Да канца стагоддзя беларусаў можа застацца толькі 4 мільёна чалавек


Колькасць насельніцтва ў Беларусі можа скараціцца ўдвая да канца стагоддзя. Прычына – скарачэнне і сталенне беларусаў. У перспектыве, калі адмоўная тэндэнцыя працягнецца, вядома, гэта адгукнецца на эканоміцы. Найперш пацярпіць пенсійная сістэма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Насельніцтва Беларусі скарачаецца. Гэта вынікае з даследавання старэйшага навуковага працаўніка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Льва Львоўскага. Паводле эксперта, каб насельніцтва краіны заставалася на тым самым узроўні, кожная жанчына мусіць у сярэднім нараджаць дваіх дзяцей. Згодна з дадзенымі Белстату ў 2020 годзе, сукупны каэфіцыент нараджальнасці быў не большым за адное дзіця.

«Іншай анамаліяй Беларусі ёсць падвышаная мужчынская смяротнасць. Так, з генетычных і паводзінных прычынаў жанчыны жывуць даўжэй за мужчынаў практычна ва ўсіх краінах свету, але Беларусь – абсалютны лідар у гэтым паказніку. У нашай краіне жанчыны ў сярэднім перажываюць мужчынаў больш чым на 10 гадоў, пры сярэднесусветным паказніку 4,5 года», – адзначыў старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Леў Львоўскі ў інтэрв’ю выданню «Зеркало».

У апошнія два гады праз пандэмію каронавіруса дэмаграфічныя звесткі ў Беларусі засакрэцілі. Таму вызначыць дакладна, як за гэты час змяніўся каэфіцыент нараджальнасці, немагчыма. Але эксперты кажуць, што хутчэй за ўсё ён працягвае зніжацца, бо дзяржава ніякіх актуальных захадаў для павелічэння нараджальнасці не здзяйсняла.

«Дэмаграфічная праблема, з якой мы цяпер сутыкаемся, – гэта ж віна, перадусім, кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Бо мы ведаем, што за гэтыя апошнія 27 гадоў кіравання дыктатара колькасць насельніцтва Беларусі паменшылася вельмі-вельмі значна», – распавяла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Сярод асноўных прычынаў, чаму ў Беларусі вымірае насельніцтва, эксперты вылучаюць наступныя:

• Праблемы ў эканоміцы

• Няўпэўненасць у заўтрашнім дні

• Уваходжанне ў рэпрадукцыйны ўзрост жанчын, народжаных у 1990-ыя

• Рэпрэсіі ў Беларусі

• Эміграцыя і адцёк высокакваліфікаваных кадраў

«Паводле нашых прыкладных ацэнак, каля 350 000 беларусаў на сённяшні дзень застаюцца ў Еўрапейскім Звязе. Гэта менавіта тыя, якія выехалі пасля падзеяў 2020 года. Гэта мінімум. Гэта мінімум! І, вядома, мы разумеем, што гэта вельмі актыўная частка беларускага насельніцтва», – патлумачыў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Паводле звестак Дэпартаменту міграцыі Літвы, станам на першага студзеня замежнікі, якія пражываюць у гэтай краіне, склалі ў агульнай колькасці амаль сем адсоткаў ад усяго насельніцтва краіны. Беларусы складаюць другую па велічыні групу мігрантаў, пасля ўкраінцаў: сорак восем тысяч восемсот чатыры асобы.

«Гэта не толькі людзі, якія арыентуюцца на нейкія выплаты сацыяльныя. Гэта людзі якія ў прынцыпе зʼяўляюцца даволі актыўнымі ўдзельнікамі біржы працы і працоўнага рынку», – канстатаваў палітолаг Віціс Юрконіс.

Паводле эксперткі Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы Жывіле Дамбраўскайце, больш за 80 адсоткаў беларусаў у Літве сутыкнуліся з рэпрэсіямі на Радзіме. Іхны ўзрост – 30-40 гадоў. Колькі з іх звяртаецца па абарону?

«Менш чым 10 адсоткаў з тых, якія прыязджаюць па праваабарончай лініі, падаецца на прытулак. Гэта значыць, у прынцыпе большасць людзей аддаюць перавагу заставацца і ў працоўным рынку, і быць актыўна заангажаванымі, і як бы не здаюцца. Яны хочуць вяртацца ў Беларусь», – дадаў Віціс Юрконіс.

Але ці будзе для іх прывабнаю нашая краіна пасля пераменаў?

«Я, канешне, выдатна разумею, што вернуцца не 100 %. Магчыма, нават не 50 %. Гэтага ніхто не ведае. Але ад нас залежыць, калі ў краіне адбудуцца змены, калі Беларусь стане прывабнаю для таго, каб будаваць свае жыццё, будаваць карʼерны рост і бачыць перспектыву будучыні для дзяцей. Тады, канешне ж, вернецца больш беларусаў», – падзялілася меркаваннем Аліна Коўшык.

А пакуль, паводле даследавання Льва Львоўскага, вынікае: калі ў Беларусі захаваецца сённяшняя дэмаграфічная сітуацыя, насельніцтва ў нашай краіне да канца стагоддзя зменшыцца ўдвая і складзе крыху больш за чатыры мільёны асобаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»