Суд у Гаазе пачынае слуханні паводле пазову Украіны супраць Расеі


Міжнародны суд ААН у Гаазе 18 верасня пачынае слуханні паводле пазову Украіны супраць Расеі, пададзеным Кіевам адразу пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ў лютым мінулага года. Судовыя слуханні ў справе працягнуцца да 27 верасня.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
Фота: Anadolu Agency

Пазоў быў накіраваны за парушэнне Канвенцыі аб генацыдзе. У ім улады Украіны патрабуюць прыцягнуць Маскву да адказнасці за скажэнне паняцця «генацыд» для апраўдання нападу на Украіну.

«Міжнародны суд, галоўны судовы орган ААН, праводзіць публічныя слуханні паводле папярэдніх пярэчанняў, выказаных Расейскай Федэрацыяй у справе, якая датычыцца абвінавачванняў у генацыдзе ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго (Украіна супраць Расейскай Федэрацыі: умешваюцца 32 дзяржавы)», – гаворыцца ў рэзюмэ суда.

Раней Расея заяўляла, што спрабавала перадухіліць генацыд на ўсходзе Украіны. Аднак улады Украіны адпрэчылі гэтае сцвярджэнне, заявіўшы, што Канвенцыя ААН аб генацыдзе ад 1948 года не дапускае ўварвання з мэтаю перадухілення генацыду.

Слуханні пройдуць з 18 да 27 верасня. У першы дзень выступіць расейскі бок, 19 верасня слова дадуць Украіне, затым суд выслухае прадстаўнікоў яшчэ больш як 30 дзяржаваў, якія падалі заявы аб удзеле ў справе. Сярод іх – Нямеччына, Аўстрыя, Славаччына, Чэхія, Бельгія, Эстонія, Фінляндыя, Ірландыя, Аўстрыя, Люксембург, Швецыя, Балгарыя, Канада і Аўстралія.

Між тым Расея сцвярджае, што Міжнародны суд ААН не мае юрысдыкцыі ў гэтай справе, бо канвенцыя не рэгулюе прымянення сілы паміж дзяржавамі.

У сакавіку 2023 года, на 21-ы дзень вайны ва Украіне, у Міжнародным судзе ААН у Гаазе заяўлялі, што Расея павінна неадкладна спыніць ваенныя дзеянні на тэрыторыі Украіны.

Hавiны
Міжнародны суд ААН пастанавіў, што Расея павінна спыніць вайну ва Украіне
2022.03.16 19:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў