Фігурантам «справы Гайдукевіча» вынеслі прысуды. Вадзіму Пракоп’еву – 25 гадоў зняволення завочна


Менскі гарадскі суд 21 чэрвеня вынес прысуд у справе аб нападзе на дом дэпутата Алега Гайдукевіча. У справе – 18 абвінавачаных. Траіх з іх асудзілі завочна.

Менскі гарадскі суд 21 чэрвеня вынес прысуды ў «справе Гайдукевіча».
Фота: БелТА
Менскі гарадскі суд 21 чэрвеня вынес прысуды ў «справе Гайдукевіча».
Фота: БелТА

Фігурантаў «справы Гайдукевіча» абвінавацілі ў планаванні і здзяйсненні шэрагу тэрактаў, у тым ліку ў спробе падпалу загараднага дому дэпутата Алега Гайдукевіча.

Працэс цягнуўся 4,5 месяца. 6 чэрвеня адбыліся спрэчкі бакоў. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў наступныя тэрміны:

  • Вадзіму Пракоп’еву – 25 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму завочна, штраф памерам 1000 баз. вел., пазбаўлены ўсіх вайсковых званняў;
  • Ігару Чамякіну і Дзянісу Хаміцэвічу – 20 і 16 гадоў калоніі адпаведна завочна з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўленыя вайсковага звання;
  • Сяргею Лісоўскаму – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены вайсковага звання;
  • Пятру Юркевічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы;
  • Паўлу Чыхінскаму, Дзянісу Філончыку – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Віталю Вайцяховічу (бацьку Уладзіслава) – 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы;
  • Анастасіі Вайцяховіч (жонцы Уладзіслава) і Вользе Вайцяховіч (жонцы Віталя) – 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Уладзіславу Вайцяховічу (сыну Віталя) – 21 год калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены вайсковага звання;
  • Уладзіміру Савянкову – 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены вайсковага звання;
  • Дзмітрыю Невяркевічу – 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў, штраф 3000 баз. вел.;
  • Вользе Петух – 10 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Мікалаю Рою – 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Сяргею Сакалову – 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф памерам 700 баз. вел., пазбаўлены вайсковага звання;
  • Эдуарду Пестраку – 3,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцыяў прадстаўніка ўлады, тэрмінам на пяць гадоў, таксама пазбаўлены вайсковага звання;
  • Аляксею Міхайлаву – 2 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «неданясенне пра злачынства». Яго вызвалілі ў зале суда па адбыцці тэрміну.

Вадзіма Пракоп’ева, Дзяніса Хаміцэвіча і Ігара Чамякіна судзілі завочна. Кватэра Пракоп’ева ў цэнтры Менску пакінутая пад арыштам.

23 снежня 2022 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракоп’еў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў.

Менскі гарадскі суд 21 чэрвеня вынес прысуды ў «справе Гайдукевіча». Фота: БелТА

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў