Уладзімір Зяленскі прыехаў у Бахмут, дзе ўручыў узнагароды вайскоўцам


Уладзімір Зяленскі ў Бахмуце 20 снежня.
Фота: Zelenskiy / Official / Telegram

Візіт украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Бахмут – адзін з самых гарачых пунктаў – ніяк не анансаваўся з мэтаў бяспекі. На месцы ўзнагародзілі ўкраінскіх вайскоўцаў, паведамляе тэлеграм-канал «FreeДОМ».

«Героі Бахмуту павінны атрымаць тое ж, што і кожны чалавек. Зычу, каб іхныя дзеці, сем’і, каб усё было нармальна, каб ім было цёпла, каб яны былі здаровыя. Хочацца пажадаць, каб было святло, але такая складаная сітуацыя, што святло то ёсць, то няма. Галоўнае, каб святло было ўнутры», – пажадаў прэзідэнт.

Намесніца міністра абароны Ганна Маляр таксама прыехала ў Бахмут.

«300 дзён вайны. Бахмут – усходняя фартэцыя Украіны. 300 дзён – гэта зусім не час. Сёння нам выпала разарваць гэты няшчасны круг раз і назаўжды. Мы, украінцы, ужо пачалі канчатковы адлік недаімперыі. Заўтра зімовае раўнадзенства, і ночы стануць карацейшыя. Самая чорная ноч скончыцца світаннем нашай Перамогі. Бо што такое 300 дзён нашай больш як 300-гадовай барацьбы за вызваленне ад Расеі? Ад больш як 30-гадовай Незалежнасці, якая пахіснулася настолькі, што агрэсар наважыўся на самагубны крок? 300 дзён Вялікай вызваленчай вайны. Стаім. Б’емся. Пераможам!» – пракаментавалі візіт у Міністэрстве абароны Украіны.

Уладзімір Зяленскі ў Бахмуце 20 снежня.
Фота: Инсайдер UA / Telegram
Уладзімір Зяленскі ў Бахмуце 20 снежня.
Фота: Zelenskiy / Official / Telegram
Уладзімір Зяленскі ў Бахмуце 20 снежня.
Фота: Zelenskiy / Official / Telegram
Уладзімір Зяленскі ў Бахмуце 20 снежня.
Фота: Инсайдер UA / Telegram

Бахмут – горад у Данецкай вобласці Украіны, за які ўжо некалькі месяцаў трываюць жорсткія баі паміж ЗСУ і расейскімі падраздзяленнямі, у асноўным, як паведамляюць, рэпрэзентаваныя ПВК Вагнэра. Бахмут ужо амаль цалкам разбураны, але яго па-ранейшаму абараняюць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў