Палітолаг Яўген Магда: Захад не хоча распаду Расеі, а толькі яе паразы


Як поспехі на фронце ўплываюць на палітычныя змены? І ці праўда, што Уладзімір Пуцін асабіста кіруе ваеннымі дзеяннямі? Як магчымае пашырэнне NATO паўплывае на падзеі, якія адбываюцца на фронце? У студыі «ПраСвету» каментуе Яўген Магда, украінскі палітычны аналітык, дырэктар Інстытутe сусветнай палітыкі.

Аліна Коўшык: З’яўляецца інфармацыя пра тое, што Уладзімір Пуцін пачаў асабіста кіраваць вайною ва Украіне. У гэты ж час ідуць чысткі ў Крамлі і вайсковым кіраўніцтве Расеі. Што гэта значыць? Ідзе гэта на карысць Украіне або наадварот?

Яўген Магда: Уявіце, што на вашае месца сядае дворнік. Я думаю, што ў гэтым выпадку аналогія абсалютна дарэчная. Хоць Пуцін – палкоўнік ФСБ, ён не вучыўся на вайскоўца. І гэта выглядае досыць смешна і вельмі, я б сказаў, па-савецку. Нагадвае сітуацыю, якая была ў Савецкай Расеі, калі замест генералаў прызначалі матросаў і правільных салдатаў і рабочых. Але нават пры гэтым там былі вайсковыя спецыялісты з ліку былых царскіх афіцэраў. Я не чуў пра такіх вайсковых спецыялістаў, але калі Пуцін плануе аперацыі на ўзроўні палка або батальёну, то гэта азначае, што ў расейскага войска ўсё дрэнна. Не сакрэт, што з часу Савецкай арміі застаецца напружанне ў адносінах паміж спецслужбістамі і вайскоўцамі. І калі вайскоўцы даведаюцца, што Пуцін асабіста плануе іхныя аперацыі, я не ўпэўнены, што гэта на карысць расейскаму войску.

АК: Тут відавочныя гістарычныя аналогіі з Гітлерам прасочваюцца, які таксама сам любіў кіраваць, быўшы ў званні яфрэйтара.

ЯМ: Выбачайце, Гітлер меў Жалезны Крыж за адвагу. І ў акопах на Заходнім фронце карміў вошай досыць доўга. А каго карміў Пуцін, акрамя расейскіх алігархаў ці Аляксандра Лукашэнкі газавымі грашыма, можна ўспамінаць, спіс доўгі, але гэта не азначае, што ён стаў вялікім спецыялістам у вайсковай справе.

АК: Украіна можа выкарыстаць гэты момант, калі неспрактыкаваны чалавек без ваенных ведаў кіруе арміяй? Украінцы, дзе стаяць рэальныя генералы, людзі, якія 8 гадоў ваююць за сваю зямлю, могуць выкарыстоўваць гэта нейкім чынам?

ЯМ: Вы абсалютна маеце рацыю. Украінскімі войскамі камандуюць генералы, якія ў масе сваёй ваююць з 2014 года. Гэта не толькі генералы, але і сотні афіцэраў, тысячы жаўнераў і сяржантаў, якія ваююць з 2014 года і якія цяпер у шэрагах украінскага войска. Таму іх поспехі абсалютна лагічныя, бо абапіраюцца на велізарны досвед і імкненне перамагаць. Думаю, Украіна выкарыстоўвала ўсе магчымыя шанцы і да гэтага. Але цяпер, калі адбываецца вайсковая цэнтралізацыя, я думаю, што шанцаў ва ўкраінскіх вайскоўцаў стала нашмат больш.

АК: Вы злёгку пакпілі з Арэстовіча ў сябе ў «Фэйсбуку», калі пісалі пра тое, што вайна скончыцца ў чэрвені, а цяпер, што скончыцца бліжэй да восені. Як вы думаеце, як далей будуць развівацца падзеі на ваенным фронце, а таксама на палітычным?

ЯМ: Для мяне ў слове вайна літара «в» у выглядзе знака бясконцасці. Яе трэба на 90 градусаў павярнуць і паказваць у такім выглядзе. Прынамсі, ва ўкраінскім напісанні. Я бачу, што ЗША і іншыя краіны Захаду не хочуць распаду Расеі. Яны хочуць толькі яе стратэгічнай паразы. Гэтая стратэгічная параза ў любым выпадку, думаю, прывядзе да таго, што там будзе існаваць ідэя рэваншу. Гэта абсалютна відавочна. Калі вайна не скончыцца распадам Расеі, калі мы супольнымі намаганнямі гэтага атрутнага джала ў Расеі не вырвем (а мы спадзяемся, што гэта ўсё ж адбудзецца), то нам, на жаль, прыйдзецца рыхтавацца да наступнай вайны. Расея ўсё роўна будзе выкарыстоўваць максімальныя шанцы. Яна і цяпер імкнецца ўтрымаць Данецкую і Луганскую вобласць, Херсоншчыну і Запарожжа… Запарожскую вобласць, бо Запарожжа як абласны цэнтр не захопленае расейцамі і наўрад ці будзе. Утрымаць усё гэта і, вядома ж, акупаваны Крым для таго, каб пры першым зручным выпадку прадаць сваім грамадзянам як вялікую перамогу. Сказаць, што мы выратавалі народ Данбасу, Херсоншчыны. Яны, напэўна, будуць казаць «народ Таўрыды». Маўляў, мы ўсіх выратавалі, каго маглі, а ўсіх астатніх будзем ратаваць ад нацыстаў.

АК: Гэта значыць, яны выратавалі і далучылі да Расеі цяпер. Такі план?

ЯМ: Няма сумневу, што збіраюцца далучыць да Расеі, калі прыязджае віцэ-прэмʼер Расеі Хуснулін і з інтанацыямі Альфрэда Розэнбэрга пачынае распавядаць пра тое, як будуць пастаўляць таматы і таматавую пасту ў Расею, як усё будзе добра. Як яны будуць аднаўляць працу розных прадпрыемстваў, не звяртаючы ўвагі на тое, што большасць жыхароў акупаваных тэрыторыяў, хто толькі мог, калі не зʼехалі, то імкнуцца зʼехаць. Яны бачаць, як людзей кідаюць у сутарэнні, як сотні людзей апынуліся ў расейскіх засценках толькі таму, што хтосьці з іх ваяваў у АТА, хтосьці быў праўкраінскім актывістам, а хтосьці не так паглядзеў на паліцэйскі патруль. Усё гэта класічная акупацыйная палітыка. У тым выглядзе, пра які мы чыталі ў падручніках аб нацысцкай акупацыйнай палітыцы ў Беларусі і Украіне. Яны касплэяць Гітлера, дзе толькі могуць.

АК: Украінскія ўлады вядуць гарманічную інфармацыйную палітыку. Моцна імкнуцца падымаць нацыянальны дух украінцаў, але таксама моцна імкнуцца супакойваць. Арэстовіч і мэм заспакаяльнай таблеткі «Арэстон» гуляе ў інтэрнэце. Наколькі гэта праўда, і ці не перагінаюць палкі ўкраінскія ўлады з гэтым супакойваннем украінцаў? Можа, трэба быць больш набліжаным да рэальнасці?

ЯМ: Аляксей Арэстовіч не прадстаўнік улады. Ён дарадца. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта. Гэта чалавек, які з любога фармальнага пункту гледжання ні за што не адказвае. Ён можа рабіць практычна любыя заявы. Але калі ён выходзіць у наш тэлемарафон, якому ў нас, на жаль, давяраюць толькі каля 5 адсоткаў гледачоў, потым атрымлівае пэўнае развіццё. Я лічу, што карміць грамадзянаў Украіны выключна салодкімі інфармацыйнымі пігулкамі – дрэнная тактыка. Потым атрымліваецца сітуацыя, як атрымалася вакол Марыупалю.

Hавiны
Арэстовіч распавёў, як будуць вызваляць Крым і Данбас
2022.05.20 14:12

Відавочна, што цяпер лепш вытрымаць паўзу. Нават у гэтай сітуацыі трэба знаходзіць нейкія камунікацыйныя развязанні. Я лічу, што Украіна павінна была б ініцыяваць стварэнне нейкага адвакацыйнага фонду, які б збіраў грошы для абароны і пошуку магчымасцяў вярнуць абаронцаў Марыупалю ва Украіну. Я не дзяржслужбовец, мне, напэўна, лягчэй. Калі казаць пра тое, як працуе ўкраінская інфармацыйная машына, то я мяркую, што яна працуе досыць эфектыўна, з аднаго боку. З другога боку, не расказваць пра ўласныя страты ў дэталях – гэта класіка ваеннай прапаганды. Нічога ў гэтым плане супраць агульнапрынятай практыкі не робіцца. На расейскіх інфармацыйных каналах вы можаце ўбачыць паведамленні толькі пра ўкраінскія страты. Яны ўжо тры ці пяць разоў знішчылі ўкраінскую сістэму СПА, хоць Украіна ўжо збіла больш за 200 расейскіх вайсковых самалётаў. Гэта беспрэцэдэнтныя страты для Расеі. Я не зусім разумею, як Расея збіраецца іх кампенсаваць. Магчыма, коштам таго, што застаецца на базах захоўвання. Вядома, ідзе актыўная інфармацыйная вайна. І праходзяць інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, спрабуюць паўплываць на расейскае грамадства. Але ўплываць на яго складаней, бо там інфармацыйны маналіт. На ўкраінскае грамадства, магчыма, камусьці здаецца, уплываць лягчэй, але насамрэч Украіна аказалася дастаткова добра падрыхтаванай да таго, што будзе плынь фэйкаў. Сёння, паводле групы «Рэйтынг», больш за 90 % грамадзянаў Украіны вераць у перамогу над Расеяй. Гэтая лічба карэлюе з тым, што больш за 90 % грамадзянаў Украіны прагаласавалі ў 1991 годзе за незалежнасць нашай краіны. Я думаю, што гэтыя лічбы адна адну падцягваюць і дапамагаюць. Мы цяпер вядзем вайну за незалежнасць. Парадокс у тым, што вайна за незалежнасць ідзе на 31-м годзе незалежнасці, але яна працягваецца. Украіна ў ёй пераможа. Украіна ўжо зняла пытанне пра захаванне ўласнага суверэнітэту. Цяпер ідзе гаворка пра тое, наколькі хутка мы можам аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласць. Але я ўпэўнены, што Украіна гэтага даможацца.

АК: Расейская прапаганда гатовая да таго, што Расея зазнае паразу? Якія механізмы ўключацца тады?

ЯМ: Думаю, што галоўным механізмам будзе размова пра тое, што ўладу ва Украіне захапілі нацысты. Яны будуць адпаведным чынам гэта прасоўваць. І на гэта будзе накіраваны ўвесь інфармацыйны шабаш вакол абаронцаў Марыупалю. Сярод іх значную частку складаюць байцы палка «Азоў». З другога боку, гэта, напэўна, будзе тэзіс пра тое, што NATO ўзброіла Украіну, ператварыла яе ў Антырасею, таму ўсё так выйшла. Гэта як у вядомай фразе, не зусім вядома, хто на кім стаяў. Я думаю, ува ўсім свеце няма сумневаў, што 24 лютага 2022 года вайну Расеі супраць Украіны пачала менавіта Расея. Глупства, якое кажуць расейскія прапагандысты, што нібыта Расея нанесла прэвентыўны ўдар па Украіне, якая нібыта планавала напад на «ДНР»/«ЛНР», – гэта трызненне. Бо на той момант 150 тысяч расейскіх вайскоўцаў былі сканцэнтраваныя на ўкраінскай мяжы. Атакаваць у такой сітуацыі «ДНР»/«ЛНР» – абсалютнае трызненне. Але расейцам не ўпершыню несці разнастайную лухту. У іх гэта аснова інфармацыйнай палітыкі. І не толькі інфармацыйнай. Я не здзіўлены. Але мяне цешыць, што расейская прапаганда знаходзіць значна меншы водгук у краінах Захаду. Хоць, скажу шчыра, расейцы спрабуюць прарвацца праз забарону на трансляцыю «Russia Today» і працу інфармацыйнага агенцтва «Sputnik Media».

Інтэрв’ю для праграмы «ПраСвет»

Фота: ukrinform.ua

belsat.eu

Стужка навінаў