Украінскі палітык Аляксандр Мэрэжка: Лукашэнка перайшоў перадапошнюю чырвоную рысу


Лукашэнка мусіць  адказаць за ўзурпацыю ўлады ў Беларусі і за хаўрусніцтва ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Беларусы ва Украіне паказваюць, што найлепшая частка народу не на баку дыктатара, а на баку Украіны ў супольнай барацьбе. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» сказаў кіраўнік Камітэту замежнай палітыкі ў Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксандр Мэрэжка. Таксама ён зрабіў важную заяву пра неабходнасць дыялогу афіцыйнага Кіева з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай і пракаментаваў некаторыя ўкраінскія ініцыятывы ў дачыненні Беларусі.

Аляксандр Мэрэжка адказвае на пытанні Вітаўта Сіўчыка падчас жывога эфіру. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Сустрэча Лукашэнкі і Пушыліна – чаму такая рэакцыя Кіева

Паводле ацэнкі кіраўніка Камітэту замежнай палітыкі ў Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксандра Мэрэжкі, рэжым дыктатара Лукашэнкі на сёння ўжо даваў шмат падставаў, каб «як мінімум адклікаць для кансультацыяў» украінскага амбасадара. Аднак менавіта нядаўняй сустрэчай з кіраўніком незаконнай адміністрацыі акупаванай часткі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным Лукашэнка «перайшоў адну з апошніх чырвоных рысаў». Таму амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім урэшце адкліканы ў Кіеў для кансультацыяў на няпэўны тэрмін.

Мэрэжка нагадаў, што Украіна разарвала дыпламатычныя адносіны з тымі дзяржавамі, якія афіцыйна прызналі акупацыйныя адміністрацыі на часова акупаваных частках Данецкай і Луганскай вобласцяў, так званыя ДНР і ЛНР, што разглядаюцца як тэрарыстычныя арганізацыі. Мэрэжка назваў дзеянні Лукашэнкі «яўнай і наўмыснай правакацыяй». І калі рэжым Лукашэнкі зробіць далейшыя крокі і прызнае «ДНР – ЛНР», гэта «стане апошняй кропляй, апошняй чырвонай рысай, пасля якой дыпламатычныя адносіны з дыктатарскім рэжымам будуць цалкам спыненыя».

Каментуючы пытанне вядоўцы «Белсату» Вітаўта Сіўчыка адносна таго, што сустрэча з Пушыліным фактычна стала такім прызнаннем, Мэрэжка падкрэсліў існаванне юрыдычнай розніцы паміж прызнаннем і правакацыйнай сустрэчай, бо прызнанне «патрабуе пэўнага юрыдычнага кроку», які пакуль што не зроблены. Таму і разрыву адносінаў пакуль што няма. Аднак, кажа дэпутат, рэжым Лукашэнкі наблізіўся да прызнання «ДНР – ЛНР» ушчыльную, бо нават такая сустрэча парушае нормы міжнароднага права, у прыватнасці, прынцып суверэннай роўнасці дзяржаваў і прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці. Калі юрыдычнае прызнанне ўсё ж адбудзецца, на думку Мэрэжкі, рэакцыя МЗС Украіны будзе «імгненнай і рашучай».

У гутарцы пра імаверныя прычыны правядзення правакацыйнай сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным кіраўнік Камітэту замежнай палітыкі выказаў здагадку, што намер Лукашэнкі палягаў на тым, каб справакаваць Кіеў да рэзкіх крокаў, накшталт разрыву дыпламатычных адносінаў. Мэрэжка мяркуе, што Лукашэнка застаецца пад поўным кантролем Крамля, і не выключана, што гэта была супольная аперацыя менскага і крамлёўскага дыктатараў.

Пра ініцыятыву прызнання Беларусі акупаванай

Таксама Мэрэжка пракаментаваў ініцыятыву іншага дэпутата ВР Украіны, Аляксея Ганчарэнкі, які выставіў ва ўкраінскім парламенце прапанову прыняць рэзалюцыю аб прызнанні рэжыму Лукашэнкі акупацыйным і марыянеткавым і паставіць ад імя ўкраінскай дзяржавы пытанне пра выключэнне гэтага рэжыму з усіх міжнародных арганізацыяў. Кіраўнік камітэту замежнай палітыкі ВР бачыць пэўныя рызыкі ад рэалізацыі гэткай ініцыятывы: калі прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй, уся юрыдычная адказнасць за дзеянні Менску як бы пераносіцца на Крэмль. Аднак менскі рэжым і сам вінаваты ў міжнародным злачынстве – агрэсіі супраць Украіны. Калі ж прызнаць менскі рэжым акупацыйным, ён можа пазбегнуць адказнасці за свае свядомыя дзеянні.

«На сённяшні дзень менскі рэжым з пункту гледжання міжнароднага права ёсць хаўруснікам Расеі ў здзяйсненні цяжкага міжнароднага злачынства, якім ёсць агрэсія», – заявіў Аляксандр Мэрэжка.

Не адмаўляючы асабістай віны Лукашэнкі, у тым ліку крымінальнай, у здзяйсненні цяжкога міжнароднага злачынства, Мэрэжка мяркуе, што няправільна будзе прызнаваць Беларусь акупаванай, бо гэта адразу паставіць пад сумнеў прававы статус Беларусі як субʼекта міжнароднага права. Пакуль жа Кіеў, са словаў кіраўніка камітэту ВР, не перастаў лічыць Беларусь гэткім субʼектам, нягледзячы на ўсе ўчыненыя Лукашэнкам крокі. Кіраўнік камітэту адзначыў, што ініцыятыве Ганчарэнкі мусяць даць ацэнку спецыялісты, прынамсі, МЗС Украіны, ці можна лічыць прапанаваныя крокі «рацыянальнымі і мэтазгоднымі».

Пры гэтым, паводле Мэрэжкі, Кіеў не разглядае самога Лукашэнкі як легітымнага прадстаўніка Беларусі, бо выбары былі сфальсіфікаваныя. І «ён народу не прадстаўляе», ягоны рэжым – «антынародны». І таму пры захадах у дачыненні Лукашэнкі трэба ўлічваць юрыдычныя пытанні міжнароднага права, каб ён раптам не выйшаў з-пад адказнасці.

Такім чынам, падсумоўваючы сказанае кіраўніком Камітэту замежнай палітыкі ў ВР Аляксандрам Мэрэжкам наконт ініцыятывы дэпутата ВР Аляксея Ганчарэнкі, можна зрабіць выснову, што Украіна хацела б, каб Аляксандр Лукашэнка, які ўзурпаваў уладу ў Беларусі, адказаў і за гэты ўчынак, і за тое, што зрабіў суверэнную Беларусь хаўрусніцаю агрэсіі Расеі супраць Украіны і каб ні ў якім разе не пазбег адказнасці.

Аляксандр Мэрэжка.
Фота: Oleksandr Merezhko / Facebook

Дэпутат ВР таксама адзначыў, што прызнанне або непрызнанне дзяржаваў, як і іншыя пытанні замежнай палітыкі, паводле Канстытуцыі Украіны ўваходзяць у кампетэнцыю прэзідэнта.

Беларусы не роўныя Лукашэнку

Аляксандр Мэрэжка адказаў на пытанне вядоўцы «Белсату», ці можна нешта зрабіць, каб беларусаў, якія ёсць ва Украіне, не атаяснялі з рэжымам Лукашэнкі. Бо ва Украіне ваююць беларускія добраахвотнікі, а беларускія валанцёры аказваюць шмат падтрымання ўкраінцам. Кіраўнік камітэту адзначыў, што гэта вельмі важнае пытанне, і правёў паралелі з французскім супрацівам падчас Другой сусветнай вайны. Супраціў на чале з Шарлем дэ Голем уратаваў гонар Францыі. Гэтак жа сёння гонар Беларусі ратуюць і беларусы ва Украіне.

«Полк Каліноўскага грае агромністую ролю. Ён не толькі абараняе Украіну, але і абараняе гонар Беларусі і яе народу. Ён паказвае, што ўсё ж народ Беларусі падтрымлівае Украіну. Найлепшыя яго прадстаўнікі гатовыя ўдзельнічаць у нашай супольнай барацьбе супраць нашага агульнага ворага, супраць агрэсара, які спрабуе знішчыць не толькі Украіну, але і Беларусь», – заявіў кіраўнік камітэту ВР.

Што тычыцца канкрэтных крокаў, якія можна было б зрабіць, каб беларусам ва Украіне не блакавалі рахункаў, не ставілі перашкодаў і ўвогуле не ставілі знаку роўнасці паміж грамадзянамі Беларусі і грамадзянамі Расеі, тут Аляксандр Мэрэжка адзначыў, што гэта пытанні нацыянальнага заканадаўства Украіны. І такія пытанні застаюцца ў кампетэнцыі іншых камітэтаў Вярхоўнай Рады. Ён нагадаў, што ў Радзе ёсць міжфракцыйнае абʼяднанне дэпутатаў, якое падтрымлівае дэмакратычны рух у Беларусі. І праблемы, якія паўстаюць у беларусаў ва Украіне, трэба залагоджваць.

«Я думаю, што мае калегі, якія падтрымліваюць дэмакратыю ў Беларусі, яны, як дэпутаты, могуць праявіць адпаведную ініцыятыву і нешта прапанаваць, што б дазволіла не атаясняць беларусаў з дыктатарскім рэжымам і з грамадзянамі дзяржавы-агрэсара, то бок Расеі», – сказаў Аляксандр Мэрэжка.

Кіраўнік камітэту ВР таксама пракаментаваў і той факт, што пасля 2020 года практычна ўсе кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаваў, таксама Злучаных Штатаў і Канады сустрэліся са Святланай Ціханоўскай, якая выйграла ў першым туры выбары прэзідэнта Беларусі, аднак не змагла ўзяць улады праз жорсткія рэпрэсіі. Аднак пакуль што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не сустракаўся з Ціханоўскай. Адказваючы на пытанне вядоўцы «Белсату», ці можа нешта змяніцца ў цяперашняй сітуацыі, з улікам дзеянняў Лукашэнкі, калі ёсць пагроза ўводу ў Беларусь ядравай зброі і  Пушыліна прымаюць у Менску, Аляксандр Мэрэжка выказаўся за падтрыманне адносінаў з Ціханоўскай.

«Змены могуць адбыцца. Але пытанні прызнання ці непрызнання – гэта кампетэнцыя прэзідэнта, а не парламенту. Што тычыцца мяне, то я мяркую, што неабходна падтрымліваць дыялог са Святланай Ціханоўскай, паколькі яна валодае пэўным узроўнем легітымнасці», – заявіў Аляксандр Мэрэжка.

Ён паведаміў, што прымаў нядаўна ўдзел у Вашынгтоне ў шэрагу канферэнцыяў і слухаў выступы Святланы Ціханоўскай на гэтых канферэнцыях.

«З майго пункту гледжання, ейныя выступленні і тыя мэсіджы, якія яна фармулюе, вельмі правільныя і, я б сказаў, праўкраінскія. Таму я прыхільнік дыялогу са спадарыняй Ціханоўскай. І я думаю, што такі дыялог, хаця б на міжпарламенцкім узроўні, патрэбны», – падсумаваў кіраўнік Камітэту замежнай палітыкі ў Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксандр Мэрэжка.

Цалкам інтэрв’ю можна паглядзець на відэа.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў