«Аблом» з «пакаяльным» відэа і першае затрыманне на выбарах


«Белсат» штодня вядзе хроніку рэпрэсіяў, якія не спыняюцца ў Беларусі.

Крыніца: pixabay.com

18 студзеня суд Савецкага раёну Менску асудзіў на два гады і шэсць месяцаў «хіміі» мужа і жонку – Віталя Каражана і Аксану Каражан. Ён прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў пратэстах восенню 2020 года.

Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў 68-гадовую Зінаіду Казак за каментары на чатыры гады і шэсць месяцаў «хіміі» і прызначыў штраф 8000 рублёў. Жанчыну абвінавацілі ў абразе суддзі або народнага засядацеля (арт. 391 КК), абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК), гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Усяго ў крымінальнай справе 28 эпізодаў.

Сілавікі затрымалі за каментары мужчыну і хацелі зняць з ім «пакаяльнае» відэа, але беспаспяхова. Мужчына сказаў на камеру толькі тое, што з’яўляецца жыхаром Менскай вобласці і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. «Па факце затрымання сказаць мне няма чаго. Усё», – адзначыў затрыманы, за што яму прыгразілі, што ён «атрымае максімальна».

ГУБАЗіК затрымаў чатырох супрацоўнікаў прадстаўніцтва кампаніі LG у Беларусі. Гэта Аляксандр Самайловіч, Андрэй Магазіннікаў, Анастасія Малевіч і Наталля Пугачова. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту і напісанні каментароў у чатах. Кожнага прымусілі на відэа назваць свой заробак, пры гэтым намякнулі, што затрыманым пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

26 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе распачнецца працэс у «справе падрыхтоўкі дыверсіяў у Горадні» супраць Вадзіма Пацэнкі і грамадзяніна РФ Аляксея Кулікова, якіх абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў: ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 3 арт. 126 («Акт міжнароднага тэрарызму»), арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»), ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Пра абаіх мужчынаў на праўладным ТБ  паказвалі фільм «Гаспар не вышел на связь», у якім Пацэнка «сазнаецца» ў тым, што яму паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогаю дрона і выбухоўкі, а Кулікова абвінавачвалі ў тым, што ён здымаў на фота аб’екты ў Горадні для ўкраінскіх спецслужбаў.

У Менскім гарадскім судзе пачаўся суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам, якога абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаюць у закрытым рэжыме. З моманту затрымання 31 траўня 2023 года Уладзіслава некалькі разоў запар арыштоўвалі на 15 содняў. Вядома, што Уладзіслаў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

На канале сілавікоў з’явілася відэа з мужчынам, затрыманым нібыта за жаданне «сарваць выбары». Ён «прызнаецца» ў тым, што з ім быццам бы звязаліся людзі, якія прапаноўвалі яму збіраць дадзеныя на чальцоў выбарчых камісіяў, а таксама «рыхтаваць людзей да назіральнай дзейнасці і далейшых правакацыяў на ўчастках». Ён нібыта таксама мусіў здымаць відэа і рассылаць іх у «экстрэмісцкія рэсурсы» для «нагнятання сітуацыі ў краіне».

Арганізацыя «BYSOL» разам з асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой АВВА абвесцілі спецыяльны дабрачынны збор у падтрымку палiтзняволеных беларусак, бо на сённяшні дзень не менш за 180 жанчынаў у краіне знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды. Дзякуючы гэтаму збору 20 жанчынаў-палітвязынак атрымаюць дапамогу. Падтрымаць збор можна, перайшоўшы па спасылцы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў