Як нямецкі Франкфурт-на-Одэры (амаль) замяняе мне родны Пінск

Свой ад’езд з Беларусі я ўяўляла інакш. Я думала, што буду паляваць за рэдкімі распродажнымі квіткамі Белавіі Берлін-Менск-Берлін і прыязджаць дадому з вялікімі валізкамі, поўнымі ўсялякіх замежных радасцяў.

Від на нямецкі горад Франкфурт-на-Одэр з вышыні.
Фота: Ральф Ролечек / commons.wikimedia.org

Дома мы б пілі пеністае, разгортвалі падарункі, абмяркоўвалі б, хто памёр, а хто нарадзіўся. Спустошаныя валізкі я б зноў напаўняла рознымі лекамі, сыркамі, згушчонкамі, ільнянымі прасцінамі, беларускамоўнымі кніжкамі ці што там яшчэ прынята было вазіць. Абавязкова б здзяйсняла набег на салоны прыгажосці за манікюрамі, педыкюрамі, пілінгамі. Не забывала б пра стаматалагічныя паслугі і татуіроўкі. Карацей, прадуктыўна б ездзіла, па-жыццёваму мудра, – як усе. З сённяшняга пункту здаецца, што магчымасць прайсціся па набярэжнай Пінску і ціхенька варкатаць сабе радкі з, крый Божа, Земфіры, якія пра «до свидания, мой любимый город, я почти попала в хроники твои» страчана на нявызначаны тэрмін.

Праз немагчымасць прыязджаць у роднае гняздо ў Беларусі, свой іншы Пінск я знайшла ў Нямеччыне, і імя яму – Франкфурт-на-Одэры. У іх шмат агульнага. Напрыклад, гэты горад таксама стаіць на шырокай рацэ. Яго набярэжная зʼяўляецца асноўным месцам павольных прагулак і раптоўных сустрэч. І там, і там рака, падобна, не зʼяўляецца важным транспартным вузлом, і толькі рэдкія баржы з камянямі або пяском праплываюць па ёй, хіба ў бліжэйшыя вёскі. Можна купіць білет на прагулачны катар і паглядзець на наваколле з вады, а не з сушы. Узровень экалагічных праблем, думаю, таксама можна параўнаць. Калі ў раёне ракі Прыпяць хітрыя меліяратары актыўна асушвалі балоты, не думаючы аб экасістэме, то ў раку Одэр нядаўна невядомыя злілі атрутныя адходы, і куча рыбы паўсплывала дагары брухам.

Рака стварае атмасферу, але справа не толькі ў рацэ, а яшчэ, напрыклад, у рытмах жыцця. І ў Пінску, і ў Франкфурце-на-Одэры атрымліваецца замарудзіцца, заземліцца, і замест Менска-Берлінскай гонкі з бясконцым спісам справаў раптам атрымоўваецца проста шпацыраваць і разважаць на вечныя экзістэнцыяльныя пытанні з разраду хто я, дзе я, навошта я. Адказы, дарэчы, знаходзіць зусім не абавязкова – дастаткова проста пабыць сам-насам з гэтымі пытаннямі, і ўжо трошкі палягчэе. Нядаўна, напрыклад, я сядзела на лавачцы каля ракі і цэлых паўгадзіны вышывала партрэт палітвязня анархіста. На гэтыя паўгадзіны час перастаў існаваць. Свяціла сонца, па рацэ баржа везла нейкія камяні – і я адчувала сябе зусім шчаслівай.

Кажуць, Пінск стаіць на месцы, нікуды ён не знік. Пляжы «Сабачка» і «Залатыя пяскі» яшчэ існуюць, арган у касцёле працуе, і нават знакаміты «Пінскі снікерс» з арэхамі або разынкамі па-ранейшаму можна купіць у «Залатым коласе». Гэтая стабільнасць мне на руку, бо аднойчы я планую вярнуцца туды – так, як я пра гэта ўжо не раз фантазіравала. Пінск, я сумую! Франкфурт-на-Одэры, дзякуй, што гатовы на час даць прытулак дівчине з Полісся, якая вечна спяшаецца.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў