Ціханоўская на парадку дня. Чаму я прагаласую

Зварот Святланы Ціханоўскай да беларускага народу 18 сакавіка гэтага года ёсць за што крытыкаваць. І можна крытыкаваць. І, імаверна, варта было б пакрытыкаваць. Але я не буду гэтага рабіць.

Цягам тыдня я, нарэшце, разбяруся, як працуе платформа «Голас» (так, я мамант з даайцішнай эры, калі хочаце – апошняе пакаленне «саўка») і аддам свой голас за тое, пра што мяне папрасіла Святлана Георгіеўна.

Гэта трэба зрабіць. І я ўпершыню прашу сваіх чытачоў зрабіць гэты далёка не бессэнсоўны крок.

Hавiны
Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы
2021.03.18 12:13

Ён не дадасць легітымнасці спадарыні Ціханоўскай, бо ўзровень ейнай легітымнасці праяўляецца ўстаўленні да яе міжнародных арганізацыяў і замежных палітыкаў. Да яе адносяцца – ужо – як да паўнамоцнага прадстаўніка беларускага грамадства: яна трапіла ў сусветны парадак дня разам з Беларуссю. І мой голас, на жаль, не зробіць яе ўжо заўтра прэзідэнтам маёй краіны.

Светлана Тихановская
Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Але мой голас акрэсліць: паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў ААН такім не ёсць, бо не ўяўляе мяне, калі кажа пра сто тысячаў чытачоў Ціханоўскай у Twitter. Ён пацвердзіць: экс-кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў хлусіць, калі кажа, што пратэст садзьмуўся, бо пратэст не на вуліцах, а ў галовах. Ён прымусіць членаў камісіяў рэферэндуму, на якім плануецца праціснуць лукашэнкаўскую Канстытуцыю, памятаць: нас шмат, а значыць, фальсіфікаваць вынікі гэтага галасавання без паўтарэння супрацьстаяння жніўня 2020 года будзе немагчыма.

Чыста тэарэтычна Святлана Ціханоўская можа колькі заўгодна казаць пра гэта ў сваіх зваротах да нас і ў сваіх гутарках з паўнамоцнымі прадстаўнікамі заходняй супольнасці. Але каб пацвердзіць гэта, ёй сёння патрэбныя нашыя галасы.

Так атрымалася: я не галасаваў 9 жніўня, бо лічыў гэта бессэнсоўным крокам.

Цяпер гэта не бессэнсоўна. Цяпер гэта неабходна.

Гэта не азначае, што я веру ў канчатковую абвешчаную мэту – быццам Лукашэнка рэальна пойдзе на перамовы з Ціханоўскаю. Пры любых пасярэдніках і любым складзе дэлегацыяў. Ён наагул, з майго гледзішча, цяпер не здольны ні на адзін хоць трохі асэнсаваны крок, акрамя ўвядзення ваеннага становішча. Але гэта не азначае, што абвешчаная мэта не можа скарэктавацца ў вачах кожнага, хто думае пра будучыню краіны. Можа і мусіць. Мы павінныя яе скарэктаваць. Але крок пры гэтым застанецца тым жа.

Святлана Ціханоўская і Эманюэль Макрон сустрэліся ў Вільні.
Фота: тэлеграм-канал «Пул Первой»

Ціханоўская – усяго толькі жывы інструмент для дасягнення гэтай будучыні. Няхай яна не крыўдуе на мяне. Гэта гістарычная роля, якая выпадае не кожнаму палітыку. Імя Святланы Ціханоўскай ужо ўпісанае ў нашую гісторыю. І колькасць галасоў, пастаўленых намі пад старонкаю, на якой яно ўпісанае, узмоцніць эфектыўнасць выкарыстання гэтага інструмента.

І я, скептык, які звыкся за апошнія гады крытыкаваць беларускую апазіцыю і моцна псаваў гэтым нервы і ёй, і самому сабе, з аптымізмам думаю цяпер, што супраць гэтага калектыўнага кроку мне нарэшце няма чаго запярэчыць. Я магу толькі вітаць і здзейсніць гэты крок разам з усімі. Бо гэта крок ад прорвы, у якую штурхаюць нас тыя, хто нічога, акрамя гвалту і грамадзянскай вайны, прапанаваць ужо не ў стане.

Меркаванні
Галасаванне як дапаможнік па рэвалюцыі
2021.03.18 16:58

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў