Генерал бундэсвэру: Нямеччыне трэба быць гатовай да вайны праз 5 гадоў


Генеральны інспектар бундэсвэру, генерал Карстэн Броер лічыць, што Еўропа ўпершыню з часоў халоднай вайны сутыкнулася з пагрозай магчымага вонкавага ўварвання. Пра гэта ён заявіў у інтэрвю «Welt am Sonntag», паведамляе DW.

Генеральны інспектар бундэсвэру, генерал Карстэн Броер.
Фота: bmvg.de

Броер лічыць, што Нямеччыне варта быць гатовай да вайны праз пяць гадоў. Павышэнне баяздольнасці да ўзроўню патрабаванняў ваеннага часу азначае не толькі рыхтаванне асабовага складу і матэрыяльнае забеспячэнне, але і неабходнасць змяненняў у менталітэце грамадства і саміх нямецкіх вайскоўцаў, растлумачыў ён.

Броер бачыць у дзеяннях прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна намер пашырыць вайну за межы Украіны. Такую выснову генерал робіць, назіраючы за заявамі Пуціна і ягонымі дзеяннямі ва Украіне. Акрамя таго, «мы бачым, што Расея пастановаю Дзярждумы перайшла на ваенную эканоміку», дадаў ён.

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 17:54

У Нямеччыне не ўпершыню заяўляюць, што трэба рыхтавацца да вайны. У пачатку лістапада 2023 года міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс выступіў з заклікам правесці маштабную мадэрнізацыю бундэсвэру, каб нямецкая армія адпавядала «патрабаванням ваеннага часу». Паводле яго, поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну змяніла сітуацыю з пагрозамі бяспекі на кантыненце, таму і грамадства, і армія Нямеччыны мусяць быць гатовыя да вайны.

Таксама ў лістападзе аналітыкі Нямецкай рады замежнай палітыкі (DGAP) апублікавалі рэзанансны даклад пра пагрозу вайны Расеі і NATO.

Развагі аналітыкаў грунтуюцца на дапушчэнні, што вайна ва Украіне будзе замарожаная. Паводле ацэнак DGAP, Расеі спатрэбіцца ад шасці да дзесяці гадоў, каб аднавіць сваё войска да такой ступені, каб яно адважылася напасці на NATO. На думку экспертаў, акно магчымасцяў для расейскай агрэсіі адкрыецца ў момант, калі Масква ўбачыць, што Еўропа заслабая, каб адбіць напад. Мішэнню, у прыватнасці, могуць стаць краіны Балтыі: Літва, Латвія, Эстонія. Таму цягам 6-10 гадоў краіны NATO мусяць падрыхтаваць свае ўзброеныя сілы для стрымлівання Расеі.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў