Прысабечаную ўладамі Беларусі сонечную электрастанцыю хочуць прадаць за $ 25 млн


Сонечную электрастанцыю, што належала брытанцам, выставілі на аўкцыён. Стартавая цана – Br 79,5 млн (у пераліку – амаль $ 25 млн). Аб’ект прадаюць з увагі на запазычанасць былога ўласніка – прыватнай кампаніі «Солар Лэнд». У апісанні лота пазначана, што «працаздольнасць абсталявання не спраўджвалася».

Сонечная электрастанцыя ў Чэрыкаўскім раёне, Магілёўская вобласць.
Фота: e-auction.by

Гэтая электрастанцыя месціцца ў Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне. У апісанні лоту пазначаныя ўласна сонечныя панэлі, а таксама капітальная будова і багата ўсялякага абсталявання, у тым ліку метэастанцыя і сістэма відэаназірання.

Патэнцыйных пакупнікоў папярэджваюць, што «працаздольнасць абсталявання не спраўджвалася» і «не пацверджанае ўзнаўленне якасці электраэнергіі, выраблянай станцыі».

«Аб’ект адлучаны ад дзяржаўнай энергетычнай сеткі 07.05.2020. Непасрэднага далучэння станцыі да электрычных сетак энергазабеспячальнай арганізацыі няма ў сувязі з прызнаннем неправадзейнаю рэгістрацыі збудаваных даўжніком абʼектаў электрасеткавай інфраструктуры», – адзначаецца ў абвестцы.

Акрамя таго, арганізатары таргоў нагадваюць, што сонечныя панэлі нельга вывезці за мяжу. Гэта прадугледжана пастановаю ўраду, ухваленай у верасні летась.

Аўкцыён запланаваны на 14 сакавіка. Электрастанцыю прадае арганізацыя «БелЮрЗабеспячэнне», якая збывала таксама сканфіскаваную маёмасць Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Валерыя і Веранікі Цапкалаў, Віктара Бабарыкі.

Hавiны
Канфіскаваную менскую кватэру Цапкалаў ніхто не захацеў купляць
2024.02.27 13:55

Энергааб’ектам валодала прыватная кампанія з брытанскім капіталам «Солар Лэнд». На момант запуску ў 2021 годзе гэта была самая магутная сонечная электрастанцыя ў Беларусі.

У студзені сёлета сталася вядома, што Эканамічны суд Магілёўскай вобласці нацыяналізаваў станцыю з увагі на запазычанасць кампаніі-ўласніка на Br 15,8 млн. Гэты доўг узнік, калі дзяржава знізіла тарыф, паводле якога купляла электраэнергію, і запатрабавала вярнуць нібыта пераплачанае.

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі прыватную электрападстанцыю, што належала брытанцам
2024.01.16 16:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў