Чым «калярадыкальныя ячэйкі» беларускіх «Народных амбасадаў» так напужалі Следчы камітэт?


Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой – «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа», апісаў актывістаў мноствам эпітэтаў. «Белсат» пацікавіўся ў прадстаўніцы «Народных амбасадаў», чым тыя маглі раззлаваць улады – і ці баяцца іхных пагрозаў.

Первая свадьба в Народном посольстве Беларуси в Швеции
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першае вяселле ў Народнай амбасадзе Беларусі ў Швецыі. Шлюбам пабраліся маладзёны Марыя і Арсень. Стакгольм, Швецыя. 16 кастрычніка 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

Следчы камітэт піша пра «сходкі беглых», «злачынныя супольнасці псеўдаамбасадаў і інфацэнтраў», «калярадыкальныя ячэйкі», «антыканстытуцыйную змену ўлады», «радыкальныя дыяспары»…

Каардынатарка праекту Аляксандра Мамаева тлумачыць «Белсату»: «Народных амбасадаў Беларусі» – ініцыятыва беларускіх дыяспараў, якая паўстала яшчэ ў верасні 2020 года, калі беларусы ў замежжы зразумелі, што амбасады Беларусі не прадстаўлялі і не хацелі прадстаўляць інтарэсы беларусаў. Тады да амбасадаў звярталіся, каб тыя асудзілі гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, ніякага адказу не атрымалі, таму ў розных краінах амаль адначасова паўстала ідэя «Народных амбасадаў».

Цяпер «Народныя амбасады» могуць быць гэткімі інфармацыйнымі пунктамі, якія расказваюць палітыкам і супольнасці аб сітуацыі ў Беларусі. А могуць быць амаль паўнавартаснымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі: у Швецыі «Народная амбасада» выконвае ўжо шмат функцыяў амбасады, як то заключэнне шлюбу, вырашэнне праблемаў з апастылем, легалізацыяй і іншымі бюракратычнымі праблемамі, арганізацыя афіцыйных візітаў і прыёмаў, кантакты з мясцовымі палітыкамі.

Чаму супраць «Народных амбасадаў» распачалі новую крымінальную справу менавіта зараз? Мамаева не ведае: мо проста «рукі дайшлі», мо праз «антыконсульскі» ўказ Аляксандра Лукашэнкі, мо раззлавала дапамога «Народных амбасадаў» з атрыманнем пашпартоў замежніка і іншыя адвакацыйныя кампаніі кшталту абароны ад дэпартацыі па лініі «Інтэрполу». Але гэтая справа ўжо не першая.

Яна згадвае, што «Народныя амбасады» адкрыліся 10 снежня 2020 года, ужо 11 снежня на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі выйшаў сюжэт, у якім прапагандыстка Ксенія Лебедзева заявіла, што супраць «Народных амбасадаў» распачалі крымінальную справу за «Пагрозу нацыянальнай бяспецы». Потым з’явіліся паведамленні пра наступную справу за «Утварэнне псеўдадзяржаўных органаў» – у «Народных амбасадах» жартавалі, што Следчаму камітэту спатрэбілася паўгода, каб дачытаць Крымінальны кодэкс да таго артыкулу, які іх праўда тычыўся.

Hавiны
Галоўная праца – дапамога беларусам у Беларусі і за мяжой: тры гады Народным амбасадам
2023.12.10 22:21

Ці адчуваюць сябе ў бяспецы «народныя амбасадары»

У паведамленні Следчага камітэту шматзначна згадваліся 30 аб’ектаў нерухомасці ў Беларусі, якія належаць фігурантам крымінальнай справы супраць «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Што гэта значыць?

На думку Мамаевай, Следчы камітэт не разумее, як утвараліся «Народныя амбасады», бо зваліў у кучу разам іх і супольнасць дыяспараў «Беларусы замежжа» (якая паўстала яшчэ пасля правядзення экзіт-полаў на выбарах-2020 і з якой выраслі «Народныя амбасады»). Цяпер, тлумачыць яна, ёсць 20 прадстаўніцтваў «Народных амбасадаў», але наўрад ці знойдзецца 30 прадстаўнікоў, у якіх засталася маёмасць у Беларусі, бо гэта людзі, якія вельмі даўно не жывуць у Беларусі.

СК цяпер, магчыма, хоча напужаць і «Народныя амбасады», і «Беларусаў замежжа» пагромамі кватэраў або спробамі адабраць маёмасць, ціскам на блізкіх у Беларусі, дапускае Мамаева. Але яна не ведае, як сілавікі могуць нашкодзіць непасрэдна самім беларусам за мяжой.

Мамаева нагадвае, што шмат супраць каго з актывістаў за мяжой яшчэ ў канцы 2020 года былі распачатыя крымінальныя справы, таму людзі адразу атрымлівалі міжнародную ахову ці статус уцекача. Гэта значыць, дзяржавы, дзе яны жывуць, мусяць запэўніваць бяспеку гэтых людзей і адказваць за іхную бяспеку як за бяспеку сваіх грамадзянаў.

Яна згадвае нядаўні напад на расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні, а таксама колішнія пагрозы дэпутата Алега Гайдукевіча «вывезці ў багажніку» Паўла Латушку.

«Адчуванне бяспекі – ну, не ведаю, – працягвае Мамаева. – Мы ўсе разумеем гэтую рызыку. Мы разумеем, што яны могуць паспрабаваць нешта зрабіць. Але мы жывем усё ж такі ў Еўропе, дзе мы заўсёды і па любым пытанні можам звярнуцца да паліцыі».

На ейную думку, у большай небяспецы хіба беларусы ў Літве і Польшчы, бо КДБ наўрад ці даедзе да Швецыі ці Шатландыі, каб нашкодзіць «Народным амбасадам».

Тым часам сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак паведамляе, што ў гэтай справе супраць беларусаў у эміграцыі ўжо адбываюцца ператрусы ў Беларусі, працуе служба эвакуацыі фонду.

Гісторыі
«Тэрарыст» Лэслі Найф: Чалавецтву трэба перарасці вайну, як перараслі канібалізм
2024.03.12 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў