У катастрофе ў Браварах пад Кіевам загінулі 14 чалавек. Верталёт упаў ля дзіцячага садка


Пад Кіевам у авіякатастрофе ранкам 18 студзеня загінулі міністр унутраных справаў Украіны і ягоны намеснік, а таксама прынамсі адно дзіцё, агулам – 14 чалавек. Верталёт упаў непадалёк дзіцячага садка ў спальным раёне. Прычынаў трагедыі пакуль не называюць.

Месца падзення верталёту ДСНС ля дзіцячага садку ў Браварах, у якім ляцела кіраўніцтва МУС Украіны. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Днём на месцы трагедыі намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнка і начальнік галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласці Андрэй Небытаў правялі брыфінг для медыяў, на якім прысутнічалі і карэспандэнты «Белсату».

На момант брыфінгу ратавальнікі пацвердзілі смерць 18 асобаў, сярод іх – трох дзяцей, але пазней удакладнілі, што загінулі 14 асобаў, сярод якіх адно дзіцё. 25 чалавек пацярпелі, сярод іх 11 дзяцей.

Пацярпелыя стаяць ля машыны хуткай дапамогі ў Браварах, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Машыны экстраных службаў на месцы падзення верталёту. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У ліку загінулых міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі, ягоны першы намеснік Яўгеній Енін і дзяржаўны сакратар МУС Юрый Лубковіч. Імёнаў іншых загінулых пакуль не называюць. Таксама вядома пра больш за 20 пацярпелых, у тым ліку дзяцей, якія трапілі ў лякарні, некалькі чалавек – у рэанімацыю. На жаль, гэтыя лічбы могуць быць неканчатковымі, ДСНС працягвае разбор завалаў.

«Я думаю, усе разумеюць, што ранак, бацькі вялі дзяцей у садок, і дзеці таксама… хтосьці на вуліцы быў, хто быў у садку», – адзначыў Кірыла Цімашэнка адносна таго, што пакуль цяжка сказаць, хто загінуў.

У верталёце было 9 чалавек, папярэдне лічыцца, што ўсе загінулі. Астатнія пацярпелыя – дзеці і дарослыя, якія былі ў дзіцячым садку і каля яго. Дзяцей эвакуявалі з садка, перавезлі ў іншае памяшканне. На момант, калі гэта казалі, інфармацыі пра зніклых без вестак не было: дзяцей пералічвалі, звязваліся з роднымі.

Агароджаная тэрыторыя дзіцячага садку, ля якога ўпаў верталёт ДСНС. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Месца падзення верталёту ДСНС ля дзіцячага садку ў Браварах, у якім ляцела кіраўніцтва МУС Украіны. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аб прычынах трагедыі пакуль не кажуць: разглядаюцца ўсе версіі. Шэраг выданняў адзначаў, што ў гэты дзень быў туман. Андрэй Небытаў сказаў, што высновы рабіць зарана, а аб’ём следчых дзеянняў будзе вялікі. Ён таксама папрасіў усіх, хто бачыў палёт, звяртацца ў паліцыю праз нумар 102 або да мясцовых паліцыянтаў, бо верталёт працяглы час ляцеў на нізкай вышыні.

Служба бяспекі Украіны, якая распачала расследаванне, раней паведамляла, што разглядае некалькі версіяў, у ліку якіх парушэнне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасць і наўмысныя дзеянні для знішчэння транспартнага сродку.

Жанчыны ўскладаюць кветкі ля стыхійнага мемарыялу ля дзіцячага сада. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Паліцыя праводзяць устанаўленне асобаў, загінулых у выніку падзення верталёта на тэрыторыі дзіцячага сада. Бравары, Кіеўская вобласць, Украіна. 18 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Верталёт з чыноўнікамі ляцеў у адзін з гарачых пунктаў, у зону баявых дзеянняў. Іншых падрабязнасцяў пра палёт не раскрываюць. Паводле папярэдніх звестак, шрубалёт належаў ДСНС. Яго мадэль пакуль не называюць.

Структуры МУС і ДСНС, нягледзячы на трагедыю, працягваюць працу, запэўніў Цімашэнка.

Спачуванні блізкім загінулых выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, а таксама шэраг еўрапейскіх лідараў, у тым ліку старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.

Мясцовыя жыхары аб падзенні верталёта

Мясцовыя жыхары падзяліліся з карэспандэнтам «Белсату» перажываннямі першых хвілінаў пасля падзення верталёту.

«Была адна дому, жыву на восьмым паверсе, а вокны выходзяць на дзіцячы садок. Такі быў моцны гул, што я думала ляцяць звышгукавыя ракеты, нібы над нашым дахам пранёсся [верталёт]. Зразумела, што нешта здарылася, калі па кватэры ўсё пачало «хадзіць» ад ударнай хвалі. Адразу вылецела на балкон, а там усё ў агні. Пасля гэтага бягом апранацца і з дому ўцякаць, не магла знаходзіцца там. Толькі зараз, праз 3 гадзіны, вярнулася», – расказала Вольга.

«У нас другі паверх, садок проста насупраць. Пачула гул, нібы трактарны роў, і адразу адчыніла акно. Быў вельмі моцны туман і раптоўна як ірванула, мяне аж адкінула назад. Слуп агню і я крычу: дзеці гараць, дзеці гараць! Хапаю паліто і на вуліцу, з розных дамоў таксама выбеглі людзі. Нашыя мужчыны як рынуліся туды, дыхаць не было чым, але ратавалі дзяцей. Мой былы вучань, сусед, прабег усе кабінеты саду, пытаючыся, ці застаўся яшчэ нехта жывы. Але сказаў, што ўбачыў толькі цела абгарэлага пілота і разам з ім чорную скрыначку. І вось усё гэта – насупраць маіх вокнаў, насупраць школы, дзе я працую. Збіралася ж да 9-ай ісці на ўрок, а калі б туды патрапіла? Колькі б дзяцей загінула», – падзялілася Антаніна.

belsat.eu

Стужка навінаў