«Рэвалюцыю зробяць зэкі». Шчырая размова з былой палітзняволенай Таццянай Астроўскай


Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская правяла за кратамі Валадаркі (СІЗА № 1) 301 дзень. «Натаўская шпіёнка» і валанцёрка «Краіны для жыцця», якая «пераседзела з усім «Тутбаем» (а па сутнасці, з усёй вольнай Беларуссю), вымушаная была пераплыць Нёман, каб уратаваць сваё жыццё і пабачыць сыноў. У размове з «Белсатам» называе сваю свабоду ўмоўнай і прызнаецца, што дагэтуль не распакавала валізаў («Але трэба распакоўваць…»).

Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская. Варшава, Польшча. 17 чэрвеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Калі я вярнулася, малы Сашка проста крычаў па начох. Цяжка яму было, вельмі. Дагэтуль засыпаю з ім побач, трымаючы за руку. Псіхолагі сказалі, што да 8 гадоў не будзем умешвацца – можа, сам дасць рады і выцягнецца. Але – цяжка. Дзіця ж таксама вырвалі, як і ўсіх нас, з коранем. Сябры ў яго там засталіся, садок, цацкі ўдома. А тут раз – і не стала ўсяго. Ён, мне здаецца, таксама не да канца яшчэ сюды прыехаў», – распавядае пра малодшага сына былая палітзняволеная Таццяна Астроўская.

«Уяві, як страшна мне было»

Яна амаль год як у Варшаве. Восенню Саша пойдзе ў школу. А Таццяна згадвае, як два гады таму, у ліпені 2021-га, ён адважна прыкрываў ручкамі сваю маленькую Пагоню – ад «злых дзядзькоў», якія забіралі маму. І ейны голас становіцца такім глыбокім, што наш дыктафон нейкім містычным чынам сам спыняе запіс…

«А старэйшы, Станіслаў, калі я сядзела, служыў у войсках супрацьпаветранай абароны. Уяві сабе: вайна пачынаецца, я ў турме, а мой сын – у СПА. Уяві, як страшна мне было…» – кажа Таццяна.

Яна нарадзілася ў 1976 годзе ў Харкаве. Сям’я пераехала ў Бабруйск, калі Таццяне было 6 гадоў. Прызнаецца, што і цяпер палова ейнага сэрца – украінская. І калі ў камеры пачула па тэлевізары пра пачатак вайны, украінская палова сэрца «проста спынілася».

«Я паўтаруся, бо казала ўжо недзе: у мяне сэрца напалам разадранае. Два сцягі, дзве радзімы. У мяне баліць за ўсё», – гаворыць былая палітзняволеная.

«Сяброўкі, зэчкі мае любімыя»

Мы размаўляем пад капучына і памаранчавы сок на тэрасе кавярні ў цэнтры Варшавы, трохі перагрэтай каляровымі эмоцыямі суботняга Маршу роўнасці. Над нашым столікам – прастакутнік польскага неба і белы паветраны балонік, які мы праз паўгадзіны адпусцім на волю. Таццяна заўважае ў руках маёй каляжанкі пачак беларускіх цыгарэтаў «Собрание» і ўсміхаецца.

Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская на Парадзе роўнасці.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Сабранька»! Родненькая! Ну, дзякуй! Усю дарогу там толькі іх і курыла», – згадвае нашая суразмоўца і частуецца тонкай цыгарэткай, хоць прызнаецца, што ад тытуню ўжо адмовілася. Са здароўем пасля СІЗА шмат праблемаў. За кратамі двойчы перахварэла на каронавірусную хваробу, а потым яшчэ раз – ужо на волі.

Дым «сабранькі» віецца паміж намі і трохі рэжа вочы. Турэмны «дым айчыны». Таня адкідваецца на спінку крэсла. Робіць паўзу. Пра тое як пераплывала Нёман, каб трапіць у Польшчу, не пытаемся – ужо распавядала. Таму запытваемся пра нераспакаваную валізу, пра якую сама згадвала на пачатку размовы («97 % галавы і ўсяго астатняга засталося ў Менску»).

«Не распакавала, Дзіма, не распакавала. Хоць разумею, што трэба. Бо ўсё адно ўсё робіцца, каб вярнуцца, каб дапамагчы неяк, каб… Ну, слухай, сяброўкі сядзяць. Нехта ў СІЗА, нехта ў калоніі. Сяброўкі, зэчкі мае любімыя. Каб вярнуць іх… Бо яны больш нават за сям’ю. Бо жылі побач 24/7. Ну, з кім так яшчэ пажывеш? Ты з жонкай так пражывеш? Ды ну, пазабіваеце адно аднаго. А там – даводзілася. І яны найлепшыя, дзяўчаткі мае. Чытаць «Тутбай» адно, а сядзець з «Тутбаем» – зусім іншае. Марына Золатава – сапраўды золата. І з Воляй Гарбуновай я сядзела. Іншых не назаву, каб не нашкодзіць ім…»– працягвае Таццяна.

«Немагчыма быць шчаслівай»

«Сядзела побач з Гарбуновай і ў актыве падчас імпрэзы «Яднайся». Разам са Святланай Ціханоўскай. Святлану ведаеш асабіста?» – пытаемся.

«Ой, у 2020-м мы не былі знаёмыя. Ужо калі сюды прыехала, пазнаёміліся, і тое праз тэлефон. Толькі на гэтай імпрэзе паразмаўлялі жыўцом. Ці па-чалавечы? Слухай, ну са Святланай Ціханоўскай немагчыма не па-чалавечы размаўляць. Я ўвогуле не ўяўляю, як за гэтыя тры гады можна было застацца такім светлым чалавекам. Наагул – чалавекам. Я ў захапленні проста. Тое, што яна стамілася, – гэта зразумела. Мы ўсе стомленыя. Але на ёй якая адказнасць! І не варта забываць – яна такая ж самая жонка палітвязня, якому ўпаялі 19 гадоў. Ёй вельмі цяжка. Яна больш за 100 дзён пра Сяргея не ведае нічога», – гаворыць былая палітзняволеная.

Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кажам «былая», але Таня Астроўская просіць гэтага слова не ўжываць (як і шматлікія іншыя «былыя»). Бо, маўляў, «мы не выйшлі яшчэ з турмы». Бо «з намі здарылася не эміграцыя, а эвакуацыя».

«Так, мы зрабіліся іншымі. Людзі «да» і людзі «пасля». І ведаеш, нейкае такое вось… вельмі нязручна быць бязмежна шчаслівай. Немагчыма быць ні шчаслівай, ні свабоднай, пакуль там хтосьці сядзіць у турме. У нас нейкая ўмоўная свабода. Вось у судовай сістэме ўмоўнае пакаранне бывае. А ў нас – умоўная свабода. Мы нібыта тут свабодна ходзім і свабодна гаворым, а насамрэч шмат чаго недагаворваем, нават табе ў інтэрвʼю. Я вось не магу казаць, з кім сядзела, каб не нашкодзіць. Не хачу казаць, з кім тут камунікую, каб зноў жа не нашкодзіць. Гэта самае галоўнае – не зрабіць горш. А потым ужо думаць пра дапамогу», – мяркуе Таццяна Астроўская.

Не выдае таямніц і пра новае абʼяднанне палітвязняў «Крок насустрач» (працоўная назва), якое рэгіструецца цяпер у Польшчы. Кажа толькі пра рэгулярныя тэлефанаванні і дыскусіі, на якіх выказваюцца розныя ідэі наконт таго, як вызваляць астатніх.

«Але ясна, што мы адныя гэтага не зробім, хоць ведаем, як быць на волі і што такое сядзець, і інфармацыя адтуль да нас хутчэй даходзіць. Так, нешта ў нас варыцца і мы думаем. Але рабіць гэта трэба ўсім разам. І гэта зноў жа пра «яднайся!» – кажа Таццяна.

«Думала, што я жалезабетонная»

Нядаўна прачытаная кніга Максіма Знака «Зэкамерон», прысуд, вынесены Насце Лойцы, лісты да Вольгі Вайцяховіч, якую прысудзілі да 11 гадоў калоніі ў «справе Гайдукевіча». Падчас размовы мы дзелімся не інфармацыяй і не эмоцыямі – дзелімся болем.

Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я ўжо сказала, што немагчыма сёння быць шчаслівай. А трэба! Бо дах едзе. Мяне нядаўна проста размазала па асфальце. Я год не працавала з псіхолагам і думала, што я жалезабетонная… Не! Ужо тут, у Варшаве, мы разышліся з мужам. Потым згубіла сувязь з адным вельмі блізкім сябрам – як крылы выдралі. Я год трымалася, а тут – панічныя атакі і такі боль, быццам пад дых ударылі. Вось усё ломіцца, усё, і я не ведаю, як гэта ўспрымаць», – дзеліцца жанчына.

Не жалезабетонная аказалася і фізічна. У знакі далася Валадарка. Найперш – праблемамі з хрыбетнікам, якія апошнім часам абвастрыліся. Таццяна працуе з вядомым беларускім рэабілітолагам, які, як прызнаецца, «мёртвых на ногі ставіць». Але праз болі ў хрыбетніку была вымушаная спыніць сваю валанцёрскую дзейнасць у групе «Кіроўцы для «Гаспітальераў», якая займалася перагонам аўтамабіляў з Брытаніі ва Украіну. Як кажа Таццяна, «бандэрамабіляў».

Грошай за гэтую працу Таццяна як валанцёрка не атрымлівала. Прызнаецца, што і цяпер жыве за сродкі, якімі падтрымалі яе беларускія фонды. Яна шукае працу. Але такую, каб была звязаная з дапамогаю беларускім палітвязням.

«Я працавала ў Беларусі ў дзіцячым садку. Такая сабе Таня-няня. Паспрабаваць тут з дзецьмі? Хай мне даруюць дзеткі, але ў нас ёсць дзеці, якія там, за кратамі. Вось я гэтым хачу дапамагаць, не магу іх кінуць. Я калі выйшла з СІЗА, праз паўгадзіны сказала: рэвалюцыю зробяць зэкі. Грубавата гучыць? Добра, палітзэкі. Таму што так. Таму што нам больш балюча. Хай прабачаць мне тыя, хто зʼехаў раней. І таму б я хацела працаваць у арганізацыі, якая дапамагае палітвязням, і атрымліваць за працу нейкія грошы. З вуснаў валанцёркі гэта, можа, гучыць дзіўна. Але мы цяпер у чужой краіне, і мне трэба неяк жыць і карміць дзяцей», – гаворыць Таццяна Астроўская.

«Гэта было пра любоў і свабоду»

Апошнія глыткі кавы. Таццяна папраўляе акуляры і кідае позірк на гадзіннік. Выглядае трохі стомленай. Не дзіва: прайшла ў гэты дзень праз Варшаву каля 13 кіламетраў у калоне Параду роўнасці. Трымала вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Парад Роўнасці.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта сёння пра каханне. Пра любоў. Пра свабоду. Рэальна так. Свабода і любоў жыўцом, хоць рукамі пакратай. Беларусы – увогуле пра любоў. Мы ж закахаліся адно ў аднаго 16 жніўня, калі пабачылі сябе. І якая розніца, хто з кім спіць, калі ўжо пра гэта. Абы спалі, кахаліся і былі жывыя ды здаровыя. А тыя, хто не спіць, па «продолу» ходзяць і ў дзверы камераў грукаюць. Ці засядаюць на ўсебеларускім сходзе, замбатрупы гэтыя, зборышча імпатэнтаў, якія нічога не могуць зрабіць», – дае выхад эмоцыям былая палітзняволеная.

«І самае крыўднае, што ўсіх іх «мае» на розны лад адзін чалавек. І ўжо гэта дакладна не пра каханне. Як да гэтага магла дакаціцца наша прыгажэнная краіна?..» – дадае Таццяна.

На жаль, удакладняе, беларускі шлях да дэмакратыі і свабоды – гэта не толькі шлях любові. Гэта яшчэ шлях спрэчак, недаверу, непаразуменняў, болю і злосці. Цяжкі шлях, але ён наш, кажа Таццяна.

«Учыніць бульбасрач так званы, перасварыцца ўсім, а потым – абняцца і расплакацца. Таму што баліць усім! Мы не кожны год робім рэвалюцыю і не кожны год у нас бывае 2020-ы. Такога ніколі не было, і мы не ведалі, што рабіць. Таму, праўда, не толькі любоў.

Цяпер мы становімся злейшымі, і мы ўсё роўна вернемся. Такі шлях», – гаворыць Таццяна Астроўская.

І распавядае пра тое, чым будзе займацца, калі вернецца ў Беларусь. Дзеліцца сваёй запаветнай марай – пра дрэвы, лес і вечнасць. Гэта ўсё, што можам сказаць, бо гучыць занадта глыбока, шчыра і сакрэтна. Наш дыктафон каторы раз дэманструе ўзор далікатнасці і згасае…

Белы паветраны балонік над нашым столікам дачакаўся свайго часу. Мая каляжанка Ірына адвязвае яго і запускае ў блакіт варшаўскага неба. Як сімвал свабоды і любові. На развітанне абдымаемся з Таццянай. Яе чакаюць сыны.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў