Літва закрыла памежныя пераходы «Райгардас» і «Лаворышкес»


Уначы 1 сакавіка Літва закрыла чарговыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Райгардас – Прывалка» і «Лаворышкес – Катлоўка». Засталіся два дзейныя пераходы – «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі».

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Як адбывалася закрыццё пераходаў, распавяла «Гарадзенская праўда». Апоўначы ў пункце «Райгардас» на дарозе былі ўсталяваныя агароджы. На мяжы ў гэты момант былі транспартныя сродкі – паводле гарадзенскага выдання, памежнікі прапусцілі адзін аўтамабіль на літоўскіх нумарах, а астатнім загадалі разварочвацца. У тым ліку не прапусцілі пасажырскі аўтобус.

Закрыць чарговыя памежныя пункты на мяжы з Беларуссю літоўскі ўрад пастанавіў 21 лютага. З 1 сакавіка на мяжы Літвы і Беларусі засталіся два прапускныя пункты – «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі». Праз іх з 1 сакавіка мяжу нельга перайсці пешшу і на ровары. Станам на раніцу 1 сакавіка ў гэтых двух пунктах сабраліся чэргі на выезд з Беларусі: 200 легкавых аўтамабіляў і 1175 цяжкавікоў.

Агляд
«Акно ў Еўропу» пераўтвараецца ў шчыліну. На мяжы з Літвою застанецца два адкрытых пункты пропуску
2024.02.29 19:49

Таксама Літва забараніла пасадку і высадку пасажыраў на памежнай чыгуначнай станцыі «Кеда». Таксама надоечы была зменшаная колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі паміж Літвой і Беларуссю як беларускімі, так і літоўскімі перавознікамі.

На думку міністаркі ўнутраных справаў Агне Білатайце, закрыццё яшчэ двух памежных пунктаў своечасовае і неабходнае, бо суседнія дзяржавы маюць па адным КПП, у той час як Літва – ажно чатыры, што прывяло да павелічэння праз іх патоку тавараў, транспарту і людзей.

Міністарка МУС Літвы Агне Білатайце дае інтэрв’ю журналістам ля пункту пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

18 жніўня 2023 года Літва закрыла першыя два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю – «Шумскас» («Лоша» з беларускага боку) і «Твярачус» («Відзы»). У выніку гэтага колькасць літоўцаў, якія ездзяць у Беларусь, скарацілася на 37 %, а вось паток беларусаў у Літву застаўся амаль на тым жа ўзроўні.

Hавiны
Пасля закрыцця Літвой двух КПП скарацілася плынь літоўцаў у Беларусь. Беларусы менш ездзіць не сталі
2023.08.31 15:30

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў