«Палітвязынка» стварае каралі з закадаваным на «марзянцы» воклічам «Жыве Беларусь!»


Праваабарончая ініцыятыва «Палітвязынка» стварыла лінейку жаночых упрыгожанняў з зашыфраваным у азбуцы Морзэ выразам «Жыве Беларусь!». Калекцыя разышлася за два дні. Атрыманыя з продажу больш за паўтысячы еўраў пойдуць на падтрыманне палітзняволеных жанчын. Пра гэта расказала «Белсату» журналістка і стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

Каралі з калекцыі «Палітвязынкі». Аўтары калекцыі выкарыстоўваюць азбуку Морзэ, каб сказаць: «Жыве Беларусь!»
Фота: politvyazynka

«Спачатку не ведалі, як гэта падаць. А потым я трапіла ў Варшаве на выставу, прысвечаную паўстанню Кастуся Каліноўскага. І асобны аддзел экспазіцыі быў пра жанчын, якія насілі жалобнае адзенне на знак салідарнасці са зняволенымі і пакаранымі паўстанцамі.

У тых жанчын была свая лінія патрыятычных упрыгожанняў: пярсцёнкі, брошкі, каралі розныя. Гэта і натхніла нас на стварэнне сваёй калекцыі, прысвечанай палітзняволеным жанчынам у Беларусі», – распавядае Яўгенія Доўгая.

Ідэю закадаваць праз «марзянку» – чаргаваннем пацерак у каралях – вокліч «Жыве Беларусь!» прапанавала беларуская дызайнерка, імя якой Яўгенія просіць не называць (з меркавання бяспекі). Кажа, што гэта было своеасаблівым адказам на прызнанне лукашэнкаўскім рэжымам лозунгу «Жыве Беларусь!» нацысцкім вітаннем.

«І вось яна каралямі і жамчужынамі склала гэтую фразу. Атрымалася класна. І я кажу: давай рабіць, бо гэта і прыгожа, і вельмі сімвалічна», – гаворыць Яўгенія Доўгая.

І завушніцы – кайданкі

Як спалучыць прыгажосць з турэмнаю тэматыкаю? Дзяўчаты прыдумалі рабіць калекцыю ў асаблівай каларыстыцы: белае, шэрае, чорнае. Метал, цёмны бісер, белы жэмчуг. Усяго адно ўпрыгожанне выкананае ў бела-чырвоным колеры. Ёсць таксама і чырвонае на чорным.

Бранзалет з калекцыі «Палітвязынкі». Аўтары калекцыі выкарыстоўваюць азбуку Морзэ, каб сказаць: «Жыве Беларусь!»
Фота: politvyazynka

«Хацелі таксама закрануць кветкавую тэматыку, нагадаць пра жанчын, якія выходзілі пратэставаць з кветкамі ў руках. Гэтак з’явіліся нашыя завушніцы – у выглядзе цюльпанаў. Яны металічныя. І калі заплікаюцца паміж сабою – нагадваюць кайданкі», – распавядае Яўгенія.

20 чокераў на шыю, 20 бранзалетаў на руку, завушніцы (толькі завушнічкі былі незакадаваныя пад «Жыве Беларусь!») – ювелірную калекцыю распрадалі за два дні. Замовы ішлі не толькі з Польшчы, Літвы і Беларусі, але і з Іспаніі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Ірландыі, ЗША.

Завушніцы з калекцыі «Палітвязынкі».
Фота: politvyazynka

«Зрабілі малавата, бо не чакалі такога попыту, – прызнаецца Яўгенія Доўгая. – Трэба было рабіць больш. Наступная партыя будзе ўжо ў жніўні, таму ўсе замовы абавязкова выканаем. А далей будзем дапаўняць гэтую калекцыю. І думаць пра новую. Канечне ж, з азбукаю Морзэ, бо яна гэтак файна ўсім зайшла!»

Купіць калье – дапамагчы палітвязням

Атрыманыя з продажу біжутэрыі грошы – а гэта ўжо больш за паўтысячы еўраў – «Палітвязынка» кіруе на падтрыманне палітзняволеных жанчын ды іхных сваякоў. У тым ліку – на камплектаванне бандэроляў, якія будуць дасылацца ў следчыя ізалятары і на «хімію»: прадметы гігіены, вяленае мяса, гарбата, сушаныя плады і г. д.

Евгения Долгая, журналистка Reform.by, проект «Тело Беларуси»
Яўгенія Доўгая, журналістка і стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка».
Фота: Белсат

Ініцыятыва «Палітвязынка» расказвае пра палітзняволеных жанчын у Беларусі, стварае іхныя партрэты, збірае сродкі на падтрыманне. Апошнія сабраныя «Палітвязынкаю» сродкі (2600 злотых) пайшлі на набыццё лекаў для жанчын у турмах, калоніях і на «хіміі». Яўгенія Доўгая тлумачыць, што гэта сродкі ад алергіі, прастуды, педыкулёзу, прэпараты для нармалізацыі ціску, антыдэпрэсанты – тое, без чаго не выжыць у няволі. Падтрыманне ідзе і жанчынам, якія адбываюць тэрміны на «хатняй хіміі» – грошы для іх збіраюцца на «Patreon» ініцыятывы.

Паводле праекту «Палітвязынка», з 2020 года ў дачыненні жанчын былі заведзеныя з палітычных прычынаў больш за 560 крымінальных справаў. На сёння ў зняволенні праз палітычныя матывы застаюцца не менш за 200 жанчын. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 20 ліпеня ў Беларусі налічвалі 1476 палітзняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» паведамляе пра 1734 чалавекі, асуджаныя з палітычных матываў. Насамрэч палітвязняў у Беларусі можа быць у некалькі разоў больш. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у Беларусі за пратэсты былі распачатыя 12 000 крымінальных справаў.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў