Блогерка Вольга Такарчук атрымала 1,5 года калоніі


Суд Заводскага раёну Менску агучыў вырак блогерцы Вользе Такарчук – ёй прысудзілі 1,5 года зняволення ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Менавіта такое пакаранне для палітзняволенай прасіў пракурор. Справу разглядала суддзя Алена Капцэвіч.

Вользе Такарчук было выстаўлена абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), арт. 391 («Абраза суддзі») і арт. 188 («Паклёп»).

Блогерку вінавацілі ва ўдзеле ў пратэставых акцыях 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года. Падчас гэтых акцыяў, як сцвярджала следства, яна «доўга і ўпарта парушала грамадскі спакой», выкрыквала лозунгі і блакавала рух транспарту.

Акрамя гэтага, Такарчук абвінавацілі ў тым, што 14 студзеня 2021 года яна размясціла на YouTube ролік, у якім агучыла «ганебныя звесткі» ў дачыненні сацыяльнага педагога адной з гімназіяў на Берасцейшчыне. А ў снежні 2020 года апублікавала відэазапіс, які «ўтрымлівае абразы» на адрас суддзі Першамайскага раёну Менску.

Аб’ектыў
Распачаўся суд над блогеркай Вольгай Такарчук
2021.12.16 22:13

36-гадовую Вольгу Такарчук затрымалі 19 траўня 2021 года, з таго часу яна застаецца за кратамі. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

РР belsat.eu

Стужка навінаў