У Беларусі скарачаецца колькасць аўтобусных маршрутаў, што ходзяць у Літву


З 1 красавіка прыпыняецца выкананне перавозак пасажыраў па рэгулярным міжнародным маршруце «Барысаў – Вільня». Пра гэта выданню «Мінская праўда» паведамілі ў «Менаблаўтатрансе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прычынай прыпынення перавозак стала заканчэнне тэрміну дзеяння дазволаў на выкананне міжнародных аўтамабільных перавозак пасажыраў аўтобусамі ў рэгулярных стасунках і адсутнасцю звестак пра падаўжэнне тэрміна дзеяння дазволаў літоўскім бокам, заявілі ў ведамстве.

З 1 лютага перастаў хадзіць і рэйс «Баранавічы – Вільня».

Уначы 1 сакавіка Літва закрыла чарговыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Райгардас – Прывалка» і «Лаворышкес – Катлоўка». Засталіся два дзейныя пераходы – «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі».

Таксама была зменшаная колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі паміж Літвой і Беларуссю як беларускімі, так і літоўскімі перавознікамі.

Пасля гэтага перавознік «Ecolines» падняў у тры з паловай раза цэны на некаторыя паездкі, у прыватнасці – між Менскам і літоўскай Коўнай (Каўнасам). Высветліць прычыну не ўдалося: «проста перавознік так вырашыў».

У адказ на закрыццё пераходаў Беларусь забараніла ўвоз і распаўсюд некалькіх груп тавараў з Літвы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў