Еўрапейскія дэпутаты прыйшлі да Вярхоўнага Суда на знак салідарнасці з Віктарам Бабарыкам


Сёння ў Вярхоўным Судзе мае адбыцца пасяджэнне ў справе супраць Віктара Бабарыкі, якога ў 2021-м засудзілі на 14 гадоў узмоцненага рэжыму.

Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі падтрымаць Віктара Бабарыку падчас чарговага судовага пасяджэння, Менск, 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Пасольства Германіі ў Мінску / Facebook

«Прадстаўніца амбасады Нямеччыны ў Менску разам з прадстаўнікамі іншых дыпмісій у Беларусі прыйшлі сёння да будынку суда да пачатку пасяджэння, каб выказаць сваю салідарнасць з Віктарам Бабарыкам. Ад Віктара Бабарыкі няма вестак ужо шмат месяцаў. Апошняю навіною стала тое, што ў канцы красавіка 2023 года ён быў змешчаны ў больніцу ў Наваполацку, а да гэтага на працягу доўгага часу знаходзіўся ў небяспечных для здароўя турэмных умовах. Федэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызвалення палітвязняў у Беларусі», – напісала ў сваім акаўнце ў «Facebook» Амбасада Нямеччыны ў Менску.

У публікацыі таксама гаворыцца, што Віктара Бабарыку прызналі палітычным вязнем, а вылучаныя супраць яго абвінавачанні «несправядлівыя і матываваныя толькі палітычнымі прычынамі».

Нагадаем, што пра новае пасяджэнне Вярхоўнага Суда з удзелам Віктара Бабарыкі напісаў Альянс расследавальнікаў Беларусі. Яны ўбачылі ў раскладзе судовае пасяджэнне ў справе № 1У211 у дачыненні Віктара Бабарыкі ды яшчэ сямі чалавек. У калонцы «Артыкулы Крымінальнага кодэксу» пазначана: «іншыя дакументы». Справу разглядае Ілля Любавіцкі, ён жа і засудзіў Віктара Бабарыку ў 2021-м да 14 гадоў зняволення.

Альянс расследавальнікаў Беларусі выказаў меркаванне, што пасяджэнне можа быць фармальна звязанае з некалькімі прычынамі: ужыванне адтэрмінавання пакарання, умоўна-датэрміновае вызваленне, замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім, перавод з адной калоніі ў іншую, а таксама – замена пакарання больш строгім у выпадку зацятага ўхілення ад яго адбыцця.

Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманні хабару арганізаванаю групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 26 красавіка 2023 года стала вядома, што палітыка шпіталізавалі з калоніі ў наваполацкі шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам. З таго часу ад яго не было ніякіх звестак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў