Брытанскі інвестар падаў у суд супраць уладаў Беларусі за канфіскаваную станцыю


Грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіябод Тутанян Машад выканаў сваю пагрозу падаць пазоў супраць Беларусі, сцвярджаючы, што дзяржава экспрапрыявала праект сонечнай электрастанцыі пасля адмены льгот па аднаўляльных крыніцах энергіі. Пазоў зарэгістраваны ў Міжнародным цэнтры ўрэгулявання інвестыцыйных спрэчак 19 сакавіка, адзначае Reform.by.

Сонечная электрастанцыя ў Чэрыкаўскім раёне, Магілёўская вобласць.
Фота: e-auction.by

Адказчыкам выступае Рэспубліка Беларусь, а таксама прэзідэнт, прэм’ер-міністр, міністры замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасці. Брытанскага фундатара будзе прадстаўляць Princeton Partners LLC, Dubai, UAE.

У якасці падставы для падачы пазову пазначанае пагадненне Вялікай Брытаніі і Беларусі аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцыяў.

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі прыватную электрападстанцыю, што належала брытанцам
2024.01.16 16:34

У 2015 годзе ў Беларусі была зарэгістраваная кампанія «Салар Лэнд» для будаўніцтва і эксплуатацыі будучай фотаэлектрычнай станцыі. 100 % долі ў ёй належыць брытанскай фірме «Сameliaside». Будаўніцтва найбуйнейшай у краіне сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне стартавала ў 2018 годзе. У ім прынялі ўдзел беларускі і нямецкі падрадчыкі, а абсталяванне было з Кітаю. Працаваць станцыя пачала ў верасні 2021 года. Агульная сума інвестыцыйных затратаў на праект ацэньвалася на 170 млн долараў.

З 2022 года гэтая прыватная сонечная электрастанцыя прадавала дзяржаве электраэнергію. Кампанія атрымала ад дзяржавы за свае паслугі амаль 15,8 мільёнаў рублёў. Але затым улады запатрабавалі вярнуць гэтыя грошы. Пачаліся працяглыя судовыя разбіральніцтвы, якія сталі адной з прычынаў банкруцтва фірмы. Сама яна трапіла пад контрсанкцыі Менску, і яе ўладальнікам забаранілі распараджацца акцыямі.

Грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіябод Тутанян Машад, які інвеставаў у «Салар Лэнд», патрабаваў ад уладаў Беларусі кампенсаваць яму сотні мільёнаў долараў. Але ў адказ яго толькі закідалі дадатковымі судовымі пазовамі.

А 15 студзеня 2024 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці разгледзеў пазоў Міністэрства энергетыкі супраць «Салар Лэнд», прызнаўшы за дзяржавай права ўласнасці на капітальныя будынкі прыватнай фірмы. У кампаніі таксама адабралі лініі электраперадачы і апоры ЛЭП. Суд прызнаў несапраўднай дзяржрэгістрацыю і права ўласнасці «Салар Лэнд» на капітальны будынак, які ёсць падстанцыяй «Рэчыца», дзе вырабляецца электраэнергія. Таксама з кампаніі вырашылі спагнаць амаль 414 тысячаў рублёў дзяржаўнага мыта.

У сакавіку сонечную электрастанцыю выставілі на аўкцыён. Стартавая цана – Br 79,5 млн (у пераліку – амаль $ 25 млн).

Hавiны
Прысабечаную ўладамі Беларусі сонечную электрастанцыю хочуць прадаць за $ 25 млн
2024.03.03 14:53

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў