Поспехі і няўдачы генерала Сырскага. Што вядома пра новага галоўнакамандуючага ЗСУ


8 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адправіў у адстаўку галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага і прызначыў на ягонае месца Аляксандра Сырскага, які раней узначальваў Сухапутныя войскі. Меркаванні наконт Сырскага выказваюцца самыя розныя: адныя яго называюць «самым паспяховым палкаводцам XXI стагоддзя», іншыя – непапулярным генералам, які не шкадуе жыцці сваіх жаўнераў. Belsat.eu распавядае, што вядома пра новага галоўкама ЗСУ.

Камандуючы Сухапутнымі войскамі ЗСУ генерал-лейтэнант Аляксандр Сырскі падчас цырымоніі ўзнагароджання лепшага ваеннаслужачага. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 4 лютага 2020 года.
Фота: Ukrinform / Photoshot / East News

Нарадзіўся і вучыўся ў Расеі, каардынаваў выхад з Дэбальцава

Аляксандр Сырскі старэйшы за свайго папярэдніка Валерыя Залужнага на 8 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Навінкі Уладзімірскай вобласці Расеі ў сям’і вайскоўца. Агенцтва ТАСС паведамляе, што ў Сырскага ў горадзе Уладзімір дасюль жыве брат, з якім яны даўно не падтрымліваюць сувязь. Украінскія крыніцы пакуль не пацвердзілі і не зняпраўдзілі звесткі пра брата ў РФ.

Адукацыю Сырскі атрымаў таксама ў Расеі – будучы галоўкам скончыў Маскоўскую агульнавайсковую камандную вучэльню ў 1986 годзе. У гэтай установе ў 80-х вучыліся многія вядомыя вайскоўцы пастсавецкай прасторы: напрыклад, былы камандуючы расейскай групоўкай у Сірыі і ва Украіне Аляксандр Дворнікаў (выпуск 1982 году), экс-міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў (1988), сакратар Савету Бяспекі Аляксандр Вальфовіч (1988), а таксама прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і бяспецы Валер Сахашчык.

«Гэтак лягчэй зразумець дзеянні свайго ворага, – тлумачыў Сырскі перавагі навучання ў Маскве ў адным з інтэрв’ю, – Ты можаш прадбачыць, што ён можа зрабіць у розных сітуацыях».

Пасля маскоўскай вучэльні ён пераехаў ва Украіну, пачынаў службу з пасады камандзіра мотастралковага ўзводу. Потым вычыўся ў Акадэміі ЗСУ і Нацыянальнай акадэміі абароны Украіны. Атрымаў навуковую ступень кандыдат вайсковых навук. У 2000-х камандаваў 72-й механізаванай брыгадай.

З пачатку вайны на Данбасе ўзначаліў штаб Антытэрарыстычнай аперацыі. Каардынаваў выхад украінскіх войскаў з атачэння ў Дэбальцава ў лютым 2015 году. Адступленне тады прайшло досыць паспяхова, паўтор ілавайскай катастрофы атрымалася перадухіліць (страты былі ў некалькі разоў ніжэй, чым пад Ілавайскам). За Дэбальцава Сырскі быў узнагароджаны ордэнам Багдана Хмельніцкага III ступені. Атрымаў званне генерал-лейтенанта.

У 2016-м узначаліў Аб’яднаны аператыўны штаб ЗСУ, а ў 2017 годзе быў камандзірам усёй АТА. У 2019 годзе ўзначаліў Сухапутныя войскі. У 2020-м атрымаў званне генерал-палкоўніка.

Пераможца бітваў пад Кіевам і Харкавам

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Сырскі камандаваў абаронай Кіева. Ён своечасова падарваў дамбы і масты на шляху расейскіх войскаў, што дазволіла затармазіць іх прасоўванне.

«Пад Кіевам была пабудаваная класічная абарона, якая спалучалася з дзеяннямі мабільных падраздзяленняў, якія праводзяць актыўную абарону і контратакуюць», – тлумачыў потым Сырскі сутнасць украінскай тактыкі ў тых баях.

«Ён не спаў трое содняў пасля 24 лютага», – распавядаў «The Guardian» ягоны памочнік.

Пры гэтым, паводле відавочцаў, нават у самыя крытычныя моманты бітвы Сырскі захоўваў спакой і ўпэўненасць. Лічыцца, што менавіта дзякуючы ягоным аператыўным рашэнням украінскую сталіцу атрымалася адстаяць.

Расейскае наступленне на Кіеў скончылася поўным правалам: агрэсар панёс вялізарныя страты і быў вымушаны адступіць на чарнігаўскім, кіеўскім і сумскім кірунках, гэтыя вобласці былі цалкам вызваленыя ад акупантаў. За перамогу ў бітве за Кіеў Сырскага ўзнагародзілі ордэнам Багдана Хмельніцкага II ступені, а потым і званнем Героя Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысутнічае на цырымоніі ўзняцця сцяга ў Ізюме пасля таго, як украінскія войскі ўзялі пад кантроль горад ад расейскай арміі. На здымку (злева) – Камандуючы Сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Сырскі. Ізюм, Харкаўская вобласць, Украіна. 14 верасня 2022 года.
Фота: Metin Aktaş / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Сырскі таксама камандаваў украінскімі падраздзяленнямі падчас наступлення на Харкаўшчыне ў верасні 2022 году. Тады ЗСУ за некалькі гадзінаў цалкам абвалілі абарону расейскай арміі пад Балакліяй і прадэманстравалі ашаламляльныя тэмпы прарыву: толькі за першы дзень украінскія вайскоўцы прасунуліся на 18 км, а ўсяго за тыдзень было вызвалена 3,8 тыс. кв. км тэрыторыі Украіны. Прычым зроблена гэта было, калі ў ЗСУ яшчэ не было ні найноўшых зенітных сістэмаў, ні сучаснай бранятэхнікі, ні дастатковай колькасць боепрыпасаў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пазней распавёў, што менавіта генерал Сырскі прапанаваў правесці гэтую аперацыю. Сам Сырскі тлумачыў, што тады планавалася наступленне на Херсон, а сілам ЗСУ на Усходзе было пастаўлена задача на ўласнае меркаванне распрацаваць план дзеянняў, якія б адцягвалі ўвагу праціўніка. «Але калі пачалі адбывацца падзеі на поўдні, праціўнік перакінуў частку сілаў і сродкаў на поўдзень. Я падумаў, чаму б не паспрабаваць спланаваць наступальную аперацыю менавіта на гэтым кірунку», – распавядаў генерал.

«Сырскі змог зрабіць такія ўмовы, пры якіх праціўнік да канца не зразумеў, што плануецца. Гэта было ключавым аспектам дасягнення перамогі там», – тлумачыў кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў.

Як сцвярджае амерыканскі журналіст Сайман Шустэр у сваёй кнізе «The Showman», прысвечанай Зяленскаму, рашэнне аб паспяховым наступленні на Харкаўшчыне нібыта прымалася насуперак меркаванню Залужнага.

Спіць па чатыры гадзіны, чытае Плутарха і Клаўзэвіца

Аперацыі пад Кіевам і на Харкаўшчыне стварылі Сырскаму рэпутацыю вельмі эфектыўнага камандуючага. «The Economist» называў яго «адным з самых дасведчаных афіцэраў арміі, які быў аператыўным мозгам» двух бліскучых перамог над Расеяй у 2022 годзе. У адным са сваіх матэрыялаў BBC увогуле назвала генерала «самым паспяховым палкаводцам XXI стагоддзя».

«Генерал Сырскі карыстаецца вялікай павагай. Многія гавораць аб яго мэтанакіраванасці, рашучасці і ваеннай хітрасці. Кажуць, што адпачынак для яго – гэта штодзённыя заняткі ў спартзале, а спіць ён звычайна па чатыры з паловай гадзіны ў содні», – распавядала летась у сваім рэпартажы BBC.

Журналісты «The Guardian» апісвалі Сырскага як «вайскоўца да мозгу костак». «Вядома, што падчас штотыднёвых візітаў на перадавую ён робіць фотаздымкі захадаў сонца і дзеліцца імі з калегамі. Знаходзіць час і на чытанне… на тумбачцы ў яго зараз ляжаць творы прускага генерала Карла фон Клаўзэвіца», – распавядала выданне дэталі ягонага побыту.

«Я вам скажу, чытаючы Плутарха і іншых аўтараў і праглядаючы дакументальныя фільмы пра гісторыю старажытнай Грэцыі, яны выкарыстоўвалі тыя ж прынцыпы вайны, што і мы цяпер», – цытавала «The Guardian» Сырскага. Паводле генерала, асноўныя прынцыпы вайны з тых часоў не змяніліся, змянілася толькі складанасць вайсковай тэхнікі і ступень аўтаматызацыі.

Бахмуцкая няўдача, крытыка з боку вайскоўцаў і Захаду

З канца 2022 году Сырскі камандаваў абаронай Салядару і Бахмуту – абодва гарады ўкраінскія вайскоўцы былі вымушаны пакінуць пасля працяглых крывавых баёў. Потым, у траўні 2023 году, ЗСУ распачалі пад Бахмутам абмежавальную наступальную аперацыю, якая цягнулася да восені.

Камандуючы Сухапутнымі войскамі Украіны генерал Аляксандр Сырскі (злева) падчас брыфінгу з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім падчас візіту на перадавую. Харкаў, Украіна. 3 кастрычніка 2023 года.
Фота: Presidential Press Off / Zuma Press / Forum

Сырскі ў інтэрв’ю BBC улетку 2023 году казаў, што адваяваць Бахмут для яго – гэта пытанне гонару «Мы страцілі шмат нашых пабрацімаў, нашых вайскоўцаў, калі абаранялі Бахмут. Мы проста абавязаныя яго вярнуць», – казаў ён. Аднак вярнуць Бахмут у другой палове 2023 году не атрымалася, ЗСУ здолелі ўзяць на гэтым участку фронту толькі некалькі сёлаў.

Дзеянні Сырскага пад Бахмутам у 2023 годзе – асноўная мішэнь для крытыкі. Украінскае кіраўніцтва настойвала, што баі за Бахмут увесь год знясільвалі рэсурсы РФ і распылялі іх рэзервы. У значнай ступені гэта сапраўды так: праціўнік здолеў узяць Бахмут толькі цаной вялізарных стратаў – там загінула больш расейскіх жаўнераў, чым за 10 гадоў вайны ў Афганістане. Аднак украінцы таксама панеслі значныя страты. І на Захадзе, і ва Украіне шмат хто лічыць, што пад Бахмутам ЗСУ бессэнсоўна марнавалі рэсурсы, якія больш карысці прынеслі б на Запарожскім фронце, дзе летам-восенню наносіўся галоўны ўдар украінскага контрнаступу. Паводле выдання «New York Times», Залужны таксама лічыў, што варта засяродзіцца на поўдні. А Сырскі нібыта наадварот выступаў за тое, каб адваяваць Бахмут.

«Українська правда» піша, што вайсковыя карэспандэнты выдання неаднаразова сустракаліся з меркаваннем байцоў ЗСУ, што Бахмут, які часцяком у медыях называлі «фартэцыяй», насамрэч быў зусім не падрыхтаваны да абароны.

«Фартэцыя Бахмут – гэта фартэцыя за рахунак знішчэння ўкраінскіх вайскоўцаў», – распавядаў «УП» камандзір роты з 3-й асобнай штурмавой брыгады з пазыўным «Фока».

Менавіта бітва за Бахмут стварыла Сырскаму імідж генерала, які нібыта не шкадуе жыццяў сваіх салдат. «Ягоны жорсткі падыход да вядзення баявых дзеянняў зрабіў яго непапулярным сярод вайскоўцаў. Летась ён ахвяраваў загартаванымі ў баях камандзірамі падчас, магчыма, бессэнсоўнай абароны невялікага гораду Бахмут», – сцвярджае выданне «The Economist».

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

«Генерал Сырскі мае рэпутацыю чалавека, які гатовы ўступіць у бой з праціўнікам, нават калі гэта будзе каштаваць шмат людзей і тэхнікі, – гаворыцца яшчэ ў адным артыкуле «The Economist», – Ягоная асоба выклікае рознагалоссі і бурную рэакцыю сярод дзейных афіцэраў. Адны хваляць яго прафесіяналізм, іншыя кажуць, што ён наводзіць жах на падначаленых і кіруе імі пры дапамозе страху. Ён радзей ставіць пад сумнеў прыярытэты свайго прэзідэнта».

Галоўны рэдактар «Цензор. нет» і вайсковы эксперт Юры Бутусаў таксама сцвярджае, што ў ЗСУ Сырскага не вельмі любяць. Паводле журналіста, асабліва ім незадаволены камандзіры на ўзроўні брыгад і батальёнаў. Бутусаў апісвае Сырскага як «некамунікабельнага чалавека», які мае адрознае ад Залужнага бачанне сістэмы кіравання. У прыватнасці, ён схільны да так званага «мікраменеджменту»: то бок умяшанне ў справы, якія мусяць вырашацца на больш нізкім узроўні.

«У Аляксандра Сырскага ёсць адна вялікая праблема – ён любіць камандаваць асобнымі ўзводамі і ротамі ўвесь час вайны», – тлумачыць Бутусаў.

Больш пазітыўна ацэньвае асобу Сырскага вайсковы аглядальнік выдання LB.ua, палкоўнік у адстаўцы Віктар Кеўлюк. Ён лічыць, што ён не «савецкі генерал», не «мяснік», але і не «геній вайсковага мастацтва». «Ён майстар сабраць і арганізаваць каманды людзей, здольных ствараць выдатныя стратэгіі», – мяркуе Кеўлюк.

Газета «The Washington Post» прапанавала хіба што найбольш кампрамісную ацэнку каманднага стылю Сырскага. Паводле журналістаў, у ім «спалучаюцца іерархічны характар, уласцівы савецкай ваеннай стратэгіі, з прынцыпамі аператыўнай гнуткасці NATO».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў