Як змянялася пазіцыя Лукашэнкі наконт Крыму і Данбасу. І ці змянялася яна


Сустрэча двух непрызнаных лідараў – Аляксандра Лукашэнкі і Дзяніса Пушыліна – выклікала рэзкую рэакцыю з боку ўладаў Украіны, анексаваную частку якой і рэпрэзентаваў апошні. Разам з тым, фактычна рэжым у Менску прызнаў як «ЛДНР», так і Крым расейскімі значна раней. Нашмат раней.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Vyacheslav Oseledko / AFP / East News

Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка сустрэўся з Дзянісам Пушыліным, часовым выканальнікам абавязкаў кіраўніка «Данецкай Народнай Рэспублікі» – акупаванай Расеяй часткі Данецкай вобласці Украіны. Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй на фронце і спытаў: «У гэтай сітуацыі што Беларусь можа зрабіць для Данецку?» І паабяцаў дапамогу ў аднаўленні эканомікі рэгіёну «і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць».

Бакі абмеркавалі ўзаемавыгадную супрацу «ў розных аспектах, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі з улікам высокіх кампетэнцыяў Беларусі, а таксама ў сферы прамысловасці і будаўніцтва».

Украінскі бок назваў сустрэчу «чарговым і абуральным несяброўскім актам» з боку Менску, накіраваным на падтрыманне дзяржавы-агрэсара. Кіеў вырашыў адклікаць амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацыяў, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў той жа дзень наведаў памежную з Беларуссю Валынскую вобласць.

Паводле словаў старшыні камітэту Вярхоўнай рады Украіны ў справе вонкавай палітыкі Аляксандра Мэрэжкі, рэжым Лукашэнкі на сённяшні дзень ужо даў шмат падставаў, каб «як мінімум адклікаць для кансультацыяў» украінскага амбасадара. Аднак менавіта нядаўняй сустрэчай з кіраўніком «ДНР» Лукашэнка «перасек адну з апошніх чырвоных рысаў».

Аналітыка
«Магчыма, гэта пачатак эскалацыі». Спыталі экспертаў, ці вернецца пасол Украіны ў Менск
2023.04.19 18:46

Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць дзеянні Кіева магчымым пачаткам эскалацыі. Бо дагэтуль, кажа ён, афіцыйны Кіеў прытрымліваўся тактыкі не правакаваць і не раздражняць Лукашэнкі. Бо калі ён раззлуецца, то можа адправіць беларускія войскі ва Украіну ваяваць. А цяпер атрымліваецца, што сам Менск «перайшоў пэўны рубікон». Гэта, вядома, не вайна, адзначае Карбалевіч, але прызнанне часткі ўкраінскай тэрыторыі фактычна расейскай. І гэта можа прывесці да таго, што тактыка Кіева зменіцца.

Каментар
Украінскі палітык Аляксандр Мэрэжка: Лукашэнка перайшоў перадапошнюю чырвоную рысу
2023.04.20 08:00

Разам з тым пазіцыя Лукашэнкі адносна анексіі Крыму Расеяй і вайны на Данбасе мала змянілася з 2014 года. І, нягледзячы на звароты з Кіева «аб падтрыманні ў захаванні цэласці Украіны і недапушчэнні кровапраліцця ў гэтай краіне», Лукашэнка з самага пачатку ўскладаў віну за агрэсію Расеі на ўлады Украіны.

«Крым дэ-факта расейскі»

Ужо 23 сакавіка 2014 года Лукашэнка заявіў, што Кіеў сам даў падставу Маскве «адцяць Крым», а «Расея ўмяшалася, калі ўбачыла, што душаць нават не расейскі, а славянскі свет, калі навісла пагроза над Крымам, які некалі належаў Расеі, дзе з двух з лішнім мільёнаў паўтара мільёна расейцаў і наогул блізу два, якія такой палітыкі не прымаюць».

А ўсяго праз пяць дзён у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Савіку Шустэру Лукашэнка і ўвогуле сказаў, што «дэ-факта Крым сёння не тэрыторыя Украіны, а тэрыторыя Расеі». А ўлады Украіны, «спакойна, склаўшы лапкі», здаліся. Паводле Лукашэнкі, «паводзіны ўкраінскіх уладаў і вайскоўцаў у Крыме кажуць пра тое, што гэта не іх зямля». Тады ж ён заявіў, што мае намер наладжваць адносіны «і з Крымам, і з Украінай».

Пра тое, што «ўлады Украіны, як мінімум, далі падставу для таго, каб расейцы насцярожыліся і распачалі прэвентыўныя захады для абароны расейскамоўнага насельніцтва ў Крыме», Лукашэнка казаў і пазней. Таксама 1 кастрычніка 2014 года ў інтэрвʼю «Euronews» ён адзначыў, што ўлады Украіны, «ушчамляючы» правы расейскамоўных, справакавалі і канфлікт на ўсходзе краіны.

«Шукайце прычыну не ў Расеі, а ў сябе. Мінімум – вы далі падставу для таго, каб Расея далучыла Крым да Расейскай Федэрацыі! Вы ў гэтым вінаватыя, а не Расея», – заявіў ён 16 кастрычніка 2014 года, падкрэсліўшы, што паўвостраў «аддалі Расеі без адзінага стрэлу».

Жанчына праходзіць побач з вялізным плакатам з выяваю расейскага салдата і літары «Z» у Севастопалі, Крым, Украіна. 23 красавіка 2022 года.
Фота: AFP / East News

Варта прызнаць, што ў 2014 годзе Лукашэнка таксама заклікаў знішчаць і «баевікоў, якія ваююць супраць украінцаў». Але было гэта толькі аднойчы і тое падчас візіту 7 чэрвеня ў Кіеў на інаўгурацыю прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Больш з такімі заклікамі Лукашэнка не выступаў.

Але ўжо праз тры месяцы ў размове з расейскімі журналістамі ён заявіў датычна «вось гэтай бойні на паўднёвым усходзе Украіны», што «Расея проста вымушаная абараняць і падтрымліваць гэтыя тэрыторыі».

Грошай не далі

Непрызнанне Крыму расейскім юрыдычна Лукашэнка тлумачыў толькі тым, што Крамлю «такі пасярэднік патрэбны». А таксама нежаданнем расейскіх уладаў аплаціць яму наступствы санкцыяў за такое прызнанне.

«У Расеі заяўляюць (прэзідэнта я выключаю, мы з ім дамовіліся, і ён разумее): вось Лукашэнка заняў такую пазіцыю! Я вымушаны быў публічна сказаць: слухайце, супакойцеся! Думайце трошкі далей, глыбей. Можа, вам спатрэбіцца ў гэтым канфлікце такая Беларусь з такой пазіцыяй», – сказаў ён 1 сакавіка 2019 года.

Разбор
Украінскія ўлады называюць пазіцыю Ціханоўскай незразумелаю. Што яна насамрэч казала пра вайну, Крым і Пуціна
2022.10.17 19:34

Пры гэтым Лукашэнка патрабаваў ад украінскіх журналістаў «цаніць» яго за адсутнасць прызнання Крыму расейскім, таму што «па-чалавечы кажучы» варта было падтрымаць Расею. А таксама, услед за Крамлём, заклікаў Кіеў ісці на кантакт «з цяперашнімі кіраўнікамі ДНР і ЛНР» і рабіць «крокі насустрач», праводзіць там выбары.

«Сядзь у верталёт і ляці ў Данецк, Луганск. Калі б Валодзя Зяленскі туды прыляцеў, і ва Украіне б пляскалі ў ладкі, і на Данбасе, і ў Луганску», – казаў ён 9 жніўня 2021 года, заклікаючы падзяляць Крым і Данбас – нібыта «гэта дзве розныя гісторыі».

Чым далей у лес, тым таўсцейшыя партызаны

1 чэрвеня 2021 года Лукашэнка абяцаў адкрыць авіярэйсы ў Крым, бо «ў нас ёсць свой санаторый у Крыме, у Місхоры, куды людзі заўсёды ездзілі, лёталі». Зноў жа вінаватая ў праблемах, як вынікае з ягоных словаў, Украіна, якая далучылася да еўрапейскіх санкцыяў за пасадку самалёта «Ryanair» і зладзіла «гэтую каніцель, гэтую камбінацыю на ўзроўні правакацыі». А з яго самога «взятки гладки».

4 лістапада 2021 года Лукашэнка перадаваў крымчанам «самыя цёплыя віншаванні» і «пажаданні моцнага здароўя і мужнасці ў гэты няпросты час». І нават сам меў намер наведаць Крым. Але ні сам не паляцеў, ні рэйсаў не адкрыў. Толькі адправіў дэлегацыю сваіх прапагандыстаў.

«Крым дэ-факта – гэта расейскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым зрабіўся расейскім», – заявіў Лукашэнка 30 лістапада 2021 года ў гутарцы з Дзмітрыем Кісялёвым, пашырыўшы сваю ж фразу ад 28 сакавіка 2014 года.

Таксама да словаў пра тое, што Кіеў без бою здаў Крым, ён дадаў, што ў 2014 годзе ўкраінскія вайскоўцы самі прапанавалі расейцам: «Пытанне Крыму трэба вырашаць» – інакш ён бы, маўляў, стаў натаўскім. А падчас паслання 31 сакавіка 2023 года з’явіліся і новыя падрабязнасці падзеяў 2014 года:

«Улічваючы надзвычайную пагрозу бяспецы, Расейская Федэрацыя вымушаная была пайсці на надзвычайныя захады, уключыўшы ў склад Расеі Крым (заўважце, успомніце, без адзінага стрэлу!). Падзеі на ўсходзе Украіны (Данбас) сталі працягам палітыкі знішчэння ўсяго расейскага. Ідэалогія фашызму (ужо фашызму!) ператвараецца ў практыку: забойствы нязгодных і падпалы, у полымі якога гарэлі людзі (Адэсу ўспомніце). Вынішчэнне расейскага насельніцтва, правакацыі супраць Расеі і яе кіраўніцтва вымусілі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі прыняць захады для абароны рускага чалавека».

Гештальт закрыты

Пытанне ж прызнання «ДНР» і «ЛНР» Лукашэнка падняў падчас вучэнняў з расейцамі 17 лютага 2022 года, паабяцаўшы, што «гэта будзе супольнае рашэнне» з Пуціным. А 24 лютага 2022 года, у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, адзначыў, што найбліжэйшым часам прыме рашэнне датычна прызнання «ДНР» і «ЛНР».

«Гэта не праблема», – сказаў тады Лукашэнка.

Праўда, праз пяць месяцаў – 21 ліпеня 2022 года – сам жа дэзавуяваў свае заявы:

«Ніякай неабходнасці. Гэта б нічога не дадало ні Луганску, ні Данецку, ні Крыму. Але калі Крыму, Луганску, Данецку трэба будзе харчаванне, цэгла, цэмент, аднаўляць і іншае, мы будзем ім дапамагаць. Трэба будзе – прызнаем. Калі ў гэтым будзе сэнс нейкі. Але які сэнс сёння, прызнаю я публічна ці не прызнаю. Мы фактычна з імі супрацоўнічаем»

«Дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк. Таму што мы з імі супрацоўнічаем», – сказаў Лукашэнка французскаму агенцтву AFP.

Аналітыка
«Пачатак пакладзены». Што стаіць за візітам у Беларусь кіраўніка «ДНР», і чаму яго ігнаруе Лукашэнка
2022.07.28 17:18

Праз тыдзень пасля гэтага ў Беларусь прыехала дэлегацыя ўсё з тым жа Пушыліным на чале, але тады Лукашэнка з ім не сустракаўся, хоць пэўныя сустрэчы на ўзроўні мясцовых уладаў адбыліся. 18 красавіка Лукашэнка закрыў і гэты гештальт.

Макар Мыш /ІР belsat.eu

Стужка навінаў