Улады Беларусі прысабечылі прыватную электрападстанцыю, што належала брытанцам


Улады Беларусі нацыяналізавалі сонечную электрападстанцыю «Рэчыца», якая належала прыватнай кампаніі з брытанскім капіталам «Салар Лэнд». Пра гэта паведамляе Zerkalo.

Сонечная электрастанцыя. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Eclipse.sx / Wikimedia

15 студзеня Эканамічны суд Магілёўскай вобласці разгледзеў пазоў Міністэрства энергетыкі супраць прыватнай кампаніі «Салар Лэнд», якая ёсць замоўцам сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне. Суд пастанавіў прызнаць за дзяржавай права ўласнасці на капітальныя будынкі прыватнай фірмы. У яе таксама адабралі лініі электраперадачы і апоры ЛЭП.

Суд прызнаў несапраўднай дзяржрэгістрацыю і права ўласнасці «Салар Лэнд» на капітальны будынак, які ёсць падстанцыяй «Рэчыца», дзе вырабляецца электраэнергія. Таксама з кампаніі вырашылі спагнаць амаль 414 тысячаў рублёў дзяржаўнага мыта.

Кампанія «Салар Лэнд» была зарэгістраваная ў 2015 годзе для будаўніцтва і эксплуатацыі будучай фотаэлектрычнай станцыі. 100 % долі ў ёй належыць брытанскай фірме «Сameliaside». Будаўніцтва найбуйнейшай у краіне сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне стартавала ў 2018 годзе. У ім прынялі ўдзел беларускі і нямецкі падрадчыкі, а абсталяванне было з Кітаю. Працаваць станцыя пачала ў верасні 2021 года. Агульная сума інвестыцыйных затратаў на праект ацэньвалася на 170 млн долараў.

З 2022 года гэтая прыватная сонечная электрастанцыя прадавала дзяржаве электраэнергію. Кампанія атрымала ад дзяржавы за свае паслугі амаль 15,8 мільёнаў рублёў. Але затым улады запатрабавалі вярнуць гэтыя грошы. Пачаліся працяглыя судовыя разбіральніцтвы, якія сталі адной з прычынаў банкруцтва фірмы. Сама яна трапіла пад контрсанкцыі Менску, і яе ўладальнікам забаранілі распараджацца акцыямі.

Грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіябод Тутанян Машад, які інвеставаў у «Салар Лэнд», патрабаваў ад уладаў Беларусі кампенсаваць яму сотні мільёнаў долараў. Але ў адказ яго толькі закідалі дадатковымі судовымі пазовамі.

Раней стала вядома, што Дзяржаўны камітэт маёмасці адсудзіў сетку рэстаранаў «Mak.by» ва ўладальнікаў – кампаніі «KSB VICTORY RESTAURANTS PTE.LTD», зарэгістраванай у Сінгапуры. Фірме належалі былыя рэстараны франшызы «McDonald’s».

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі былы «McDonald’s». Уласнікі спадзяюцца на Вярхоўны суд
2024.01.09 20:41

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў