У Генштабе распавялі пра мабілізацыйныя прадпісанні, якія выдаюць беларусам


Начальнік 4-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штабу Беларусі Аляксандр Шальпук у інтэрвʼю «СТВ» запэўніў, што выдача мабілізацыйных прадпісанняў не азначае, што краіна рыхтуецца да вайны.

Вядоўца «СТВ» спытала Шальпука, ці варта хвалявацца беларусам, якія сталі атрымліваць мабілізацыйныя прадпісанні. Прадстаўнік Генштабу ў адказ на гэта заявіў:

«Гэтае прадпісанне не абмяжоўвае грамадзян у перамяшчэнні ці яшчэ ў нечым, зʼяўляецца дакументам, які гаворыць грамадзяніну, што ён у адпаведнасці са сваёй ваенна-ўліковай спецыяльнасцю, якую ён мае, замацоўваецца за канкрэтным вайсковым падраздзяленнем у канкрэтнай вайсковай часці.

Гэтыя прадпісанні выдаваліся і раней вайсковымі камісарыятамі, але ў сувязі з тым, што мерапрыемствы па зверцы цяпер праходзяць у больш кароткі тэрмін, а не на працягу года, як гэта раней рабілі вайсковыя камісарыяты, то ў нашых грамадзян склалася ілжывае ўражанне, што дадзенае прадпісанне атрымліваюць усе, хто прыходзіць у вайсковы камісарыят. Гэта няправільна. Гэтыя прадпісанні выдаюцца абмежаванай колькасці ваеннаабавязаных».

Вядоўца «СТВ» папрасіла пракаментаваць інфармацыю з інтэрнэту наконт таго, што выдача мабілізацыйных прадпісанняў можа азначаць падрыхтоўку да вайны, да наступальнай аперацыі. «Не, гэта фэйк, гэта хлусня», – заявіў Шальпук.

Шальпук таксама паведаміў, што цяпер у Рэспубліцы Беларусь заканчваецца другі этап па зверцы ўліковых даных ваеннаабавязаных. Больш за 85 % грамадзян Рэспублікі Беларусь з ліку ваеннаабавязаных гэтыя мерапрыемствы завяршылі.

Нагадаем, у лістападзе ў медыі трапіла інфармацыя, што ваенкаматы ў Беларусі пачалі замаўляць друкаванне дзясяткаў тысячаў бланкаў мабілізацыйных загадаў, якія мусяць быць вырабленыя да 31 снежня 2022 года.

Пазней, у снежні, зʼявілася інфармацыя, што некаторыя беларусы, якія прыйшлі ў ваенкаматы для «зверцы ўліковых дадзеных», атрымліваюць мабілізацыйныя прадпісанні. У прадпісаннях гаворыцца, што ў выпадку абвяшчэння мабілізацыі ў краіне ён абавязаны будзе на працягу 38 гадзін, не чакаючы павесткі з ваенкамата, прыйсці з пашпартам, вайсковым білетам, рэчамі і запасам ежы на содні на мабілізацыйны пункт па ўказаным у прадпісанні адрасе або ў ваенкамат.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў