістка «Белсату», былая палітзняволеная Дар’я Чульцова. Ёй прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за стрым з разгону сілавікамі людзей, якія 15 лістапада 2020 году прыйшлі на Плошчу Пераменаў ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Ордэн для журналісткі Кацярыны Андрэевай, з якой у той дзень працавала Чульцова, Рада БНР перадасць яе сваякам у Беларусь.

Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Дар’я Чульцова з медалём Ордэну Пагоні і Яўген Вапа падчас цырымоніі ўручэння ўзнагародаў. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Напрыканцы цырымоніі Яўген Вапа параўнаў цяперашнюю сітуацыю з падзеямі стогадовай даўніны, калі, нягледзячы на вайну, беларусы кінулі выклік усім ворагам і гісторыі.

Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Уладзіслаў Лобаў атрымлівае медаль Ордэну Пагоні, прызнаны Радай БНР ягонаму брату Эдуарду, ад Яўгена Вапы. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Людзі сказалі, што хочуць мець сваю дзяржаву. І пайшлі на няроўны бой – як, напрыклад, случчакі, – дадаў Вапа. – І нашыя аднадумцы, якія цяпер гінуць ува Украіне ці сядзяць у беларускіх турмах, добра ведаюць пра выбар свайго лёсу. Гэта выбар сваёй жыццёвай дарогі. Мае сябры, якія раней сядзелі ў турмах ды пераносілі здзекі, ніколі не мелі хістання і расчаравання ад думак на карысць незалежнай Беларусі. І ў гэтым сіла».

Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, з медалём Ордэну Пагоні, прызнаным яе брату Радай БНР. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Медаль Ордэну Пагоні быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэння грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларуссю. Першае ўзнагароджанне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 года. Другое – 25 сакавіка 2023 года. Агулам на сёння узнагароды прызналі 37 асобам. Сярод іх – актывісты, пратэстоўцы, а таксама беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Украіне ў 2022 годзе.

Уручэнне медалёў Ордэну Пагоня
Сакратар Рады БНР Алесь Чайцыц падчас цырымоніі ўручэння медалёў Ордэну Пагоні вітае прысутных у Беларускім доме ў Варшаве па відэасувязі. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Паводле сакратара Рады БНР Алеся Чайчыца, медалі адліваюцца ў Вялікай Брытаніі, у тым жа месцы, дзе вырабляюць афіцыйныя брытанскія ўзнагароды.

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў