У Любліне вынеслі прысуд у справе аб шпіянажы на карысць Расеі. Сярод абвінавачаных – беларусы


У Любліне завяршыўся суд у справе аб шпіянажы на карысць Расеі. Прысуды вынеслі 14 асобам – грамадзянам Украіны, Беларусі, Расеі. Шпіёнская сетка планавала, між іншым, падрыў цягніка з дапамогай Украіне, паведамляе onet.pl.

У зале суда. Крыніца: svaboda.org

Сярод абвінавачаных трое грамадзянаў Беларусі. Усе абвінавачаныя пачалі адбываць гэтак званае добраахвотнае ўзгодненае пакаранне, таму працэс адбываўся ў спрошчаным парадку.

Беларуса Уладзіслава П. папярэдне прыгаварылі да 3,5 года пазбаўлення волі і штрафу 2,5 тысячы долараў, але на судзе высветлілася, што ён і яшчэ адзін абвінавачаны, украінец Максім Л., адклікалі згоду на добраахвотнае адбыццё пакарання. Іхную справу вылучылі ў асобнае вядзенне і будуць разглядаць у звычайным парадку.

Грамадзянін Беларусі Міхаіл А. атрымаў 2 гады турмы і аштрафаваны на 2,5 тысячы долараў. Беларуска Марыя М. атрымала 1 год і 1 месяц турмы і 1250 долараў штрафу. Суд пастанавіў вызваліць яе датэрмінова, бо яна ўжо адбыла значную частку пакарання да суда.

Шпіёнскую сетку выявілі і ліквідавалі польскія службы – Агенцтва ўнутранай бяспекі і аддзел барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне.

Кіраўніком групы быў «Андрэй», які аддаваў загады праз Telegram. Гаворка ішла, між іншым, пра маніторынг крытычна важнай інфраструктуры – аэрапорта ў Ясенцы, ваенна-марскога порту ў Гдыні, чыгуначнай станцыі ў Жэшаве, памежных пунктаў з Украінай і ключавых чыгуначных злучэнняў, праз якія зброя і гуманітарная дапамога транспартаваліся ва Украіну.

Сетка ўсталявала камеры, дзякуючы якім магла сачыць за чыгуначным, авіяцыйным і вайсковым транспартам. «Андрэй» нібыта планаваў, напрыклад, спусціць з рэек вайсковы транспарт, за што прапаноўваў 10 тысяч долараў. Ён таксама шукаў добраахвотнікаў, каб сярод іншага падпальваць дамы і машыны. За ўсё гэта яны маглі разлічваць на ўзнагароджанне – 5 долараў за расклейку ўлёткі і 300-400 долараў за ўстаноўку камеры. Аплату яны атрымлівалі ў крыптавалютах.

«Мы мелі справу з сучасным, раней невядомым спосабам вядзення і арганізацыі шпіёнскай сеткі не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім Еўразвязе», – адзначыў пракурор Пётр Лапатыньскі.

Hавiны
За 7 гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі
2023.10.13 11:18

СП, belsat.eu

Стужка навінаў