У Польшчы аўта, якім кіраваў 22-гадовы беларус, трапіла пад цягнік


У Мазавецкім ваяводстве Польшчы адбылося сутыкненне цягніка і аўтамабіля BMW, якім кіраваў беларус. Аварыя адбылася яшчэ 13 студзеня, паведамляе прэс-служба мясцовай паліцыі.

Фота: nowydwor.policja.gov.pl

Са звестак паліцыі, 22-гадовы беларус ехаў на вялікай хуткасці на BMW. У пэўны момант ён не зладзіў з кіраваннем і аўтамабіль пайшоў у занос і зваліўся проста на рэйкі. Кіроўца машыны спрабаваў выруліць, але заўважыў набліжэнне цягніка, выбег з салону і ўцёк.

Машыніст цягніка спрабаваў пільна тармазіць, але сутыкнення з аўтамабілем не ўдалося пазбегнуць. У цягніку ехалі каля 30 пасажыраў, з іх ніхто не пацярпеў.

Неўзабаве паліцыя змагла вызначыць асобу вадзіцеля, яго затрымалі на месцы жыхарства. Маладзён быў п’яны (1,8 праміле). Ён патлумачыў, што адправіўся ў краму па алкаголь, і прызнаўся, што ехаў з хуткасцю каля 130 км/г. Ён сказаў, што спалохаўся і таму ўцёк дадому.

Выявілася, што раней суд на тры гады забараніў мужчыну кіраваць транспартнымі сродкамі. У яго ніколі не было правоў кіроўцы. Цяпер затрыманаму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў