Беларуская міграцыя ў 2022 годзе. Як паўплывала вайна


Галоўны міграцыйны трэнд мінулага 2022 года – беларусы працягнулі масава з’язджаць з Беларусі, каб жыць і працаваць у іншых краінах. Сабралі лічбы наконт самых папулярных кірункаў эміграцыі і абмеркавалі іх з навуковай працаўніцай даследчага цэнтру BEROC Настассяй Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Міграцыя беларусаў у 2022 годзе ў лічбах

Актыўны выцёк беларусаў з краіны працягваўся ўвесь 2022 год. Пакуль што няма дадзеных афіцыйнай беларускай статыстыкі на гэты конт, але ёсць інфармацыя з суседніх краінаў. Найбольш масава беларусы ехалі ў Расею, Польшчу, Літву, Грузію і Казахстан.

Расея

Так, паводле звестак МУС Расеі, у гэтай краіне толькі за студзень і верасень 2022 года былі пастаўленыя на ўлік 428 тыс. мігрантаў з Беларусі. На думку выдання «Рытм Еўразіі», апошнія гады гэты кірунак міграцыі прыкметна росце, бо выхадцы з Беларусі, дзякуючы чалецтву ў ЕАЭС, маюць у Расеі тыя ж працоўныя правы, што і расейскія грамадзяне. Апроч таго, паміж краінамі няма візавага рэжыму, большасць беларусаў добра ведае расейскую мову.

Польшча

Паводле дадзеных польскай Управы ў справе замежнікаў, на тэрыторыі краіны сёння застаюцца каля 65 тыс. грамадзянаў Беларусі, якія маюць падставу для працяглага пражывання (від на жыхарства рэзідэнта ЕЗ, статус бежанца, часовы ці сталы побыт ды інш.). Але ідзецца толькі пра беларусаў з правам на працяглы побыт на польскай тэрыторыі. Апроч таго, у Польшчы жыве даволі вялікая колькасць беларусаў, якія прыехалі і застаюцца на падставе працоўных, гуманітарных ды іншых візаў. Са жніўня 2020 года да снежня 2022-га беларусам было выдадзена амаль 46,5 тыс. гуманітарных візаў і больш за 65 тыс. візаў «Poland Business Harbour».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яшчэ адзін індыкатар рэальнай колькасці беларусаў у Польшчы – інфармацыя Установы сацыяльнага страхавання (ZUS). Паводле звестак ZUS, станам на канец лістапада 2022 года сярод платнікаў пенсійнай сістэмы  амаль 106 тыс. – грамадзяне Беларусі. Няўлічанымі гэтай сістэмай могуць быць каля 9 тыс. беларусаў, якія застаюцца ў краіне на падставе адукацыйных візаў.

Маглі не трапіць у афіцыйную статыстыку ZUS і беларусы, што перабываюць пад міжнароднай абаронай. Паводле афіцыйных звестак польскіх уладаў, у Польшчы са жніўня 2020 года да пачатку лістапада 2022 года па міжнародную абарону звярнуліся больш чым 5,5 тыс. грамадзянаў Беларусі, яны занялі першае месца паводле колькасці выдадзеных станоўчых пастановаў наконт міжнароднай дапамогі сярод выхадцаў з іншых краінаў.

Літва

Абноўленая інфармацыя Дэпартаменту міграцыі пры МУС Літвы сведчыць, што сёлета беларусы сталі другой паводле колькасці, пасля ўкраінцаў, супольнасцю замежнікаў. Станам на канец 2022 года ў Літве зарэгістраваныя 48,8 тыс. беларусаў. Пры гэтым, калі большасць украінцаў скарыстала механізм часовай абароны, больш чым палова беларусаў у Літве (25,5 тыс.) мае дазволы на часовае пражыванне ў Літве на падставе працы. Пры гэтым увогуле такіх дазволаў у Літве выдадзена каля 53,5 тыс. Беларуская супольнасць у Літве – лідар у гэтым паказніку сярод іншых супольнасцяў замежнікаў.

Апроч Літвы і Польшчы, беларусы выязджалі і ў іншыя краіны ЕЗ. Паводле прыкладных ацэнак Аб’яднанага пераходнага кабінету, сёння ў Еўрапейскім Звязе застаюцца прынамсі 350 тыс. беларусаў з тых, хто выехаў пасля падзеяў 2020 года.

Грузія

Паводле вынікаў даследаванняў, цяпер у Грузіі застаюцца прыблізна 13,5 тыс. беларусаў. Пры гэтым толькі за сакавік 2022 года з Беларусі ў Грузію перабраліся каля 19,9 тыс. асобаў. Агулам жа ў перыяд са студзеня да верасня ў бязвізавую для беларусаў краіну на Каўказе прыязджалі больш чым 28 тыс. грамадзянаў Беларусі. Нехта застаўся, нехта паехаў шукаць шчасця далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тбілісі, Грузія.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Казахстан

Паводле звестак Памежнай службы Казахстану, у сакавіку 2022 года ў краіну прыехалі 9,8 тыс. грамадзянаў Беларусі. Юрыдычна беларусы застаюцца ў межах адзінага мытнага саюзу і маюць права працаваць у Казахстане.

Вайна і санкцыі

Паводле навуковай працаўніцы даследчага цэнтру BEROC Настассі Лузгіной, прыведзеныя вышэй лічбы яшчэ не канчатковыя за год, але сведчаць, што міграцыя беларусаў у 2022 годзе заставалася маштабнай.

У адрозненне ад сітуацыі ў 2020–2021 гадах, прычыны перасталі быць асабістымі і суб’ектыўнымі, з’явіліся чыннікі, што сталі ўплываць на вынікі эканамічнай дзейнасці асобаў і кампаніяў.

Паводле Лузгіной, да вайны кіраўнікі кампаніяў «разважалі, глядзелі, асэнсоўвалі», з пачаткам баявых дзеянняў «працэс вельмі паскорыўся», на жыццё і асабліва на бізнес у Беларусі сталі моцна ўплываць санкцыі.

«Калі ад палітычных ці нейкіх сацыяльных рэчаў яшчэ можна было абстрагавацца і дыстанцыявацца, то ад інтарэсаў бізнесу – не. Калі замежныя партнёры і замоўцы пачалі адмаўляцца працаваць з кампаніямі ў/з Беларусі, то мусіш на гэта рэагаваць. Гэта стала дадатковым штуршком для многіх кампаніяў часткова ці цалкам пераязджаць у іншую краіну», – падкрэсліла Лузгіна.

Экспертка адзначае, што адным з ускосных індыкатараў маштабу міграцыі працоўнай сілы, а за ёй і семʼяў, выступае інфармацыя пра колькасць занятых у эканоміцы. Так, паводле вынікаў дзесяці месяцаў 2022 года,  у параўнанні з адпаведнымі паказнікамі за такі ж перыяд 2021 года, колькасць занятых скарацілася больш чым на 80 тыс. асобаў.

IT і не толькі: хто паехаў і як

Пра тое, людзі якіх прафесіяў вырушылі на пошукі лепшай долі за мяжу, найпрасцей б было рабіць  высновы паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, але іх пакуль няма ў вольным доступе. Аднак найбольш масавы выцёк кадраў назіраўся ў галінах эканомікі, дзейнасць у якіх напаткала перашкоды, звязаныя з санкцыямі і антысанкцыямі.

Паводле Настассі Лузгіной, за мяжу паехалі кіроўцы і кампаніі-транспартавальнікі, бо гэтая галіна моцна пацярпела ад санкцыйных абмежаванняў, калі беларусам забаранілі заязджаць на тэрыторыю ЕЗ, а машыны еўрапейскіх транспартавальнікаў перасталі пускаць на тэрыторыю Беларусі і Расеі. Транспартавальнікі актыўна рэгіструюць кампаніі ў Польшчы, пра што сведчыць статыстыка бізнес-супольнасці. Тая ж самая статыстыка сведчыць, што ў ЕЗ паехалі будаўнікі – у гэтай сферы таксама рэгіструецца шмат новых кампаніяў і ствараецца шмат новых працоўных месцаў, на якія бяруць беларусаў і ўкраінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Вядома, што перамяшчаюцца на захад бізнесы рэстараннага кірунку, бо гэтая сфера ўвогуле некалькі гадоў не магла нармальна працаваць – пачалося з ковіду, а скончылася санкцыйнымі абмежаваннямі і пераездам мноства кліентаў, – адзначае Лузгіна.

Знаходзяць сабе месца за мяжой і прадстаўнікі медычнай сферы. Тут, з аднаго боку, далася ў знакі і пандэмія, і наступствы пратэстаў, і большыя заробкі за мяжой, а з другога боку, магчымасць атрымаць ліцэнзію і ўладкавацца на працу ў спрошчаным парадку ў той жа Польшчы. Паводле звестак Дзяржаўнай службы занятасці Беларусі, у краіне ёсць ужо больш за 8 тыс. вакансіяў для медыкаў, з іх больш чым 4,5 тыс. – для дактароў, каля 3,6 тыс. – для медычных сёстраў і 2,2 тыс. – для санітараў. У той жа час Міністэрства аховы здароўя Беларусі кажа, што за год у Польшчу з’ехалі каля тысячы медыкаў.

Аднак сапраўды масавай стала міграцыя IT-спецыялістаў і кампаніяў. Паводле Лузгіной, у 2022 годзе менавіта людзі, што мелі працу ў IT-сектары, найбольш імаверна, і склалі асноўны касцяк мігрантаў. Гэтаму спрыяла некалькі чыннікаў, сярод якіх – нізкая рэсурсаёмістасць бізнесу, звычка да дыстанцыйнай працы, замежная кліенцкая база, спрыяльны візавы рэжым.

Лузгіна звяртае ўвагу на тое, што IT фактычна ёсць сфераю паслугаў, перавозіць трэба было толькі людзей. Бо асноўны рэсурс, за кошт якога вырабляецца прадукт у IT-бізнесы, складаюць працаўнікі: «Калі мы кажам, напрыклад, пра нейкую прамысловую вытворчасць, то там паўстае шмат пытанняў. Як перавезці машыны і абсталяванне або купіць усё на месцы? Персанал: мясцовы наймаць – ці перавозіць свой, што таксама патрабуе выдаткаў? Гэта ўсё нашмат складаней. У IT ж прасцей. Пасля пераезду ім нават не патрэбен офіс, большасць можа працаваць проста з кватэры».

Спрыялі хуткаму і масаваму пераезду айцішнікаў і спрошчаныя ўмовы атрымання візаў для іх. Увогуле, візавае пытанне было важным чыннікам, што або спрыяў, альбо запавольваў міграцыю ў пэўным кірунку.

З пачаткам 2022 года паўстала больш візавых нюансаў, аднак «і абмежаванні не стрымлівалі, выязджалі спецыялісты з разных сфераў. Міграцыя закранула ў тым ліку навукоўцаў і бізнесоўцаў, якія маглі скарыстаць адпаведныя візы, а прадстаўнікі сферы паслугаў выязджалі на падставе працоўных візаў».

Спіс краінаў, дзе беларускія IT-кампаніі ў 2022 годзе адчынілі новыя офісы, даволі вялікі. Калегі з выдання «Office Life» зрабілі інтэрактыўную карту, якая паказвае, наколькі шырока раскідала па свеце беларусаў, занятых у лічбавым сектары эканомікі.

 

У 2023 міграцыйныя працэсы будуць таксама актыўнымі

Настасся Лузгіна кажа, што міграцыя ў 2023 годзе цалкам будзе залежаць ад геапалітычнай сітуацыі. Могуць адбыцца падзеі, што стануць штуршком для новай хвалі міграцыі, напрыклад, далучэнне Беларусі да баявых дзеянняў ва Украіне.

«Летась такімі падзеямі сталі пачатак ваенных дзеянняў ва Украіне, затым мабілізацыя ў Расеі. У 2020–2021 гадах людзі з’язджалі праз пагрозы сацыяльна-палітычнага кшталту. Было некалькі моцных хваляў міграцыі, размытых у часе. Далей жа ўсё залежыць ад таго, ці будуць нейкія новыя шокі», – кажа Лузгіна.

Пры гэтым экспертка адзначае, што размова не ідзе пра спыненне выцёку насельніцтва з Беларусі, асабліва працаздольнага. Ён будзе працягвацца, аднак без абвастрэнняў у эканоміцы і ў вайне ён можа быць нярэзкім.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў