Колькасць загінулых у выніку землятрусаў у Турцыі і Сірыі перавысіла 45 тысяч чалавек


Колькасць ахвяраў аднаго з самых разбуральных землятрусаў за апошнія дзесяцігоддзі ў Турцыі і Сірыі ўжо перавысіла 45 тысяч чалавек, перадае Аljazeera. Аднак колькасць загінулых прадаўжае расці па меры разбору завалаў.

Наступствы землятрусу ў Турцыі. Фото: dw_turkce / Twitter

Раніцай 18 лютага міністр унутраных спраў Турцыі Сулейман Сойлу заявіў, што знойдзены целы 39 672 загінулых, пацярпелі 105 505 чалавек. Ён таксама заявіў, што пошукава-выратавальныя работы па большай частцы завершаны. Больш за 84 тысяч будынкаў былі разбураныя.

Апошнія звесткі аб загінулых у Сірыі былі 17 лютага, тады гаварылася аб больш як 5800 загінулых: 1414 на тэрыторыях, якія кантралююцца ўрадам, і каля 4400 – на тэрыторыях пад кантролем апазіцыі.

Аднак праз 12 дзён пасля трагедыі пад заваламі ратавальнікі да гэтага часу знаходзяць тых, хто выжыў. Так, 17 лютага, праз 278 гадзін пасля катастрофы з-пад завалаў будынку ў горадзе Дэфне ратавальнікі знайшлі жывога 45-гадовага мужчыну Хакана Ясінаглу.

У пацярпелым рэгіёне 17 лютага яшчэ працавалі 29 тысяч ратавальнікаў з розных ведамстваў, у тым ліку 11 тысяч тых, хто прыехаў дапамагаць з іншых краінаў. Раніцай 18 лютага стала вядома, што ўсе беларускія ратавальнікі, якія дапамагалі разбіраць завалы, вярнуліся з Турцыі на радзіму.

Нагадаем, 6 лютага на паўднёвым усходзе Турцыі адбылося два землятрусы магнітудай больш за сем балаў. Першае адбылося ў 04:17 па мясцовым часе магнітудай 7,7 бала і ў 13:24 – 7,6 бала. Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган аб’явіў у Турцыі агульнанацыянальную жалобу па ахвярах стыхійнага бедства.

Разбуральны землятрус адчулі і ў суседніх краінах, у тым ліку, у Сірыі, Ліване, грэчаскім Кіпры і Іраку.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў