Расея без Навальнага

Смерць Аляксея Навальнага ўразіла ўвесь свет. Першыя палосы ўсіх сусветных СМІ выйшлі з ягонымі партрэтамі і паведамленнямі аб гібелі палітыка.

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным стаяць насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

І амаль усе без выключэння ў ягонай смерці вінавацілі дыктатара Пуціна. А што ж адбываецца ў гэты час у самой Расеі? Ці зменяцца настроі ў грамадстве, і ці зменіцца краіна? Ці ёсць хоць якія-небудзь рычагі ўздзеяння на ўладу? Каб не паглыбляцца ў непатрэбныя падрабязнасці, можна адразу сказаць, што ніякіх рычагоў няма. Грамадзянская супольнасць знішчаная разам з тымі самымі рычагамі ўздзеяння. А ўсе лідары гэтага таварыства альбо ў турме, альбо за мяжою.

Тады ўзнікае пытанне: «А навошта ж Пуціну спатрэбілася забіваць свайго апанента, які і без таго практычна на пажыццёвы тэрмін быў адпраўлены ў турму? Ды і сама турма знаходзілася на краі свету – у запалярным пасёлку Харп. Яшчэ было б зразумела, калі б яго забілі тады, калі разам з Пятром Афіцэравым асудзілі да пяці і чатырох гадоў пазбаўлення волі ў справе «Кіраўлес». Гэта адбылося 18 ліпеня 2013 года. Сутнасць абвінавачання – Навальны схіліў дырэктара прадпрыемства да заключэння нявыгаднага кантракту на карысць «Вяцкай лясной кампаніі», якою кіраваў Пётр Афіцэраў. Абодва ніколі не прызнавалі віну. Усе разумелі, што ўлады папросту імкнуліся ізаляваць вулічнага лідара напярэдадні падзеяў, пра якія тады ведалі толькі набліжаныя да Пуціна.

А ў той дзень на скрыжаванні Цвярской і Ахотнага раду сабраўся вялізны натоўп. Машыны сігналілі прысутным. Зрэшты, карціна даволі знаёмая беларусам. Але фігуранты гэтай справы не сталі проста сядзець склаўшы рукі. Пра гэта сведчыць рашэнне Еўрапейскага суда правоў чалавека, у які звярнуліся зняволеныя. У лютым 2016 года было прызна, што расейскі суд парушыў правы абвінавачаных. У сувязі з рашэннем ЕСПЧ Вярхоўны суд Расеі адмяніў ранейшы прыгавор і накіраваў справу на новы разгляд. Паўторныя слуханні праходзілі ў 2017 годзе ў тым жа раённым судзе Кірава і завяршыліся такім жа прысудам. Але ж далёка не ўсе звяртаюцца ў выпадку неабгрунтаванага абвінавачання ў Еўрапейскі суд, і такая «выхадка» не магла застацца незаўважанай. У 2018 годзе Пётр Афіцэраў раптоўна памёр. Смерці папярэднічала чэрапна-мазгавая траўма. Медыкі напісалі ў заключэнні, што яна магла наступіць ад эпілептычнага прыступу. Пытанняў было шмат.

Усю другую палову 2010-х Навальнага пастаянна затрымлівалі і ён адбываў арышты: у 2017 годзе ў суме 60 сутак, а ў 2018 – больш за 80. Але ў жніўні 2020-га яго атруцілі. У самалёце з Томску ў Маскву яму стала дрэнна. Тады быў выстаўлены дыягназ – таксічнае атручэнне. Калі Навальны праходзіў лячэнне ў Нямеччыне, ягоная каманда выпусціла расследаванне, з якога вынікала, што за ўсім стаіць ФСБ. А тут і ролік выйшаў пра тое, што Навальны сам «патэлефанаваў свайму забойцу» і той ва ўсім прызнаўся. Ролік спарадзіў шмат жартаў і мэмаў аб працы ФСБ і аб майтках Навальнага. Супрацоўнік ФСБ Кудраўцаў сказаў, што «Навічком» была апрацаваная менавіта гэтая частка гардэробу палітыка. Жарты жартамі, але Навальнага арыштавалі па вяртанні – на пашпартным кантролі. На волю ён больш не выйшаў. Умовы ўтрымання Навальнага ўвесь час пагаршаліся: спачатку агульны рэжым, затым строгі, а потым асобы. Пры гэтым яго адправілі ў самую аддаленую калонію.

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 года». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21

За два дні да смерці ў калоніі з Аляксеем Навальным бачылася ягоная маці. Паводле яе словаў, хворым ён дакладна не выглядаў. Што ж адбылося пасля гэтага спаткання? Медыкі, з якімі гутарылі журналісты, сцвярджаюць, што калі палітык памёр ад тромбаэмбаліі, то наўрад ці яна магла прывесці да раптоўнага спынення сэрца. Гэтаму мусілі папярэднічаць пэўныя сімптомы. Але і вялікі тромб пры ўскрыцці быў бы выразна бачны экспертам нават праз двое сутак. У любым выпадку, медыкі мяркуюць, што чым даўжэй адцягваць ускрыццё, тым менш шанцаў паставіць дыягназ, які прывёў да смерці. Напрыканцы дня стала вядома, што цела аддадуць толькі праз 14 содняў.

Тым часам «Медыязона» здабыла і прааналізавала запісы з камераў назірання за адзінаю дарогаю, па якой можна дабрацца да калоніі. У ноч на 17 лютага па ёй паміж Лабытнангам і Салехардам праехаў картэж Федэральнай службы выканання пакаранняў. Значыць, перад прыездам маці Навальнага ягонае цела вывезлі далей ад калоніі.

Мы не маем адказу на пытанне, навошта спатрэбілася менавіта цяпер забіваць палітыка. Немагчыма забіць проста так. Мусяць быць прычыны. У кожнага забойцы яны розныя – злосць, страх, зайздрасць, гэта проста мая праца, рэўнасць і шмат яшчэ чаго. Але мне здаецца, што менавіта страх і бяссілле могуць штурхнуць пасрэднага чалавека, які мае і ўладу і грошы, на забойства.

Бо дастаткова згадаць нават тыя малюсенькія лічбы падтрымкі Надзеждзіна, але ў розных гарадах Расеі былі вялізныя чэргі, каб паставіць за яго подпіс. І гэта ўсё адбывалася на фоне падзення колькасці людзей, якія актыўна падтрымлівалі працяг вайны супраць Украіны. Скрэпы скрэпамі, але адзінства нацыі як такога нешта не атрымліваецца. Стаялі чэргі за кагосьці, хто супраць Пуціна, але ў свядомасці ўсплывае вобраз Навальнага – лідара, які сапраўды можа заклікаць народ выйсці на вуліцы, і за ім пойдуць. Ці жарт – за два дні паліцыянты ў 36 гарадах Расеі затрымалі больш за 400 удзельнікаў акцыяў памяці Аляксея Навальнага. Больш за ўсё затрыманых, каля 200, – у Санкт-Пецярбурзе, родным горадзе Пуціна. І гэта пры тым, што там, як і ў Беларусі, асабліва не высунешся на нейкі вулічны пікет. А тыя кветкі і свечкі, якія перыядычна збіралі ў пакеты невядомыя ў цывільным? Беларусам гэтая карціна таксама добра вядомая.

Як будзе жыць Расея пасля смерці Навальнага? Апошнія падзеі паказваюць, што цяпер усё сведчыць аб тым, што рашэнні будуць прымаць толькі сілавікі. Менавіта яны будуць вызначаць, як будзе існаваць краіна. Існаваць, таму што развівацца яна пры такім стане рэчаў сапраўды не зможа. Як доўга гэта будзе працягвацца? Адказ відавочны – пакуль вайна не скончыцца перамогай Украіны, гэта значыць, перамогаю дэмакратыі над дыктатурай сілавікоў і злодзеяў пад кіраўніцтвам Пуціна. І зноў усё ўпіраецца ў гэтае пытанне: калі ж скончыцца вайна? Магчыма, свет аб’яднанымі намаганнямі паскорыць гэты працэс. Бо ў турмах застаюцца найлепшыя розумы Расеі, якія ведаюць, што за рэформы патрэбныя іхняй краіне. Не выключана, што на мапе цяперашняй Расеі зʼявяцца новыя дзяржавы. Але іх развіццё будуць вызначаць нацыянальныя лідары.

Каментар
Юлія Навальная – відавочны і тэфлонавы лідар расейскай апазіцыі, – палітолаг Галямаў
2024.02.20 14:08

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў