Галоўная праца – дапамога беларусам у Беларусі і за мяжой: тры гады Народным амбасадам


Галоўнай працай НА ў 2023 годзе стала дапамога беларусам і беларускам, праблемы якім працягвае ствараць беларускі рэжым, а таксама трыманне беларускай павесткі за мяжой, піша belarusabroad.org

Дзяўчына прымацоўвае папяровага журава на інсталяцыю перад Беларускім моладзевым хабам напачатку Марша годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў, якія паўсталі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пасля прыняцця ўказу, які выключае права беларусаў за мяжой атрымліваць новыя пашпарты ці прадаўжаць тэрмін дзеяння старых пашпартоў у дыпрадстаўніцтвах, Народныя амбасады Беларусі сабралі інфармацыю пра магчымасці атрымання пашпарта замежніка (праязнога дакументу) у розных краінах. Менш чым за тыдзень быў створаны адмысловы сайт https://pashpart.org/, дзе сабрана інфармацыя больш чым па 30 краінах. Толькі за першыя 10 дзён працы сайта яго наведала больш за 15 тысяч беларусаў і беларусак з усяго свету, а колькасць праглядаў за гэты час перавысіла 80 тысяч. Для тых, хто не знайшоў сваёй краіны ў спісе краін, дзе ёсць магчымасць атрымання пашпарта замежніка, Народныя амбасады зрабілі дадатковыя рэкамендацыі.

«Усё будзе легальна» – праект «Новай Беларусі» у партнёрстве з Народнымі амбасадамі, беларусамі і беларускамі ў эміграцыі пра легалізацыю і дакументы за мяжой.

Кампанія па дапамозе ў эвакуацыі беларусаў з Ізраілю: у рамках кампаніі збіралася і распаўсюджвалася інфармацыя пра эвакуацыйныя рэйсы з Тэль-Авіву. Актывісты праінфармавалі МЗС краін свайго знаходжання аб складанай сітуацыі, у якой апынуліся беларусы ў Ізраілі, ва ўмовах, калі «афіцыйнае» пасольства адмовілася ад удзелу ў іх далейшым лёсе. З дапамогай Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрымцы фонду I Need Help By была эвакуявана беларуска.

Hавiны
«Народная эвакуацыя». Першаю з Ізраілю вывезуць блогерку-ўцякачку Аляксандру Ханевіч
2023.10.12 12:26

Міжнародная кампанія па супрацьдзеянню злоўжыванню сістэмы вышуку Інтэрпол для пераследу беларусаў за мяжой. У рамках кампаніі былі сабраныя кейсы пераследу, падрыхтаваны рэкамендацыі, супольна з юрыстамі ОСЦ адасланы лісты Нацыянальным бюро Інтэрпол МУС у 34 краінах. Разам з італьянскімі палітыкамі і асацыяцыяй ANOLF Народная амбасада ў Італіі дамаглася вызвалення затрыманага беларуса праз 2 месяцы турмы.

Народныя амбасады працягваюць дапамагаюць беларусам у замежжы адвакатаваць іх інтарэсы, праводзяць кансультацыі для сябраў беларускіх дыяспараў па пытаннях дакументаў, легалізацыі, атрымання міжнароднай аховы. Народная амбасада ў Эстоніі зрабіла дзеля гэтага адмысловы сайт https://bel.ee/ У Італіі двум сем’ям былых палітвязняў дапамаглі атрымаць міжнародную ахову. Народная амбасада Беларусі ў Швецыі пры падтрымцы ПЦ «Вясна» стварыла даведнік на англійскай мове, які абагульняе інфармацыю аб тым, за якія дзеянні беларусы і беларускі могуць быць падвергнуты рэпрэсіям. Дакумент закліканы дапамагчы міграцыйным чыноўнікам, адвакатам і праваабаронцам ацаніць ступень пагрозы, з якой сутыкаюцца ўцекачы з Беларусі.

Дапамога беларусам у Беларусі засяродзілася на падтрымцы палітзняволеных і іх сем’яў:

– http://christmasby.org/en – «Ліст Дзеду Марозу», збор сродкаў для дзяцей палітзняволеных;

– удзел у Марафоне салідарнасці;

– калядная ініцыятыва «Падарункі дзецям беларускіх палітвязняў», у межах якой падарылі калядны настрой 178 беларускім дзецям;

– прасоўванне Дня беларускіх палітвязняў 22 траўня: удзел у дэманстрацыі ў Рыме, удзел у святкаванні адміністрацыйных органаў Італіі, імша ў Фларэнцыі;

– «Вершы з-за кратаў» – сумесны праект Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі і ініцыятывы «Вольныя паштоўкі». Гэта вялікі віртуальны зборнік паэзіі беларускіх палітвязняў.

Не спыняецца дапамога беларускім добраахвотнікам ва Украіне, ЗСУ і ўкраінскім уцекачам.

Народныя амбасады прадстаўлялі дэмакратычную Беларусь і беларускую дыяспару на шматлікіх беларускіх і міжнародных мерапрыемствах: Канферэнцыя беларусаў замежжа, канферэнцыя Новая Беларусь, Беларуская канферэнцыя ў Эстоніі, «Шлях да волі» у Кіеве, XXI Мінскі форум у Вільні, сесія Рады Еўропы па сітуацыі ў Беларусі і іншыя.

Візіты на вышэйшым узроўні Святланы Ціханоўскай і сябраў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета дапамагалі арганізоўваць Народныя амбасады ў Гішпаніі, Партугаліі, Італіі, Швецыі, Велікабрытаніі, Шатландыі, Нямеччыне, Славеніі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы. Падчас візітаў праводзіліся сустрэчы лідараў з беларускай дыяспарай.

Адным з галоўных напрамкаў з’яўляецца праца з урадамі, парламентамі і медыя па прасоўванні беларускай павесткі:

– Супраца з парламенцкімі групамі Сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Швецыі, Аўстрыі, Партугаліі і інш., удзел у першай міжнароднай сустрэчы альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у Берліне;

– Удзел прадстаўнікоў і прадстаўніц Народных амбасадаў Беларусі ў слуханнях па Беларусі ў парламентах Аўстрыі і Польшчы;

– Праца з лакальнымі медыямі, інфармаванне аб сітуацыі ў Беларусі;

– Актыўны ўдзел у акадэмічных мерапрыемствах і ў працы экспертных супольнасцяў;

– Арганізацыя серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 9 жніўня – дню салідарнасці з Беларуссю.

Гісторыі
Беларусы на Балканах: Просім прызнаваць нашыя пратэрмінаваныя пашпарты да змянення сітуацыі на радзіме
2023.12.01 08:05

Прадстаўнікі і прадстаўніцы Народных амбасадаў Беларусі замяняюць рэжымных дыпламатаў і чыноўнікаў на пратакольных мерапрыемствах у розных краінах:

– Ушанаванне памяці беларусаў польскага батальёна, якія ахвяравалі жыццём за свабоду Італіі;

– Прадстаўнікі Народнай амбасады Беларусі ў Польшчы былі ў афіцыйнай дэлегацыі на мерапрыемстве да 160-годдзя Студзеньскага паўстання з удзелам прэзідэнтаў Польшчы, Літвы, амбасадара Украіны і Святланы Ціханоўскай;

– Удзел у камунікацыі і мерапрыемствах дыпламатычных прадстаўніцтваў;

– Арганізацыя ў Швецыі дыпламатычнага прыёму сумесна з пасольствамі Польшчы, Літвы і Украіны, прысвечанага 160-годдзю Паўстання Кастуся Каліноўскага.

– Удзел у афіцыйнай дэлегацыі на Блейскім стратэгічным форуме ў Славеніі;

– Запрашэнне на «урадавую» трыбуну падчас закрыцця Нацыянальнага Свята Песні ў Латвіі;

– Прадстаўленне Беларусі на Дыпламатычным благадзейным кірмашы SILA Bazar у Любляне Народнымі амбасадамі Беларусі ў Славеніі, Аўстрыі і Італіі.

Народныя амбасады зладзілі шэраг культурных, рэлігійных, спартовых мерапрыемстваў і мітынгаў:

– Серыя мерапрыемстваў у розных краінах «Ноч расстраляных паэтаў»;

– Арганізавалі мітынг у Вене, прысвечаны правам жанчын-палітвязынак;

– Правядзенне імшы ў галоўным каталіцкім касцёле Стакгольму ў знак салідарнасці з палякамі, беларускімі католікамі і іншымі меншасцямі, якія пераследуюцца ў Беларусі;

– Правялі імшы Беларускай грэка-каталіцкай царквы і серыі размоваў са святаром у Аўстрыі;

– Прэзентавалі пераклады кнігі Максіма Знака «Зекамерон» у Шатландыі і Швецыі;

– Перадалі беларускія кнігі ў бібліятэку славянскіх моваў у Славеніі;

– Працяг правядзення цырымоній шлюбу Народнай амбасадай Беларусі ў Швецыі;

– Дзесяткі іншых мерампрыестваў: Дзень Еўропы ў Вене, «Галасы Новай Беларусі» і паказ фільма «Каханне мацней страху» у Любляне, міжнародная мастацкая выстава ў Клагенфурце, уручэнне ганаровага прафесара Марыі Калеснікавай Універсітэтам культуры Граца, удзел у Стакгольмскім прайд-парадзе, «Беларускі кірмаш», мастацкія выставы «Надзея без страху» і «Жаночы марш» у Фларэнцыі, спартовыя турніры салідарнасці.

Была працягнута праца па ціску на рэжым і яго арганізацыі:

– Лабіяванне рэзалюцыі ILO;

– Кампанія па спыненню дзейнасці менскага Свята-Елісавецінскага манастыра ў Еўропе, які збірае грошы на падтрымку Расеі ў вайне з Украінай.

Паспяховая дзейнасць Народных амбасадаў была адзначана нават беларусакім рэжымам – тэлеграм-канал і лагатып Народных амбасадаў Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў