«За падзеямі сачу 15 гадзінаў за дзень»: як беларусы ставяцца да нападу Расеі на Украіну


Дзень 24 лютага падзяліў на да і пасля жыцці мільёнаў людзей, у тым ліку беларусаў. На дзень пачатку вайны ва Украіне ў Беларусі практычна зачышчаныя незалежныя медыя і грамадскі сектар, у краіне ўжо хутка два гады не спыняюцца рэпрэсіі, а на тэлебачанні пануе прарасейская прапаганда. Каб высветліць, як беларусы ставяцца да вайны і адкуль бяруць інфармацыю пра баявыя дзеянні, мы паразмаўлялі з прадстаўнікамі розных прафесіяў і ўзростаў.

Вынікі сацыялагічнага апытання сярод беларусаў пра стаўленне да вайны. Крыніца: chathamhouse.org

Спачатку адразу адзначым, што на стаўленне да вайны ўплываюць:

  • геаграфія (чым бліжэй да Расеі, тым большы ўплыў расейскай прапаганды і падтрыманне Пуціна. Самыя прарасейскія, згодна з даследаванні, – Аршаншчына, Шклоўшчына, агулам Магілёўшчына. Найменш прарасейскіх настрояў у Гарадзенскай вобласці і на Палессі);
  • памер мясцовасці (у вёсках пануе тэлевізар, адсюль і прарасейская павестка);
  • узрост беларусаў (чым старэйшыя асобы, якія большую частку жыцця пражылі ў Савецкім Саюзе, тым больш пашыраныя прарасейскія погляды).

Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, агулам Пуціна падтрымліваюць 12–13 % беларусаў (звычайна такія асобы ў спрэчках пра вайну кажуць, што «не ўсё так адназначна»). Аднак падкрэслім: незалежна ад таго, хто які бок падтрымлівае, абсалютная большасць беларусаў супраць вайны як такой і ўдзелу ў ёй Беларусі. Ніхто не хоча адпраўляць туды ваяваць сваіх унукаў, дзяцей, братоў.

Ілюстрацыйны здымак. Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Цікавае назіранне: з пачатку вайны ва Украіне па беларускіх і расейскіх тэлеканалах у Беларусі без перапынку паказваюць старыя савецкія ваенныя фільмы 1940–60-х гадоў з рамантызацыяй вайны і савецкага гераічнага мінулага. Па расейскіх каналах паказваюць сучасныя фільмы і серыялы пра расейскіх сілавікоў: напрыклад, «Запаведны спецназ». Там яны, натуральна, паказваюцца ў вобразе герояў. Тэлепраграма з тым, што паказваюць насамрэч у эфіры, не супадае. Забаўляльныя праграмы не выходзяць увесь гэты час. Затое расейскія каналы запускаюць нібыта патрыятычныя спецпраекты, прысвечаныя гераізацыі Савецкага Саюзу (напрыклад, «Час герояў»).

Больш дэталёва пра настроі адносна вайны мы паразмаўлялі з васьмю гарадзенцамі. Апытанне праводзілася ананімна для іхнай бяспекі.

Настаўніца ў школе, 36 гадоў

«Я даведалася пра напад Расеі на Украіну ад сябра, які сказаў, што бамбяць Харкаў. Падумала, што гэта жарт. Каля 9:00 зайшла ў Telegram і ўбачыла – усё праўда, пачалася вайна. Манітору навіны цягам дня, як толькі ёсць час, з беларускіх незалежных медыяў у Telegram, а таксама па ўкраінскіх медыях, які параіла адна фатографка з Марыупалю. Не магла адарвацца ад навінаў асабліва ў першыя дні: было страшна, што расейцы возьмуць Кіеў.

Ілюстрацыйны здымак. Ірпінь, Украіна. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Не магу сказаць адназначна, што сталася прычынаю гэтай вайны. Думаю, галоўная прычына – хворая свядомасць прэзідэнта Расеі. Раней я лічыла Пуціна чалавекам з розумам, а не вар’ятам, які будзе ахвяраваць дабрабытам і рэпутацыяй сваёй краінай ды пойдзе з вайною на краіну-суседку. Гэта немагчыма нічым апраўдаць. Нашыя дзяды і прадзеды з трох краінаў разам ваявалі супраць Гітлера, а цяпер Расея нападае на Украіну і спрабуе ўцягнуць у вайну Беларусь. Дасюль мне гэта незразумела. Адзінае, як гэта можна патлумачыць: Пуцін – чалавек з хвораю псіхікай альбо вельмі моцна дэзынфармаваны тым, што адбываецца ва Украіне. Магчыма, менавіта дэзынфармацыя прывяла да такой «вызваленчай» спецаперацыі. Але гэта не аперацыя, гэта адназначна вайна. І мне вельмі баліць, што ў яе ўлезла Беларусь як краіна-агрэсар, а не краіна, якая дапамагае Украіне.

Разам з тым, мне не сорамна за тое, што я беларуска. Так, стаўленне ўкраінцаў да нас змянілася, але за тое, што Беларусь уцягнутая ў вайну, вінаваты толькі адзін чалавек – Лукашэнка.

У асяроддзі маіх сяброў і знаёмых большасць на баку ўкраінцаў і называюць гэтую нібыта «спецаперацыю» вайною, спачуваюць украінцам, дапамагаюць ім чым могуць. Але ёсць непаразуменні з роднымі старэйшага пакалення – бацькамі, сваякамі. Мяркую, таму, што яны людзі яшчэ савецкай загартоўкі, прызвычаіліся верыць таму, што кажуць улады, што кажуць па тэлевізары. Адчуваецца такое стаўленне: ты маладзейшая за нас, нічога не ведаеш і не разумееш, а мы ведаем, бо мы старэйшыя. Вельмі цяжка размаўляць з імі пра гэта. З людзьмі сталага веку я стараюся наагул не кранаць гэтай тэмы, бо бачу, што іх не пераканаць. А вось сябры і знаёмыя аднаго са мной узросту ўсе на адной са мною хвалі.

Пакуль ваенныя дзеянні і санкцыі мы на сабе асабліва не адчулі. Але ёсць страх, што мужа выклічуць на зборы, бо ён вайсковаабавязаны. І ёсць страх, што праз вайну давядзецца з’ехаць з Беларусі, а мы гэтага вельмі не хочам. Нам тут яшчэ новую краіну будаваць трэба».

Прадпрымальнік, 36 гадоў

«Пра напад Расеі на Украіну я даведаўся са стужкі ў Facebook. Галоўнаю прычынаю лічу імперскае мысленне кіраўніцтва Расеі. Гэта адназначна вайна РФ супраць незалежнай дзяржавы. Краіны-суседкі мусяць падтрымліваць адна адну, а не ваяваць.

Тое, што Беларусь аказалася ўцягнутая ў гэтую вайну як суагрэсар, – вынік неразвязанай праблемы ў 2020-м. Тыя, хто мог хоць нейкім чынам перадухіліць гэта, альбо сядзяць за кратамі, альбо з’ехалі з краіны.

У маім асяроддзі 90 % называюць падзеі ваенным злачынным нападам. Але ёсць людзі, якія з разуменнем ставяцца да замежнай палітыкі Расеі, пры гэтым асуджаючы вайну.

Вайна паўплывала на мяне перш за ўсё эмацыйна. Таксама моцна ўдарыла па бізнесе. Некалькі чальцоў маёй каманды былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі».

Айцішнік, 35 гадоў

«Я даведаўся пра напад Расеі на Украіну ад жонкі і не паверыў. Зайшоў у інтэрнэт, і ён ужо проста разрываўся ад навінаў. Першая рэакцыя – шок: няўжо Пуцін ужо настолькі адарваўся ад рэальнасці, што вырашыў зрабіць такі бяздумны ўчынак? Цяпер кожны дзень пачынаецца з прагляду навінаў у інтэрнэце, у кожную вольную хвіліну – усе думкі толькі пра гэта.

Ілюстрацыйны здымак. Спартовы комплекс пераўтварыўся ў сховішча для перасяленцаў. У кожнай з дзвюх вялікіх залаў зарганізавалі ў сярэднім па 200 месцаў для размяшчэння. Ужгарад, Украіна. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: СГ / Белсат

Прычыну вайны бачу ў двух фактарах. Першы – тое, што Пуцін цалкам адарваўся ад рэальнасці, жыве ў сваім свеце і хоча ўпісаць сваё імя ў гісторыю. Але па выніку ён не ўпісаў імя ў гісторыю, а сам уляпаўся ў яе, і вельмі моцна. Другое – імперскія замашкі кіраўніцтва Расеі, якія былі заўсёды. Ніводная краіна побач з ёю не можа жыць спакойна праз гэта. Беларусы ж аказаліся закладнікамі гэтай сітуацыі, бо Лукашэнка мусіць аддаваць даўгі Пуціну.

У нашай камандзе на працы мы абмяркоўваем тое, што адбываецца. Усе разумеюць, як гэта называецца і да чаго гэта можа прывесці. Адценні могуць быць рознымі, але ўсе адназначна асуджаюць вайну».

Работнік аднаго з прадпрыемстваў

«Асноўная крыніца інфармацыі для мяне – каналы Матолькі і Nexta, адтуль і даведаўся пра напад Расеі на Украіну. За падзеямі сачу 15 гадзінаў за дзень. Казаць аб прычынах нападу можна доўга, бо ніякіх абʼектыўных прычынаў няма. Бачу толькі спробы некалькіх чалавек задаволіць свае нейкія шызафрэнічныя амбіцыі. Таму гэтую бойню і вайною назваць цяжка: куча замбаваных або падманутых славянаў адпраўленыя на зямлю іншых славянаў разбураць іхныя дамы і забіваць іхных дзяцей. Пра ролю Беларусі і беларусаў у гэтай сітуацыі пасля жніўня 2020 года разважаць не бяруся. І, на жаль, абмяркоўваць ваенныя дзеянні ў маім асяроддзі ўжо бессэнсоўна. За рэдкім выключэннем засталіся толькі людзі, якія баяцца ў найлепшым выпадку за сваю сямʼю, а ў асноўным – за сваю кішэню. З нагоды санкцыяў: вядома, гэта ўплывае як на побыт мяне і маёй сямʼі, так і на дзейнасць арганізацыі, у якой я працую, але гэта пакуль не крытычна».

Працаўніца аднаго з прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці

«Пра вайну атрымліваю інфармацыю праз інтэрнэт, таксама ёсць родныя ў Запарожжы. Праглядаю навіны вельмі часта, калі маю вольны час, амаль кожную гадзіну. Прачынаюся і ўначы.

Гэтая вайна пачалася найперш праз жаданне кіраўніцтва Расеі дасягнуць сваіх мэтаў: шлях да Крыму, асабістыя фантазіі Пуціна наконт вялікай Расеі ды ягонай ролі ў гэтым. У агульным сэнсе прычына вайны – канфлікт усходняй цывілізацыі з усім, чаго яна не разумее, няздольнасць пры гэтым рэальна ацэньваць свае магчымасці.

Тое, што адбываецца, – жудасная, крывавая, нічым не абгрунтаваная бойня, у якой Расея не шкадуе не тое што чужых, але і сваіх грамадзянаў. Беларусь і беларусы – на баку Украіны. Тыя, хто падтрымлівае ўдзел нашай краіны ў гэтым, для мяне не могуць так называцца. Абсалютная большасць маіх знаёмых супраць вайны.

Цяжка маральна ў першую чаргу. Санкцыі пакуль істотна не паўплывалі, але гэта не за гарамі. Рыхтуемся да гэтага, але галоўнае, каб скончылася вайна. Больш душа баліць па загінулых, чымся за сябе».

Працаўнік на дзяржаўным прадпрыемстве, 50 гадоў

«Даведаўся пра пачатак вайны з Telegram-каналу «Белсату». Сачу за навінамі ў Telegram і YouTube кожную вольную хвіліну, некалькі разоў за гадзіну. Гэтая вайна сталася магчымая праз імперскія амбіцыі пуцінскай Расеі. Мы, беларусы, не агрэсары, мы самі акупаваныя. Ваенныя дзеянні і санкцыі ўжо адчувальныя: растуць кошты, таннее рубель, памяншаецца рэальны заробак. Але Украіна абавязкова пераможа. Веру ў гэта. Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: Беларускія добраахвотнікі Украіны / Facebook

Працаўнік на прадпрыемстве, 52 гады

«Пра падзеі ва Украіне даведваюся найперш з Telegram, а таксама тэлебачання – гляджу «Euronews». Тое, што адбываецца, – гэта спроба акупаваць Украіну. І Беларусь з яе рэжымам выступае ў ролі пасобніка расейскіх акупантаў. Роля ж большасці беларусаў – супрацьдзеяць злачыннаму рэжыму і дапамагчы народу Украіны. На працы стаўленне да вайны адмоўнае. Але працаваць стала маральна складаней, асабліва калі сустракаеш людзей, якім усё роўна».

Выхавальніца ў дзіцячым садку, 56 гадоў

«Спачатку спрабавала глядзець навіны пра вайну па тэлебачанні. Але дачка ў першы ж дзень сказала выключыць і больш не ўключаць тэлевізар. Спрабую знаходзіць навіны ў інтэрнэце, але там столькі інфармацыі, часта супрацьлеглай, што галава ідзе кругам. Дапамагаюць арыентавацца ў падзеях дзеці. Ведаю адзінкавых асобаў, якія проста не вераць у тое, што Расея бамбіць Кіеў, жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў: кажуць, што гэта фэйк, не можа такога быць.

Я не магу ніяк зразумець, навошта Пуцін пачаў вайну, дзеля чаго. Жылі, кожны развіваўся ў сваёй краіне. Цяпер жа падаем у глыбокі Савецкі Саюз, у найгоршыя яго гады дэфіцыту. Не хочацца зноўку праз гэта ўсё праходзіць.

На працы вайну публічна ніхто не абмяркоўвае, толькі паміж сабою. З маёй напарніцай, як пачынаем пра гэта размаўляць, не можам стрымацца, плачам. Ніводная мэта, якою б яна ні была, не каштуе жыццяў людзей. Страшна і балюча за тое, што адбываецца».

Hавiны
Расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін: Пуціну – канец, а Украіна выстаіць
2022.03.17 18:00

СП belsat.eu

Стужка навінаў