Аўстрыйскі ўніверсітэт адкрыў стыпендыяльную праграму для беларусаў


19 кастрычніка абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла ва ўніверсітэце MCI (Цэнтр менеджменту ў Інсбруку). Паслухаць яе прыйшло больш за тысячу асобаў, сярод іх студэнты і выкладчыкі ўніверсітэту, паведамілі «Белсату» ў офісе палітыка.

Святлана Ціханоўская выступіла ва ўніверсітэце MCI.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

MCI спецыялізуецца на падрыхтоўцы спецыялістаў бізнес- і дзяржаўнага кіравання. Раней у гэтым універсітэце выступалі выбітныя еўрапейскія палітыкі кшталту прэзідэнтаў Еўракамісіі Жан-Клёда Юнкера і Рамана Продзі.

З нагоды візіту лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі ўніверсітэт абвесціў пра старт стыпендыяльнай праграмы для беларусаў пад ганаровым патранажам Святланы Ціханоўскай. У межах праграмы беларускія студэнты могуць атрымаць ступень бакалаўра ці магістра ў наступных кірунках: «Бізнес і менеджмент», «Прадпрымальніцтва, турызм і адпачынак», «Біятэхналогіі», «Бізнес-псіхалогія і менеджмент», «Экалагічная, тэхналагічная і энергетычная інжынерыя», «Міжнародны бізнес і права», «Міжнародны бізнес і менеджмент», «Міжнародны менеджмент аховы здароўя«, «Менеджмент, камунікацыя і ІТ», «Мехатроніка і разумныя тэхналогіі», «Медычныя тэхналогіі», а таксама MBA «Агульнае кіраванне».

Дэдлайн падачы заявак – 31 сакавіка 2024 года. Колькасць стыпендыяў не вызначаная, будзе залежаць ад колькасці атрыманых заявак.

У 2023/2024 навучальным годзе на стыпендыях у Чэхіі пачалі вучыцца 11 чалавек, сярод якіх былыя палітзняволеныя, фізічна пацярпелыя ад рэжыму, а таксама актывісты і актывісткі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў