Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?


Другі год вайны стаў годам расчараванняў для Украіны, яе саюзнікаў і прыхільнікаў. Замест пераможнага завяршэння канфлікту або прынамсі карэннага пералому, сітуацыя на фронце зайшла ў пазіцыйны тупік, а міжнародная абстаноўка – істотна пагоршылася. Belsat.eu разбіраўся, ці можа прынцыпова змяніцца сітуацыя на трэцім годзе вайны, і што будзе, калі Расея ўсё-ткі пераможа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты накіроўваюцца да сваёй пазіцыі на лініі фронту непадалёк ад Бахмуту ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 студзеня 2024 года.
Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Аптымізм з аглядкай на 2022 год

Украіна ўступала ў другі год вайны на хвалі аптымістычных настрояў і прагнозаў. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў навагоднім звароце назваў 2023 год – годам перамогі. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк сцвярджаў, што вайна скончыцца цягам году. Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў абяцаў: да канца лета ЗСУ выйдуць да межаў 1991 года, а да канца 2023 года баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны ўвогуле закончацца.

Плануючы контрнаступленне, якое распачалося ў чэрвені 2023-га, украінскае камандаванне разлічвала, што ЗСУ будуць прасоўвацца з хуткасцю 30 км за дзень. Аднак рэальнасць аказалася зусім іншай: за пяць месяцаў контрнаступу ўкраінскія вайскоўцы прасунулася ўсяго на 17 кіламетраў, пасля чаго былі вымушаны перайсці да абароны.

Адкуль узяліся завышаныя чаканні ад 2023 году? Разлікі будаваліся не на перавазе ЗСУ ў людзях ці тэхніцы (гэтай перавагі не было), а выключна на выніках аперацыяў 2022 году. Цягам першых 10 месяцаў вайны Украіна здолела вызваліць 40 % акупаваных тэрыторыяў. Падчас контрнаступу ЗСУ на Харкаўшчыне ў верасні 2022 году тэмпы былі проста ашаламляльныя: тады за тыдзень было вызвалена 3,8 тыс. кв. Таму шмат хто чакаў, што ў 2023-м узброеныя заходняй тэхнікай і захаваўшыя высокі баявы дух падраздзяленні ЗСУ працягнуць вызваляць захопленыя тэрыторыі як мінімум тымі ж тэмпамі.

Разлік, як высветлілася, быў памылковы, бо не ўлічваў двух найважнейшых фактараў: 1) змены характару баявых дзеянняў пад уплывам развіцця тэхнічных сродкаў, 2) здольнасці расейскай арміі вучыцца на сваіх памылках і адаптавацца.

Што пайшло не так

Пасля паразаў на Харкаўшчыне і Херсоншчыне восенню 2022-га Расея адмовілася ад шапказакідальніцкага стаўлення да праціўніка. Расейскае войска больш не разлічвала на бліцкрыг, а старанна акопвалася на занятых рубяжах. Агрэсар ствараў на ключавых кірунках шчыльныя мінныя палі і будаваў магутныя фартыфікацыйныя збудаванні, якіх у Еўропе ніхто не бачыў з часоў сусветных войнаў. Адначасова за кошт мабілізацыя была вырашына праблему дэфіцыту асабовага складу на фронце. Прычым мабілізаваны кантынгент перад тым, як сутыкнуцца з контрнаступленнем ЗСУ, меў каля 8 месяцаў, каб адаптавацца да франтавых рэаліяў. То бок той, хто выжыў у першыя месяцы, на момант контрнаступу быў ужо паўнавартасным салдатам, а не ўчорашнім клеркам ці менеджарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчыны садзяцца ў машынку ля пункту збору ў рамках частковай мабілізацыі ў Маскве, Расея. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency / Abaca Press / East News

Заходнія эксперты яшчэ напярэдадні контрнаступу папярэджвалі, што расейскім войскам удалося выправіць многія свае недахопы. У прыватнасці, яны эфектыўна адаптавалі да новых рэаліяў выкарыстанне авіяцыі, значна ўдасканалілі СПА і РЭБ, памянялі тактыку бранятэхнікі і артылерыі. Расейцы таксама хутчэй за ўкраінцаў прыстасаваліся да новай тэндэнцыі – масавага выкарыстання малых дронаў.

Масавае выкарыстанне беспілотнікаў у значнай ступені змяніла характар баявых дзеянняў. Дроны дазваляюць вельмі хутка выяўляць канцэнтрацыю сілаў праціўніка і адразу наносіць па ім удары пры дапамозе авіяцыі, артылерыі або тых жа БПЛА. «Сёння калону танкаў або калону наступаючых войскаў можна выявіць за 3–5 хвілін і паразіць яшчэ за 3 хвіліны. Выжывальнасць на маршы – не больш за 10 хвілін, – казаў восенню прадстаўнік ГУР Вадзім Скібіцкі, – Дасягаць нечаканасці стала вельмі цяжка». «Просты факт заключаецца ў тым, што мы бачым усё, што робіць вораг, а ён бачыць усё, што робім мы», – наракаў галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны.

Арганізацыйныя пралікі

На гэтыя аб’ектыўныя фактары наклаліся спрэчныя рашэнні ўкраінскага камандавання падчас планавання кампаніі 2023 году.

Па-першае, Украіна занадта доўга адкладала контрнаступу. Кіеў тлумачыў, што чакае заходніх паставак, аднак перанос аперацыі з красавіка на чэрвень дала расейцам магчымасць яшчэ больш ўмацаваць свае пазіцыі. У выніку высветлілася, што «Брэдлі», «Леапарды» і «Чэленджэры», якія маглі б адыграць ключавую ролю ў выпадку прарыву фронту і выхаду на аператыўную прастору, пры атаках на эшаланаваную абарону не забяспечваюць вызначальнай перавагі. А калі мінныя палі ўсё-ткі атрымлівалася пераадолець, развіць поспех не давала актыўнае выкарыстанне розных відаў танных дронаў, якія лёгка маглі вывесці са строю шматмільённыя танкі і пераследавалі нават малыя групы пяхоты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбурэнні ў горадзе Бахмут Данецкай вобласці, Украіна. 21 траўня 2023 года.
Фота: Handout / Armed Forces of Ukraine / AFP / East News

Па-другое, украінцы замест таго, каб нанесці адзін магутны ўдар, вырашылі біцца адразу на некалькіх кірунках. Спачатку ЗСУ доўгі час і цаной вялікай крыві абаранялі Бахмут, які, як сцвярджаюць некаторыя ўкраінскія жаўнеры, не быў падрыхтаваны да абароны. А потым, калі горад быў страчаны, распачалі на гэтым кірунку абмежавальную контрнаступальную аперацыю. І на Захадзе, і ва Украіне шмат хто лічыць, што пад Бахмутам ЗСУ бессэнсоўна марнавалі свае найлепшыя сілы, якія больш карысці прынеслі б на Запарожскім фронце, дзе летам-восенню наносіўся галоўны ўдар украінскага контрнаступу.

У пачатку лістапада Залужны прызнаў, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік і глыбокага прарыву чакаць не варта. Наступныя падзеі даказваюць, што пазіцыйны тупік мае ўзаемны характар. Пачынаючы з другой паловы восені расейская армія перайшла ў наступленне амаль на ўсіх кірунках. Цягам зімы цаной вялізарных стратаў агрэсар здолеў узяць Мар’інку і Аўдзееўку, што знаходзіліся на лініі судакранання з 2014 году. Аднак ніякіх перадумоваў для больш шырокага і глыбокага прарыву ўкраінскага фронту няма.

Ці ёсць выйсці з пазіцыйнага тупіку?

Цяперашнюю стадыю вайны РФ і Украіны вельмі часта параўноўваюць з Першай сусветнай вайной, якая як раз і з’яўляецца ўзорам пазіцыйнага тупіку. Прырода абодвух тупікоў вельмі падобная. Па-першае, і тады, і цяпер бакі сутыкнуліся з праблемай дысбалансу ваенных тэхналогіяў: новая тэхніка значна пашырыла магчымасці для абароны, а для наступлення наадварот скараціла. Па-другое, ваенная тактыка не паспявала за развіццём тэхналогіяў.

«Для таго каб выйсці з гэтага тупіку, нам трэба нешта новае, накшталт пораху, які вынайшлі кітайцы і якім мы да гэтага часу забіваем адно аднаго», – заявіў Залужны ў інтэрв’ю «The Economist» у лістападзе 2023-га.

Падчас Першай сусветнай гэтым «порахам» стала стварэнне танкаў і развіццё авіяцыі. Цяпер найбольш імаверны кірунак тэхналагічнага прарыву – гэта развіццё беспілотных сістэмаў і РЭБ. Незадоўга да сваёй адстаўкі Залужны апублікаваў праграмны артыкул, дзе зазначыў, што Украіна ў 2024 годзе мусіць сканцэнтраваць свае асноўныя намаганні на стварэнні сістэмы забеспячэння Сілаў абароны высокатэхналагічнымі сродкамі, а таксама ўкараненні новай філасофіі рыхтавання і вядзення ваенных дзеянняў з улікам сучасных рэаліяў. Паводле Залужнага, дроны цяпер з’яўляюцца ледзь не адзіным інструментам выхаду з пазіцыйнай формы вайны.

Аналагічныя прыярытэты вызначыў і генерал Аляксандр Сырскі, які змяніў Залужнага ў лютым 2024 году. «Толькі змены і сталае ўдасканаленне сродкаў і метадаў вядзення баявых дзеянняў дазволіць дамагчыся поспеху», – падкрэсліў ён у сваёй першай заяве пасля прызначэння на новую пасаду.

Пра тое, што да праблемы ставяцца сур’ёзна, сведчыць той факт, што 6 лютага Зяленскі падпісаў указ аб стварэнні асобнага роду войскаў – Сілаў беспілотных сістэмаў. Падзея насамрэч знакавая. Падчас Першай сусветнай гэтак сама паступова пераўтваралася ў асобны род войскаў авіяцыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысутнічае на цырымоніі ўзняцця сцяга ў Ізюме пасля таго, як украінскія войскі ўзялі пад кантроль горад ад расейскай арміі. Ізюм, Харкаўская вобласць, Украіна. 14 верасня 2022 года.
Фота: Metin Aktaş / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Новыя тэхналогіі (не абавязкова толькі на ўзроўні дронаў) сапраўды могуць стаць сродкам выхаду з пазіцыйнага тупіку. Аднак, па-першае, ніхто не ведае, колькі часу на тактыка-тэхналагічны прарыў можа спатрэбіцца. Падчас Першай сусветнай вайны на гэта сышло больш за 3,5 гады: пазіцыйны тупік на Заходні фронце ўстанавіўся ў канцы 1914 году, а пераадолены ён быў толькі ў жніўні 1918-га.

Па-другое, большасць умоваў выхаду з пазіцыйнага тупіку, пра якія кажа ўкраінскае камандаванне, апелююць да дапамогі Захаду. А міжнародная падтрымка Украіны напрыканцы другога году вайны як раз зазнае вельмі сур’ёзны крызіс.

«А што, калі Пуцін перамагае?»

Пазіцыйны тупік на фронце супаў з абвастрэннем унутрыпалітычнай барацьбы ў ЗША. Перамовы і спрэчкі вакол дадатковага фінансавання Украіны цягнуцца з верасня 2023 году, і пакуль цяжка сказаць калі дэмакраты і рэспубліканцы ў Кангрэсе нарэшце здолеюць дамовіцца. Пры гэтым Еўропа самастойна закрыць патрэбы Украіны ў зброі на дадзеным этапе не можа: абаронны сектар дзяржаваў ЕЗ недафінансоўваўся дзесяцігоддзямі і цяпер пашырэнне вытворчасці ВПК адбываецца вельмі марудна.

Крызіс заходняй дапамогі спрыяе росту песімістычных настрояў. «А што, калі Пуцін перамагае?», – з такім паказальным загалоўкам апублікавала артыкул агенцтва «Bloomberg» у снежні. «The New York Times» сцвярджае, што без амерыканскай дапамогі ЗСУ можа сёлета чакаць «снарадны калапс», боепрыпасы для СПА могуць быць вычарпаны ўжо ў сакавіку. Намеснік галоўнага рэдактара «BILD» Паўль Ронцгаймэр пасля паездкі на фронт пад Бахмут выказаў меркаванне, што Украіна цяпер знаходзіцца ў найцяжэйшым ваенным крызісе з часоў бітвы за Кіеў. «Я не бачыў такога настрою з часоў поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе», – зазначыў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец запускае беспілотнік для выяўлення расейскіх пазіцый у раёне гораду Бахмут, Украіна. 5 сакавіка 2023 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Усё гэта прымушае Захад задумвацца над тым, што будзе, калі Украіна прайграе ў вайне. У Еўропе з трывогай канстатуюць, што няўдачы 2022 году не сталі фатальнымі для ваеннага патэнцыялу Расеі, а яе прамысловасць пераходзіць на ваенныя рэкі значнай хутчэй, чым чакалася. Сярод вайскоўцаў і аналітыкаў цяпер усё часцей выказваецца думка, што калі актыўныя баявыя дзеянні ва Украіне скончацца, то Крамлю можа хапіць некалькі гадоў (па больш асцярожных ацэнках – 6-10 гадоў) на тое, каб правесці рэарганізацыю сваіх сілаў і напасці на краіны NATO.

Цяпер расейская пагроза ўспрымаецца як перманентная не толькі ў Польшчы і краінах Балтыі. Кіраўніцтва Нямеччыны адкрыта кажа, што замарожванне вайны ва Украіне дазволіць Пуціну пагражаць усёй Еўропе. Генеральны інспектар бундэсвэру, генерал Карстэн Броер заявіў, што немцы мусяць быць гатовыя да вайны праз 5 гадоў. У некаторых медыях можна сустрэць і яшчэ больш песімістычныя сцэнары, у адпаведнасці з якімі вялікая вайна распачнецца ўжо ў 2025 годзе.

Сітуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш, калі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША восенню 2024 года пераможа Доналд Трамп. Лічыцца, што палітыка Трампа можа дэ-факта прывесці да развалу NATO. Ён адкрыта кажа, што калі еўрапейскія саюзнікі не будуць выконваць свае фінансавыя абавязкі перад Альянсам, ён не толькі не стане іх абараняць, але і будзе заахвочваць Расею «рабіць усё, чаго яны, трасца, захочуць».

Словы Трампа, магчыма, і не варта ўспрымаць літаральна (іх папулісцкі кантэкст відавочны), аднак гэтыя яшчэ адзін стымул для еўрапейцаў усур’ёз задумацца пра сваю бяспеку. Прагрэс у гэтым накірунку нельга адмаўляць: у 2024 годзе выдаткаваць на абарону 2 і болей адсотка ВУП збіраюцца ўжо 16 з 31 чальцоў NATO. У 2023-м такіх адказных краінаў было толькі 11.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў