Валерый Залужны апавёў, што мусіць зрабіць Украіна, каб перамагчы ў вайне


Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны апублікаваў на сайце CNN вялікі артыкул, прысвечаны стратэгіі Украіны ў вайне.

Валерый Залужны падчас пасяджэння Вярхоўнай Рады Украіны з нагоды Дня дзяржаўнасці Украіны. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: president.gov.ua / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

Паводле генерала, для кожнага ўзброенага канфлікту трэба знаходзіць сваю ўнікальную стратэгію і логіку, якія дазволяць у новых умовах знайсці шлях да перамогі:

«Таму, з улікам патрабаванняў сучаснасці, нашым галоўным заданнем станецца прыняцце новага гледзішча на формы і метады выкарыстання Сілаў абароны для дасягнення перамогі».

Неабходнасць новых падыходаў звязаная з асаблівасцямі развіцця тэхнікі і ўзбраення. У прыватнасці, галоўнакамандуючы ЗСУ звяртае ўвагу на шырокі распаўсюд беспілотнікаў. Дроны ёсць ці не адзіным інструментам выхаду з пазіцыйнай формы вайны, нявыгаднай для Украіны, падкрэслівае генерал.

Залужны таксама звяртае ўвагу на іншыя фактары, якія ўплываюць на цяперашнюю сітуацыю:

  • нестабільная палітычная сітуацыя вакол Украіны, што прыводзіць да скарачэння вайсковага падтрымання;
  • высокая імавернасць правакавання Расеяй шэрагу канфліктаў на прыкладзе Ізраілю і Емену ды адцягнення ключавых партнёраў ад падтрымання Украіны;
  • вычарпанне ў саюзнікаў запасаў ракетаў і боепрыпасаў і немагчымасць іх хуткага вырабу;
  • недастатковая эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі, якая дазваляе Расеі паспяхова весці пазіцыйную вайну на знясіленне;
  • значная перавага Расеі ў мабілізацыйным чалавечым рэсурсе і няздольнасць дзяржаўных органаў Украіны палепшыць кадравае забеспячэнне Сілаў абароны без выкарыстання непапулярных захадаў;
  • недасканаласць нарматыўна-прававой базы, што рэгулюе ВПК Украіны, і частковая манапалізацыя гэтай галіны, што прыводзіць да праблемаў з выпускам боепрыпасаў ва Украіне і паглыблення залежнасці ад саюзнікаў;
  • нявызначанасць далейшай характару вайны і, як вынік, складанасці саюзнікаў з вызначэннем прыярытэтаў.

Паводле Залужнага, у цяперашніх умовах галоўны варыянт атрымання перавагі – авалоданне ўсім арсеналам адносна танных, сучасных і надзвычай эфектыўных сродкаў, якія хутка развіваюцца:

«Менавіта спроба скарыстацца прагрэсам у распрацоўванні новых тэхналогіяў дазволіць выйграць навуковую, тэхнічную і тэхналагічна-тактычную бітву ды прывядзе не толькі да безумоўнай перамогі, але і да эканоміі ды захавання рэсурсаў як Украінаю, гэтак і нашымі партнёрамі».

Залужны лічыць неабходным істотна павялічыць магчымасці беспілотных ды іншых перадавых тэхналагічных сістэмаў, што заахвоціць шукаць новыя формы і спосабы іх выкарыстання, якія, у сваю чаргу, «безумоўна паўплываюць і на структуру» Сілаў абароны Украіны:

«Неабходна стварыць новы дызайн аперацыяў на аснове наяўных тэхналагічных магчымасцяў, што будзе грунтавацца не толькі на прасторава-часавых паказніках ваенных (баявых) дзеянняў, але і ў першую чаргу на стварэнні вызначальных умоваў і дасягнення адпаведных эфектаў, якія будуць спрыяць рэалізацыі мэты аперацыі».

Паводле галоўнакамандуючага ЗСУ, вызначальнымі ўмовамі стануцца дасягненне перавагі ў паветры, пазбаўленне праціўніка магчымасцяў весці наступальныя і абаронныя дзеянні, павышэнне мабільнасці ўласных войскаў і зніжэнне мабільнасці ворага, узяцце пад кантроль важных раёнаў мясцовасці, пазбаўленне праціўніка магчымасці аднаўляць свае сілы. Гэта класічныя ўмовы перамогі ў вайне, але спосабы іх забеспячэння змяніліся, мяркуе генерал.

Залужны думае, што Украіна ў 2024 годзе мусіць сканцэнтраваць свае асноўныя намаганні на стварэнні сістэмы забеспячэння Сілаў абароны высокатэхналагічнымі сродкамі, а таксама ўкараненні новай філасофіі рыхтавання і вядзення ваенных дзеянняў з улікам існых абмежаванняў. Асвойваць новыя магчымасці для вядзення баявых дзеянняў трэба за самыя кароткія тэрміны, падкрэслівае ён.

Аналітыка
Што вядома пра магчымую адстаўку Залужнага і якія наступствы для Украіны гэта будзе мець
2024.02.01 18:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў